Артысты-аматары сустрэнуцца ў Маладзечне

Як паведаміў «Р» начальнік Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Тадэвуш Стружэцкі, сёння ў Беларусі працуюць звыш 4 тысяч аматарскіх тэатральна-драматычных калектываў. З іх каля 250 маюць ганаровыя званні народных і ўзорных. А адзін – драматычны тэатр «Відарыс» Барысаўскага гарадскога Палаца культуры — носіць пачэснае званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, у якасці госця ён запрошаны ў Маладзечна, дзе сёння, 28 кастрычніка, адкрываецца ІІІ Рэспубліканскі фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні». Удзел у ім прымуць больш як дзесяць лепшых самадзейных калектываў з Беларусі, а таксама госці з Расіі і Літвы. У праграме — пастаноўкі п’ес сучасных беларускіх і замежных аўтараў, класіка, казкі. Разам з тым у рамках фестывалю адбудуцца паказ спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы «Я не пакіну цябе» і творчая сустрэча з народнымі артысткамі Беларусі Марыяй Захарэвіч, Наталляй Гайдай, заслужаным артыстам рэспублікі Уладзімірам Мішчанчуком. У ходзе фестывалю запланавана таксама работа творчай лабараторыі, удзельнікі якой абмяркуюць стан, тэндэнцыі і перспектывы развіцця самадзейнага тэатральнага мастацтва ў Беларусі. Фестываль аматарскіх тэатраў працягнецца да канца тыдня. Спектаклі і ігру самадзейных акцёраў ацэніць кампетэнтнае журы. Пераможцаў, як і належыць, чакаюць памятныя прызы і каштоўныя падарункі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter