Асалода ад жывой музыкі

“Гісторыя блюза з Аляксандрам Цыганком” пашырае фармат.
“Гісторыя блюза з Аляксандрам Цыганком” пашырае фармат.

Пачаўшыся ў адным з мінскіх клубаў, гэты праект хутка перасягнуў фармат сталічнага мерапрыемства. Вечары гісторыі блюза з поспехам прайшлі ў Гомелі, Гродне, Віцебску.

Праект — гэта серыя канцэртаў-прэзентацый гісторыі блюза з дэманстрацыяй слайдаў і відэа, а таксама жывой музыкай у выкананні Аляксандра Цыганка і музыкантаў, спецыяльна запрошаных на такія вечары. Кожная серыя прысвечана асобнаму напрамку блюза або канкрэтным асобам, якія адыгралі ключавую ролю ў яго развіцці і станаўленні.

Як заяўляюць арганізатары, мэта праекта — папулярызацыя блюза і ў цэлым жывой музыкі. Аляксандр Цыганок — лідэр гомельскай групы Al Narrator Orchestra, адзін з найбольш паважаных блюзменаў. Ён іграе блюз і жыве блюзам больш за 20 гадоў. У гэтым праекце Аляксандр Цыганок выступае не толькі як музыкант, але і як музыказнаўца і гід па гісторыі блюза.

Перад гледачамі адкрываецца дзівосная карціна станаўлення гэтага музычнага жанру і яго развіцця: ад зараджэння да нашых дзён. Пры гэтым вядучы развенчвае розныя міфы і памылковыя ўяўленні пра блюз.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter