Чаго ж не хапае “Беларусьфільму”?

Арт-хаўс без хаосу

Крытыкаваць адзіную дзяржаўную беларускую кінастудыю сёння не толькі модна, але і цалкам бяспройгрышна
Крытыкаваць адзіную дзяржаўную беларускую кінастудыю сёння не толькі модна, але і цалкам бяспройгрышна. Бо асноўныя айчынныя кінапоспехі часцей за ўсё звязаны з дакументальным кіно і анімацыяй, а гэтая прадукцыя, на жаль, не трапляе да шырокага гледача. А вось мастацкія фільмы, вытворчасць якіх усяляк падтрымлівае дзяржава, выклікаюць шмат пытанняў. Масавы глядач іх мала ведае. Цытаты з камедый у народ не ідуць. Ды і наогул, якія карціны, знятыя ў апошні час у самой Беларусі (калі яны не з’яўляліся часткай міжнароднага праекта) мелі шырокі грамадскі рэзананс? Мабыць, “Ваўкі” Аляксандра Колбышава і “Масакра” Андрэя Кудзіненкі. Толькі з часу прэм’еры першага з гэтых фільмаў прайшло ўжо пяць гадоў.





Чаго ж не хапае “Беларусьфільму”? Прызнання? Але, напрыклад, карціна “У тумане” Сяргея Лазніцы адзначана ў Канах узнагародай міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Стужка “Роля” Канстанціна Лапушанскага атрымала расійскую прэмію “Ніка” за лепшую сцэнарную працу. Асобныя фільмы з анімацыйнага праекта “Казкі старога піяніна” неаднаразова вылучаліся на “Залатога арла” (а фільм “І.С. Бах” атрымаў яго як лепшы анімацыйны фільм).

Не хапае адметных выканаўцаў? Але ў распараджэнні “Беларусьфільма” акцёры з лепшых айчынных тэатраў. І замежныя зоркі (пры годных ганарарах) з задавальненнем адгукаюцца на такія запрашэнні.

Праблема з выхадам на рынак? Ды толькі айчынныя фільмы і серыялы, асабліва прысвечаныя ваеннай тэме, дастаткова запатрабаваныя на постсавецкай тэлепрасторы.

На мой погляд, ёсць дзве глабальныя праблемы і яны звязаны з узроўнем працы рэжысёраў і сцэнарыстаў. Прычым з апошнімі нават у большай ступені. Бо адсутнасць выразнай драматургічнай асновы здольна “знішчыць” практычна любы фільм.

Напрыклад, нядаўна адбылася прэм’ера фільма “Прадмет захаплення” (другая назва “Павятовая драма”), знятага па апавяданнях Чэхава. Але вось незадача! Сюжэт, тыпажы выканаўцаў і агульная танальнасць былі на дзіва падобныя на знакамітую карціну савецкай эпохі “Мой пяшчотны і ласкавы звер” Эміля Лацяну. У тым фільме ззялі артысты Алег Янкоўскі, Леанід Маркаў, Галіна Бяляева. Навошта рэжысёр Алег Базыль і сцэнарыст Аляксандр Другаў стваралі кінакопію, прычым дастаткова слабую?

“Прадмет захаплення” — хутчэй прэтэнзія на арт-хаўс. Але айчынныя сцэнарысты часцяком не здольныя справіцца з больш простымі сюжэтамі. Некалькі гадоў таму на экраны выйшаў фільм Віталя Дудзіна “На раздарожжы” (рускі варыянт назвы “На перепутье”), у якім гарадская прыгажуня (яе ролю сыграла Вераніка Пляшкевіч) вымушана адправіцца па размеркаванні ў глыбінку. Але менавіта там яна знаходзіць сваё каханне і шчасце. Можна зразумець высокіх чыноўнікаў, шчыра перакананых у перавагах існуючай сістэмы працаўладкавання. Таму “На раздарожжы” — у нейкім сэнсе сацыяльны заказ. Але ж яго трэба выконваць з душой і больш цікава. Згодныя?

Нарэшце кінастудыя “Беларусьфільм” выпусціла “Белыя росы. Вяртанне” — доўгачаканую прэм’еру Аляксандры Бутар, у якой яна сабрала лепшыя акцёрскія сілы Беларусі, Расіі і Літвы. Запамінальны тандэм Юозаса Будрайціса і Віктара Манаева, харызматычныя Сяргей Жбанкоў і Андрэй Мярзлікін — здаецца ёсць усё, каб стужка спадабалася шырокаму колу кінаманаў.

Лёс карціны вырашыць пракат — ён у яе толькі распачаўся. Ва ўсякім разе прэм’ера ў “Кастрычніку” прайшла ў атмасферы цёплага дамашняга свята.

А калі ў зале з’явіўся Мікалай Карачанцаў, многія гледачы адчулі камок у горле. Таму не трэба саромецца сёння жывых эмоцый.

Дзяніс Марціновіч

denis86@tut.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter