Асалода — ад генія Коласа

На радзіме Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне адбылося рэспубліканскае свята паэзіі “Мой родны кут, як ты мне мілы...”, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння песняраУ родны кут Якуба Коласа ў гэты раз з’еха-ліся: творчая эліта рэспублікі, прадстаўнікі дыпламатычных колаў, міністэрстваў культуры і інфармацыі, Мінскага абласнога выканаўчага камі-тэта і землякі пісьменніка, сярод іх літаратары — Стаўбцоўшчына дала Беларусі 125 паэтаў і пісьменнікаў.

Свята паэзіі шыкавала ў сядзібах “Акінчыцы”, “Альбуць”, “Смольня”, дзе працуюць філіялы Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і ў Мікалаеўшчыне, ля помніка песняру. Яно на самай справе шыкавала, хоць і пад парасонам. Мясцовыя ўлады, аддзел культуры Стаўбцоўскага райвыканкама папрацавалі, каб абнавіць музейныя экспазіцыі, прыбраць сядзібы, арыгінальна скласці праграму фэсту. І госці гэта ацанілі. Свой паэтычны настрой ля мікрафонаў ля філіялаў літаратурнага музея Якуба Коласа на яго радзіме выказвалі паэты Уладзімір Скарынкін, Казімір Камейша, Алесь Мазур, Рыгор Сакалоўскі, Яўген Хвалей, Уладзімір Мазго, Навум Гальпяровіч, Мікола Маляўка, літаратуразнаўца  Міхась Шавыркін, намеснік дырэктара інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Валерый Максімовіч, краязнаўца Алесь Карлюкевіч, рускія паэты з Санкт-Пецярбурга са сваімі перакладамі вершаў Коласа і многія іншыя. Тут працавалі выставы творчасці, пелі самадзейныя калектывы Стаўбцоўшчыны. Можна было пачаставацца блінамі з верашчакай і прыгадаць коласаву “Раніцу ў нядзельку”.
На сцэне Старасвержанскага цэнтра культуры Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі імя Іосіфа Жыновіча, Нацыянальны дзяржаўны хор імя Цітовіча, лепшыя салісты Міншчыны, узорны харэаграфічны ансамбль “Лявоначкі” Стаўбцоўскага дома культуры.
Намеснік міністра культуры Валерый Гедройц як падзею ў культурным жыцці краіны ацаніў рыхтуемае 20-томнае выданне поўнага збору твораў Якуба Коласа, убачылі свет ужо два тамы. Да юбілею Якуба Коласа выдатны падарунак зрабіў паэт Валерый Стралко — пераклаў паэму “Новая зямля” на ўкраінскую мову. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы ўручыў старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Уладзіміру Місько гэта новае выданне.
Самым шаноўным госцем на гэтым свяце, канешне, быў малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Доктар “сухіх” тэхнічных навук, ён, без сумнення, узяў ад бацькі і паэтычны дар. Так артыстычна чытаць на беларускай мове зможа не кожны дэкламатар. Зала пасылала Міхасю Канстанцінавічу свой паклон апладысментамі.
У тым што радзіма Паэта сапраўды здольная натхняць на вершы, удалося пераканацца самым нечаканым чынам. Начальнік аддзела культуры Мінскага аблвыканкама Анатоль Акушэвіч замест празаічнага адказу на пытанне карэспандэнта аб свяце выдаў раптам рыфмаваны экспромт:
Беларускае, мудрае,
шчырае слова,
Не стрымаць паэтычнага
голасу.
Асалода на сэрцы
ад матчынай мовы,
Асалода — ад генія Коласа!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter