Народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін адзначае 70-годдзе

Асабiстая справа Уладзiмiра Гасцюхiна

Народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін не любіць інтэрв`ю, юбілейныя — не выключэнне. Сам пра гэта не раз гаварыў, прызнаваўся, што ўсяляк імкнецца ад іх увільнуць і вельмі рады, калі абставіны гэтаму спрыяюць. Вось і цяпер незадоўга да 10 сакавіка і свайго 70-годдзя паляцеў з Мінска па прычыне вельмі ўважлівай — выклікалі на здымкі, акцёр ён запатрабаваны. А і сапраўды, што можа быць лепш, чым ад-значыць круглую дату на здымачнай пляцоўцы.

Словам, пра спробы напрасіцца на юбілейнае інтэрв`ю прыйшлося забыць. Але ж адно кіно ад журналісцкай увагі знакамітага акцёра выратавала, затое другое своечасова падаспела. Тэлеканал АНТ 12 сакавіка ў 13.30 пакажа новы, сёлетняй вытворчасці дакументальны фільм «Яна яго за пакуты пакахала...». У ім Уладзімір Гасцюхін раскажа пра сваё «закрытае» жыццё, пра тое, як ішоў да прафесіі, пра каханне і здрады. Дапоўняць экранную «асабістую справу» акцёра яго жонка, сябры, калегі і нават аднакласнікі.

Напярэдадні прэм`еры «Р» пацікавілася паваротамі сюжэта.

У сваім загарадным доме за 180 кіламетраў ад Мінска Гасцюхін часта бывае адзін: падоўгу гуляе па лесе, уздоўж прыгожага возера, катаецца на лыжах, займаецца боксам і па некалькі гадзін парыцца ў лазні, як сам гаворыць, выпарваючы з сябе ўвесь навакольны свет, усе гэтыя ўсмешкі і размовы, стомленасць і чужую нядобразычлівасць.

Электрык, дворнік, мэбельшчык — да таго як усміхнулася акцёрская ўдача, Уладзімір Гасцюхін паспрабаваў усе гэтыя прафесіі. Пасля інстытута ўладкаваўся рэквізітарам у Тэатр Савецкай Арміі з надзеяй, што, як толькі з`явіцца месца ў трупе, яго возьмуць. Не прапускаў ніводнага спектакля, па начах вучыў ролі. Але чаканне зацягнулася на доўгія чатыры гады. І раптам лёс дорыць увод на адну з роляў у спектаклі, захварэў яе выканаўца. А неўзабаве пасля ўдалага дэбюту яркага і таленавітага новага акцёра заўважылі кінарэжысёры. З таго часу пачаўся яго галоўны раман. З кінематографам.

Уладзіміру Гасцюхіну было 18, калі ў аўтакатастрофе трагічна загінула маці. Яна так і не ўбачыла вялікага поспеху сына на экране, але ўсё ж паспела пераканацца, што ён, колішні вядомы на ўвесь Свярдлоўск хуліганісты Гасцюха, дзякуючы захапленню тэатрам збочыў з небяспечнай дарожкі, абраў свой правільны жыццёвы шлях. З першай спробы, нягледзячы на велізарны конкурс, паступіў у тэатральны інстытут у Маскве і быў адным з лепшых студэнтаў, выдатнікам. Яе не стала, калі ён толькі скончыў першы курс.


У знакамітага на ўсю краіну «дальнабойшчыка» Гасцюхіна з дарогай звязаны і другія трагедыі. Пасля аўтамабільнай аварыі памёр блізкі сябар і зямляк Уладзімір Мулявін. Яшчэ адзін родны па духу чалавек — кінааператар Уладзімір Калашнікаў быў збіты машынай. Аўтамабільная аварыя забрала жыццё яго «другой маці» — рэжысёра Ларысы Шэпіцька. Менавіта пасля фільма Шэпіцька «Узыходжанне» паводле аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў» пра Гасцюхіна, які сыграў там здрадніка Мікалая Рыбака, загаварылі як пра выдатнага акцёра. Пасля прэм`еры ў 1977 годзе карціна стала вызначальнай у яго кар`еры.


Асабістае жыццё акцёра складвалася драматычна. З сем`яў ён сыходзіў, пакідаючы жонкам усё, што зарабіў, — ужо народны артыст, Гасцюхін не меў сваёй уласнай кватэры і быў вымушаны жыць у інтэрнаце «Беларусьфільма». Пра гэта Уладзімір Васільевіч раскажа сам, нічога не ўтойваючы.

У яго выраслі тры дачкі. Старэйшая, Ірына, ад першага шлюбу, жыве ў Маскве. Дачка Маргарыта, ад другой жонкі, працуе на нашай кінастудыі грымёрам. Ёсць і пазашлюбная — Аляксандра, у сям`і яе завуць Асяй, у гонар маці Уладзіміра Васільевіча. Ася з`ехала жыць у Амерыку.


Уладзімір Гасцюхін і яго трэцяя жонка, актрыса Ала Проліч, працуюць у адным тэатры. Гэта мінскі Тэатр-студыя кінаакцёра. Гасцюхін ставіць спектаклі як рэжысёр. І выходзіць з Алай на сцэну як акцёр. Паміж імі няма саперніцтва і рэўнасці. Разам на сцэне і ў жыцці яны ўжо больш за 20 гадоў. У фільме пакажуць унікальныя кадры з сямейнага архіва Гасцюхіна: вячэра з дзецьмі, адпачынак з жонкай, відэа са здымачных пляцовак яго карцін.

Дарэчы, летась у жыццё Гасцюхіна ўвайшла зусім новая роля. Ён стаў дзедам. Унучку яму падарыла старэйшая дачка.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter