Попался с "пауком": как мы вместе с природоохранниками ловили браконьеров

Асаблівасці нацыянальнага палявання

З пачатку года ў краіне ўступіў у дзеянне ўказ Прэзідэнта, які карэкціруе прававое рэгуляванне ў сферы паляўніцтва. Так, гэтым дакументам прадугледжана павелічэнне тэрмінаў дзеяння дазволу на нашэнне і захоўванне паляўнічай зброі з трох да пяці гадоў, а таксама даведкі аб стане здароўя, што патрабуецца для атрымання гэтага дазволу, з аднаго да пяці гадоў. Скасавана картка ўліку парушэнняў да дзяржаўнага пасведчання на права палявання. Прыняты дадатковыя меры для рэалізацыі пуцёвак праз інтэрнэт. Павялічыўся тэрмін палявання на лася-сяголетка — да 31 студзеня, на плямістага аленя можна будзе паляваць яшчэ і летам. Спрошчаны парадак афармлення дакументаў пры гібелі або траўміраванні паляўнічай дзікай жывёлы ў ДТЗ. Чакаецца, што гэтыя і іншыя меры паспрыяюць эфектыўнасці вядзення паляўнічай гаспадаркі, а таксама зробяць паляванне больш даступным і простым для многіх аматараў. Вось толькі браканьерам ніякай палёгкі не будзе. Як і заўсёды, прырода нашай краіны застаецца пад пільным наглядам супрацоўнікаў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Амаль штодня яны праводзяць палявыя мерапрыемствы, как абараніць прыроду. Да аднаго з такіх рэйдаў далучылася і карэспандэнт «Р».

Наваколле дзяржінспектары аглядаюць праз магутныя біноклі.

Пляск сцюдзёнай вады

Увагу браканьераў, а значыць і дзяржінспектараў, нязменна прыцягвае рака Свіслач. На ўсёй яе плошчы можна сустрэць не толькі заўзятых рыбакоў, але і тых, хто карыстаецца забароненымі прыладамі для лоўлі, часцей за ўсё «павуком», або «забываецца» выпусціць злоўленых сома ці наліма, здабываць якіх зараз нельга. Акрамя таго, абапал яе берагоў раскінуліся палі і хмызнякі, дзе могуць знайсці здабычу паляўнічыя. На зайца, куніцу, андатру паляваць можна да 31 студзеня, на бабра — да 31 сакавіка, а вось сезон здабычы вадаплаўнай птушкі ўжо закончыўся.

Увесь бераг каля вёскі Сініла Мінскага раёна зрэзаны сцежкамі і дарожкамі. Дзе-нідзе яны такія слізкія і пралягаюць так блізка ад ракі, што здаецца, вось-вось скоцішся ў шэрую сцюдзёную ваду. Мікалай Кручкоў і Аляксандр Лопін, старшыя дзяржінспектары аператыўнага аддзела Мінскай абласной інспекцыі, уважліва вывучаюць сляды на снезе, а заадно прыслухоўваюцца, ці не грымне дзе-небудзь стрэл: качак тут хапае. Але вакол пануе цішыня.

Крыху ніжэй па цячэнні мясцовыя жыхары ходзяць на зайца. І хоць здабыча беляка зараз дазволена, але і яна патрабуе нагляду: нярэдка заяц — толькі прыкрыццё, а ў патранташы ляжаць патроны на больш буйную жывёлу ў надзеі самавольна працягнуць тэрмін палявання на лася ці касулю. Гэта ўжо сур'ёзнае парушэнне. Пры наяўнасці пуцёўкі на зайца можна застрэліць толькі прадстаўніка відаў, колькасць якіх трэба рэгуляваць, — ваўка, лісіцу, янотападобнага сабаку.

На лясной дарозе пакінулі сляды чалавек і сабака. Выпадковых прахожых тут зімой не бывае, значыць, гэта паляўнічы. Я ламлюся праз лес, як той кабан, а інспектары ўважліва азіраюцца:

— Нярэдка на пушных і капытных звяроў ставяць металічныя петлі з дроту, — тлумачыць Мікалай Кручкоў. — І калі капканы як прылады палявання яшчэ дапушчальныя пры захаванні вызначаных правілаў, то металічныя петлі адназначна не па законе. Гэта спосаб варварскага і жорсткага забойства!

Сляды на снезе не падманулі: у нізіне за лесам сустракаем паляўнічага. Убачыўшы інспек­тараў, ён не хвалюецца, наадварот, ветліва вітаецца. Дарэчы, так паводзіць сябе большасць законапаслухмяных паляўнічых: яны разумеюць, што праца інспектараў патрэбная і важная. Усе дакументы ў парадку, патронаў з карцеччу ці кулямі няма.

— Выйшаў на зайца, але пакуль ніводнага на бачыў, толькі сляды, — гаворыць Аляксандр, паляўнічы з вялікім стажам. — Ну нічога, заадно сабаку выгуляю. Навошта мне тая карцеч — непрыемнасці ў кішэні насіць? Я ўжо не ў тым узросле, каб хавацца, уцякаць, нервавацца.

«Павук», ці пад'ёмнік, — забароненая прылада для лоўлі рыбы.

Малады эстонскі ганчак кру­ціцца вакол, але блізка не пады­ходзіць, насцярожана пазіраючы на чужакоў.

— Вось бачыце, — паказвае на дарогу Аляксандр, — тут прайшоў бяляк, а за ім — ліса.

На развітанне інспектары рэкамендуюць паляўнічаму азнаёміцца з новымі правіламі. Той кажа, што з большага іх ужо прагледзеў і вельмі задаволены павелічэннем тэрміну дзеяння дазволу на нашэнне і захоўванне зброі: нядаўна падоўжыў яго, і бліжэйшыя пяць гадоў можна не турбавацца.

«Хацеў парыбачыць на жыўца»

За вёскай Лешніца інспектары аглядаюць у бінокль берагі Свіс­лачы і адразу насцярожваюцца: напера­дзе чалавек з пад'ёмнікам. Вось толькі здалёк незразумела, стаіць ён на нашым беразе ці на супрацьлеглым. Аляксандр з вадзіцелем скіроўваюць на машыне на мост, а мы з Мікалаем, прыгінаючыся, бяжым па полі. І хто навыкопваў тут столькі канаў? Цераз адну перакінута слізкая хісткая кладачка, цераз другую, а цераз трэцюю няма. Мікалай пераадольвае яе адным скачком, а я спыняюся: канава даволі шырокая і яўна глыбокая, ва ўсялякім разе вада вышэй за мае боты. На супрацьлеглым беразе не то цвердзь, не то трава. Але не заставацца ж адной у чыстым полі, пакуль на беразе ловяць браканьера! Была не была! Сігаю праз канаву — і, зразумела, нага саслізгвае па траве і зрываецца ў ваду. У боце становіцца мокра, але пакуль яшчэ цёпла. Нічога не зробіш, трэба бегчы.

Немалады мужчына з пластыкавым вядром узброены маля­вачнікам — адзіным відам пад'ёмніка, выкарыстанне якога дапускаецца ў нашай краіне. Ім ловяць малькоў для нажыўкі. Даўжыня аднаго боку малявачніка не павінна перавышаць метр, а памер вочка — 10 міліметраў. Буйная рыба з такога з лёгкасцю выскачыць. Не, гэта не браканьер, дарэмна толькі ў канаву правалілася…

Перш чым прыступіць да афармлення дакументаў, інспектары вымяраюць прыладу.
Вада з бота выліта, шкарпэткі адціснуты — рушым далей па беразе. Здаецца, браканьеры тут бываюць: дзе-нідзе ўмацаваны падстаўкі яўна больш трывалыя, чым патрэбна для вуды. Але на свежым снезе слядоў няма. Калі і быў тут хтосьці, то не сёння.

А вось кіламетры праз паўтары натыкаемся на мужчыну з «павуком» — і гэта не малявачнік! Пад'ёмнік значна большы, з двайным палатном.

— Малька лавіў, ды не тым, чым трэба… — апраўдваецца парушальнік. — Хацеў на Мінскім моры парыбачыць на жыўца.

Злавіць ён нічога не паспеў, але парушэння гэта не адмяняе: нават захоўванне прылад для незаконнай лоўлі рыбы — сетак, «павукоў», «тэлевізараў» — караецца законам.

Перш чым прыступіць да афармлення дакументаў, інспектары вымяраюць прыладу: 143 на 143 сантыметры, дробных вочак — 20 міліметраў, буйных — 40. Пад'ёмнік канфіскуюць, а яго гаспадара чакае штраф у памеры не менш за 20 базавых велічынь — гэта вырашыць суд. Добра яшчэ, што дома ў яго больш ніякіх забароненых прылад не знайшлося.

У Лагойскім раёне інспектарам трапіліся два паляўнічыя, якія не мелі дакументаў аб аплаце дзяржаўнай пошліны за прадас­таўленне права на паляванне.

Па новых правілах закрываць дазвол на здабычу дзікіх паляўнічых жывёл нарміраванага выгляду стала прасцей: з'явілася магчымасць выпраўляць памылковыя запісы ў дазволе на здабычу звера. Але папярэдне трэба паведаміць пра іх на тэлефон даверу дзяржінспекцыі і толькі потым уносіць змяненні.

ДАРЭЧЫ

У спіс паляўнічых відаў уключаны шакал. Для яго здабычы дастаткова дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць знаходжання ў паляўнічых угоддзях.

ЛІЧБА

За тыдзень з 4 па 10 студзеня ў краіне праведзена 129 палявых мерапрыемстваў, падчас якіх выяўлена 109 парушэнняў.

nevmer@sb.by

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter