Артыст без грошай — не артыст?

Вопыт мінулых конкурсаў сведчыць: каб увайсці ў тройку пераможцаў на “Еўрабачанні”, трэба патраціць мільёны долараў

Вопыт мінулых конкурсаў сведчыць: каб увайсці ў тройку пераможцаў на “Еўрабачанні”, трэба патраціць мільёны долараў

Дзясяты раз наша краіна будзе ўдзельнічаць у самым прэстыжным песенным конкурсе на кантыненце. За гэтыя гады нашы суайчыннікі толькі два разы змаглі выбіцца ў фінал. Нагадаю, гэта былі Дзмітрый Калдун і гурт “3+2”. Дзіма вывеў Беларусь на пяты радок у рэйтынгу “Еўрабачання-2006”, а мужчынска-жаночы гурт, што спяваў песню, напісаную вядомым расійскім кампазітарам і прадзюсарам Максам Фадзеевым, у фінале вялікага поспеху не дасягнуў. У чым жа справа? Як толькі ні спрабуюць беларусы злавіць сваю птушку шчасця на “Еўрабачанні”, нічога не атрымліваецца. Сёлета вырашана, што выбіраць канкурсанта трэба значна раней, каб быў час на падрыхтоўку і рэкламу. Аб тым, якія метамарфозы яшчэ адбыліся з нацыянальным адборам на “Еўрабачанне”, даведалася карэспандэнт “НГ”.

Як расказала намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала “Беларусь 2” Вольга Шлягер, затраты на арганізацыю адбору плануецца скараціць і пайсці па шляху большасці краін-удзельніц “Еўрабачання”, якія праводзяць яго даволі сціпла.

Выдаткі, звязаныя з удзелам выканаўцаў у праекце і конкурсе (у прыватнасці, стварэнне фанаграмы і аранжыроўкі, пастаноўка нумара, падрыхтоўка сцэнічных касцюмаў), на гэты раз будуць аплачвацца самімі выканаўцамі або іх прадзюсарамі. Белтэлерадыёкампанія будзе займацца толькі арганізацыяй праслухоўвання артыстаў, асвятленнем падрыхтоўкі праекта на тэлеканалах, а таксама тэлевізійнай трансляцыяй “Еўрабачання-2013”.

Фінал адбору пройдзе ў снежні. Яго трыумфатар вызначыцца шляхам падсумоўвання галасоў членаў журы і тэлегледачоў. А затым застанецца амаль сем месяцаў на тое, каб падрыхтавацца і дастойна выступіць.

Дарэчы, словы пра тое, што артысты, якія жадаюць прабіцца на песенны конкурс, павінны самі плаціць за сваю падрыхтоўку, гучалі задоўга да скандалу на фінале “Еўрафэст”. Міністр культуры Беларусі Павел Латушка ў час ток-шоу “Форум” на тэлеканале “Беларусь 1” выказваў думку пра тое, што “эстрада павінна вучыцца жыць па законах эканомікі”. Незадаволенасць артыстаў адразу адбілася на іх тварах. “Чаму на ўдзел у Алімпійскіх гульнях дзяржава выдаткоўвае сродкі спартсменам, а нам, артыстам, — не, хоць мы таксама прадстаўляем краіну на міжнароднай арэне?” — узбураліся яны ў час запісу ток-шоу.

Аднак трэба прызнаць, што большасць краін-удзельніц “Еўрабачання” даўно выйшлі на “эканамічныя рэйкі”. У Расіі і Украіне артысты, што жадаюць “прапіярыць” сваё імя на ўсю Еўропу, самі шукаюць спонсараў. Гэта было відаць і па почырку Філіпа Кіркорава, які выдаткаваў на прасоўванне маладога таленту Калдуна 500 тысяч долараў. І то скардзіўся, што грошай не хапіла. Увогуле, па розных падліках, кошт піяру артыстаў складае ад 0,1 да 2 мільёнаў долараў. Паводле неафіцыйных звестак, перамога Дзімы Білана каштавала 55 мільёнаў долараў, менавіта такую суму ўклалі ў раскрутку артыста ў Еўропе. Срэбным прызёрам таго ж “Еўрабачання” стала ўкраінская спявачка Ані Лорак, выдаткі якой склалі каля 40 мільёнаў долараў. Трэцяе ж месца дасталася спявачцы з Грэцыі Каламіры, бюджэт прасоўвання якой склаў каля 30 мільёнаў долараў. З такімі лічбамі сума на падрыхтоўку Анжалікі Агурбаш (пяць мільёнаў долараў) выглядае больш чым сціпла. Па ацэнцы Кіркорава, гэта — мінімум для поспеху.

— Нічога новага ў нацыянальным адборы на песенны конкурс няма, — адзначае дырэктар і прадзюсар гурта “Лайтсаўнд” Юрый Каракін. — Тое, што раней было “дэ-факта”, зараз стала “дэ-юрэ”. І раней на “Еўрабачанне” ад нашай краіны ехалі толькі тыя, у каго былі на гэта сродкі. Проста гэта не афішавалася. У новых правілах удзелу ў “Еўрабачанні” з’явіўся мінус: не заўсёды таленавіты артыст мае багатага прадзюсара і спонсараў. Аднак ёсць і плюс: цяпер у фіналіста з’явіцца больш творчай свабоды. Ён зможа сам вырашаць, якімі павінны быць нумар, песня, кліп, стыль артыстаў і іх паводзіны на сцэне.

А што на гэты конт думаеце вы, паважаныя чытачы?

 Заяўкі для ўдзелу ў нацыянальным адборы “Еўрабачання-2013” прымаюцца
да 22 кастрычніка.
“Еўрабачанне-2013” пройдзе ў маі ў трэцім па велічыні горадзе Швецыі Мальме.

e-mail: mara@ng.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter