Асабістая памяць.

Ці хопіць для таго, каб нашы дзеці ведалі праўду аб вайне, школьных экскурсій і ўрокаў гісторыі?

Ці хопіць для таго, каб нашы дзеці ведалі праўду аб вайне, школьных экскурсій і ўрокаў гісторыі?

Нядаўна са сцяны Брэсцкай крэпасці нейкія недавяркі скралі мемарыяльную дошку. Выпадак для нашага грамадства не “звычайны”, не “тыповы”, хутчэй — шакіруючы. Пацверджанне таму — шматлікія водгукі на нашым сайце пасля публікацыі невялікай інфармацыі аб тым злачынстве. Чытачы абураліся, прапаноўвалі жорстка пакараць тых, хто замахнуўся на памяць, разважалі аб маралі і выхаванні... “Пэўна, тыя, хто дошку скраў, ніколі не былі ў самой крэпасці менавіта як у мемарыяле, проста не ведалі, як тут пакутавалі і гінулі людзі, як яны мужна змагаліся, знемагаючы ад спёкі, голаду і смагі. Інакш наўрад ці ў іх, якімі б “прапашчымі” яны ні былі, паднялася б рука на такое”, — напісаў у рэдакцыю настаўнік з Магілёва Мікалай Супрановіч.

З гэтага ліста вынікае сапраўды вельмі цікавае і надзённае на сённяшні дзень пытанне: што наша моладзь, нашы дзеці ведаюць пра тую вайну? Я не маю на ўвазе школьныя ўрокі, школьныя мерапрыемствы, якія, канешне, даюць плён, але, згадзіцеся, нярэдка ўспрымаюцца дзецьмі як нешта ледзь не прымусовае, а значыць, і не надта вартае ўвагі. Я аб тым, ці ўспамінаем мы пра тую вайну па-за школьнымі ўрокамі? Ці яна адыходзіць у нябыт разам з прадзедамі і прабабулямі, якія пяшчотна пазіраюць на нас ужо не з вокнаў — з помнікаў на могілках ды з фотаздымкаў у схаваных на паліцах альбомаў?

З вуснаў міністра адукацыі нядаўна прагучала слушная прапанова скласці спіс памятных месцаў краіны, дзе за адзінаццаць гадоў навучання павінен пабываць кожны беларускі школьнік. Несумненна, у гэты спіс увойдуць і Брэсцкая крэпасць, і Хатынь, і Курган Славы... І гэта будзе вельмі добрая, патрэбная ўсім нам справа... Але, выбачайце за настойлівасць, я зноў за сваё: ці правільна гэта — чакаць, пакуль пра тую вайну дзіцяці раскажа школа? А самім абмежавацца (у лепшым выпадку) набыццём для сына камп’ютарнай гульні “ў вайну” і растлумачэннем кшталту: “вось гэта — нашы”?

Але ж вайна была, калі падумаць, зусім нядаўна — нейкіх семдзесят гадоў назад — усяго два пакаленні да яе. І была не дзесьці далёка — тут, на гэтай зямлі. І нам, дарослым, пашчасціла пачуць пра вайну непасрэдна ад тых, хто яе перажыў і — выжыў. І ў кожнай сям’і ёсць свая вельмі простая і чалавечая гісторыя (унукі маёй мамы, напрыклад, ужо з дзяцінства ведаюць пра тое, як немец страляў у столь над галовамі, — думаў, там партызаны, а пацяруха са столі засыпала ёй з братам вочы, і яны некалькі дзён нічога не бачылі)... У кожнай сям’і на гэтай зямлі ёсць яшчэ званы Хатыні, звонкая цішыня Брэсцкай крэпасці, дзе рэхам адбіваецца кожны крок, велічная вышыня Кургана Славы, сотні іншых помнікаў, да якіх можна прыйсці і прывесці дзяцей, не чакаючы, пакуль гэта зробіць школьная экскурсія.

...Аднойчы ад супрацоўнікаў нашага Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў давялося пачуць вельмі паказальную, на мой погляд, гісторыю. Дзесьці ў канцы 90-х яны павезлі ў Мюнхен выставу трафейных, захопленых нашымі салдатамі фотаздымкаў, якія самі фашысты рабілі на акупіраванай тэрыторыі. Выстава жудасная: нелюдзі, не саромеючыся, пазіравалі на фоне ўласнаручна спаленых хат, закатаваных людзей. Раптам адна пажылая жанчына ледзь не страціла прытомнасць ля аднаго фота: у каменданце Оршы, зазнятым на фоне павешаных партызан, яна пазнала ўласнага бацьку...

А ўся драма гэтага выпадку была ў тым, што паважаная фрау, якая пагадавала ўжо сваіх унукаў, усё жыццё пражыла ва ўпэўненасці, што тата быў дарожным інжынерам і займаўся на вайне выключна тым, што рамантаваў падарваную партызанамі чыгунку, а пасля ад рук гэтых самых партызанаў, бедны, і загінуў, хоць сам нават зброі ніколі ў руках не трымаў. Ва ўсякім разе, так ёй расказвала маці, і бацька ў яе вачах быў заўсёды калі не героем той вайны, дык дакладна яе бязвіннай ахвярай.

Жанчына з разгубленай надзеяй пытала ў арганізатараў выставы: можа, гэта недарэчная памылка — тое, што на фота? Але імя і прозвішча нацыста супадалі, дый факты былі больш чым красамоўныя: аказалася, персанаж на здымку — адзін з васямнаццаці асабліва жорсткіх фашысцкіх бонзаў, што лютавалі на тэрыторыі Беларусі, якіх судзілі “па гарачых слядах” летам 1944-га ў толькі што вызваленым Мінску. І ўвесь судовы працэс здымаўся на кінаплёнку, і кінаплёнка тая ў нашым архіве захавалася.

Фрау — мужная жанчына! — тую плёнку захацела паглядзець. Яна прыехала ў Дзяржынск (архіў знаходзіцца там), яе адвялі ў кіназалу, запусцілі праектар і пакінулі адну. Праз дзве гадзіны яна выйшла адтуль прыгаломшаная і адзінае, што змагла сказаць: “Вы ўнікальны народ, калі змаглі дараваць такое”...

Я, уласна, дзеля чаго гэту гісторыю прыгадала? Праўда і памяць аб той вайне, па сутнасці, нікому, акрамя нас, асабліва і не патрэбныя, іх там, на захадзе, дзе зараз спрабуюць вучыць нас, як жыць, часта не ведаюць і ведаць не надта хочуць. А гісторыя вучыць, што паўтарэнне самых яе жудасных падзей пачынаецца менавіта з забыцця. Значыць, і помніць, і адказваць за тое, каб той жах ніколі не апанаваў больш зямлю, — нам, і тым, хто гуляе на камп’ютары “ў вайну”, “абараняючы” Брэсцкую крэпасць, але не ведаючы яшчэ, што яна сапраўды ёсць на гэтай зямлі.

Але ж яны даведаюцца, праўда? І пра яе, і пра Хатынь, і пра Курган Славы. Мы павязём іх туды, раскажам, пакажам, самі яшчэ раз нешта важнае для сябе ўспомнім. Ні сабе, ні ім не дазволім забыцца. Мы проста не маем такога права.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter