Археолагі шукаюць і знаходзяць

Больш за дванаццаць тысяч фрагментаў керамікі і пяцьсот металічных знаходак (манеты, прылады працы, упрыгажэнні) выяўлена летась пры раскопках у гістарычным цэнтры Мінска — Верхнім горадзе
Супрацоўнікі  Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Кенька і Андрэй Вайцяхоўскі рыхтуюць знаходкі да экспанаванняБольш за дванаццаць тысяч фрагментаў керамікі і пяцьсот металічных знаходак (манеты, прылады працы, упрыгажэнні) выяўлена летась пры раскопках у гістарычным цэнтры Мінска — Верхнім горадзе.

Верхні горад Мінска — гэта комплексны помнік гісторыі, археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры XVI – сярэдзіны XX стагоддзяў. Тут захаваліся асобныя манументальныя помнікі і старадаўнія забудовы. Летась археалагічныя даследаванні ў Верхнім горадзе праходзілі ў асноўным у раёне вуліцы Кірыла і Мяфодзія — на тэрыторыі, дзе раней размяшчаліся манастыр і касцёл бернардынцаў, заснаваныя ў 1644 годзе. Комплекс манастыра ўключаў жылы корпус, школу, шпіталь, канюшню і іншыя пабудовы. У XIX ст. да касцёла былі прыбудаваны гандлёвыя рады.

Сярод найболей каштоўных знаходак, выяўленых падчас даследаванняў, — пражскі грош XIV-XV ст., а таксама гандлёвыя пломбы з выявай хрысціянскай сімволікі і княжых знакаў. Падчас раскопак было таксама знойдзена мноства фрагментаў керамічных гаршкоў, гладышоў і кубкаў. “Іх дэталёвае вывучэнне дасць нам больш поўнае ўяўленне аб тым, як быў уладкаваны побыт людзей, што жылі ў Верхнім горадзе, да прыкладу, з чаго яны елі, які быў посуд і іншыя дэталі”, — сказаў загадчык сектара археалогіі сярэднявечча Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Мядзведзеў.

Вучоны адзначыў, што вынікі археалагічных даследаванняў ужо сістэматызаваны. “На іх аснове складзеныя справаздача і план таго, як выглядалі мінскія пабудовы ў XVII–XVIII стагоддзях”, — удакладніў А. Мядзведзеў. Раскопкі ў Верхнім горадзе будуць працягнуты і сёлета.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter