Наша сям’я маладая, але згоды ў ёй ужо няма. Няма ў нас і дзяцей. У скасаванні шлюбу мне бачыцца прадумова новага жыцця. Якія ёсць асаблівасці ў гэтай працэдуры?
Вера П., г. Мінск

Магчыма, факт скасавання шлюбу і можна ўспрымаць як збавенне ад шэрагу псіхалагічных праблем. Але перш за ўсё з`яўляецца юрыдычным фактам (акалічнасцю, з надыходам якой нормы права звязваюць пэўныя прававыя наступствы). Напрыклад, заканадавец устанавіў права ўласніка жылога памяшкання патрабаваць высялення былых членаў сям`і, якія не маюць долі ў праве ўласнасці на жылое памяшканне, у выпадках, устаноўленых заканадаўствам.
Скасаванне шлюбу ажыццяўляецца органамі загса або судом. Не сакрэт, што скасаванне шлюбу ў судовым парадку больш працяглая працэдура. Гэта звязана з асаблівасцямі разгляду дадзенай катэгорыі спраў. Напрыклад, у агульным парадку патрабаваннямі закона аб прадастаўленні мужу і жонцы трохмесячнага тэрміну для прыняцця мер да прымірэння, а таксама для дасягнення пагаднення аб агульных непаўналетніх дзецях і падзеле маёмасці, з магчымасцю адкласці разгляд справы для прызначэння мужу і жонцы дадатковага тэрміну для прымірэння і інш., уступленнем у законную сілу рашэння суда.
Спынімся больш падрабязна на некаторых асаблівасцях рэгістрацыі скасавання шлюбу ў органах загса: у якіх выпадках магчыма скасаванне шлюбу, тэрмінах ажыццяўлення і іншых пытаннях.
Рэгістрацыя скасавання шлюбу ў органах загса з`яўляецца адміністрацыйнай працэдурай. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з п. 5.6., п.5.6-1 главы 5. Пераліку адміністрацыйных працэдур, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.04.2010 г. № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян» (далей – Пералік).
Рэгістрацыя скасавання шлюбу ажыццяўляецца органам загса на падставе:
1) сумеснай заявы мужа і жонкі аб рэгістрацыі скасавання шлюбу па ўзаемнай згодзе, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчкі аб маёмасці (артыкул 35-1 Кодэкса аб шлюбе і сям`і Рэспублікі Беларусь);
2) рашэння суда, якое ўступіла ў законную сілу да 1 верасня 1999 г., па сумеснай заяве мужа і жонкі або заяве аднаго з іх аб рэгістрацыі скасавання шлюбу.
Разгледзім у якасці падставы для рэгістрацыі скасавання шлюбу сумесную заяву мужа і жонкі аб рэгістрацыі скасавання шлюбу па ўзаемнай згодзе, якія не маюць агульных непаўналетніх дзяцей і спрэчкі аб маёмасці (артыкул 35-1 Кодэкса).
1. Шлюб лічыцца спыненым з дня рэгістрацыі скасавання шлюбу.
2. Толькі адначасовая наяўнасць умоў (а менавіта ўзаемная згода, адсутнасць непаўналетніх дзяцей, спрэчак аб маёмасці) дазваляе скасаваць шлюб у органах загса.
3. Не прадугледжаны тэрмін для прымірэння, бо гэта супярэчыць умовам скасавання шлюбу ў органах загса.
4. Скасаванне шлюбу па дадзенай падставе прадугледжвае ўмоўную падведамнасць суду.
Адсутнасць згоды мужа ці жонкі з`яўляецца падставай для разгляду патрабаванняў у судовым парадку. Пры гэтым у іскавай заяве неабходна ўказваць аб адсутнасці згоды адказчыка на скасаванне шлюбу органам, якi рэгiструе акты грамадзянскага стану, у парадку арт. 35-1 Кодэкса аб шлюбе і сям`і Рэспублікі Беларусь.
5. Скасаванне шлюбу ажыццяўляецца па заканчэнні аднаго месяца з дня падачы сумеснай заявы аб скасаванні шлюбу (ч. 2 артыкула 35-1 Кодэкса).
П. 5.6-1 Пераліку вызначае максімальны тэрмін ажыццяўлення працэдуры: ва ўзгоднены мужам і жонкай дзень, але не раней за 1 месяц і не пазней за 2 месяцы з дня падачы заявы.
6. Прадугледжана плата за рэгістрацыю скасавання шлюбу, уключаючы выдачу пасведчанняў. Устаноўлены адзіны памер, ён не ставіцца ў залежнасць ад таго, паўторны або першы шлюб скасуецца.
7. У адпаведнасці з ч. 2 артыкула 224-1 Кодэкса аб шлюбе і сям`і рэгістрацыя скасавання шлюбу ажыццяўляецца ў прысутнасці мужа і жонкі.
8. У выпадку немагчымасці яўкі ў орган загса для рэгістрацыі скасавання шлюбу мужа альбо жонкі рэгістрацыя можа быць праведзена ў адсутнасць аднаго з іх, калі ад аднаго з іх будзе прадстаўлена заява аб рэгістрацыі скасавання шлюбу ў яго адсутнасць. Пры гэтым сапраўднасць подпісу на заяве засведчваецца натарыусам або службовай асобай,
якой у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь прадастаўлена права ажыццяўляць натарыяльныя дзеянні.
З ПРАКТЫКІ. Падача сумеснай заявы мужам і жонкай і немагчымасць яўкі мужа ці жонкі для рэгістрацыі ва ўзгоднены тэрмін пры адсутнасці заявы аб рэгістрацыі шлюбу ў аднаго з іх, адсутнасць, заканчэнне максімальнага тэрміну ажыццяўлення працэдуры прыводзяць да немагчымасці рэгістрацыі скасавання шлюбу.
9. Рэгістрацыя скасавання шлюбу ў органах загса праз прадстаўніка не дапускаецца (п. 8 Палажэння аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакументаў і (або) даведак органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, зацверджанага пастановай Савета Міністраў 14.12.2005 № 1454 (у рэд. ад 22.11. 2014).
Ажыццяўленне рэгістрацыі скасавання шлюбу ў органах загса не з`яўляецца перашкодай для падзелу маёмасці мужа і жонкі пры ўзнікненні такіх спрэчак у будучыні.
Такім чынам, рашэнне аб скасаванні шлюбу павінна быць абдуманым, узважаным, паколькі факт скасавання шлюбу цягне пэўныя юрыдычныя наступствы незалежна ад органа, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць вырашэнне пытання.