Народныя традыцыі шануюць у Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага

Арэлі на Яршоўскай гары

Народныя традыцыі шануюць у Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага

Усё цяплей дні ды карацей ночы, і дзень вясновага раўнадзенства прайшоў — то пара Вясну гукаць, каб прыйшла хутчэй! Па гэтай нагодзе сабраліся беларусы Іркуцка па традыцыі на Яршоўскай гары адзначыць Гуканне Вясны.

А дзетак ад арэляў на Яршовай гары было не адцягнуць

Надвор’е стаяла цудоўнае: свяціла Сонца, неба яснае, паветра — свежае і цёплае. Вясна, як вядома, асацыюецца з жаноцкасцю, таму большасць абрадаў свята і выконваюць дзяўчаты і жанчыны. Спявалі вяснянкі з працяглым, непаўторным “У-у-у” ў канцы кожнага радка (каб абудзіць багіню Ладу), запускалі ў неба папяровых птушак — каб птушкі пералётныя хутчэй вярнуліся з выраю і прынеслі Вясну на крылах. Вадзілі карагоды, заклікаючы Сонца сагрэць наваколле, а Зямлі-матухне прынеслі ахвяру — смачную кашу ў збанку на мёдзе ды вяршках — каб ураджай летам быў багаты. Падмацаваліся ўдзельнікі свята і самі: кожны з’еў па смажаным яйку, гэткім сімвале Сонца.

Аляксей Кухта і яго сяброўкаВясна — гэта новае нараджэнне, адраджэнне Прыроды і душы чалавечай, калі ўсё жывое зноў ажывае. З тым звязаны і абрад спальвання на вогнішчы старых рэчаў: разам з імі, лічыцца, згараюць і ўсе праблемы, расчараванні ды няўдачы. Цяпер месца пад усё новае-вясновае расчышчана, і наперадзе — толькі добрае, таму трэба зноў паклікаць птушак! Усе дзяўчаты ўзялі свістулькі, флейты і іншыя прадметы, здольныя выдаваць гукі ды ўшчалі такі гучны свіст, што птушкі і ў выраі ці па дарозе ў Сібір яго пачулі.

А яшчэ свята, якое ладзілі сябры Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, было ўпрыгожанае вясёлымі танцамі і гульнямі. А дзеці гэтак радаваліся арэлям, усталяваным на час свята на Яршовай гары! Актыўна і атакавалі гушкалку ўвесь час. Між тым гайданне-разгойдванне такое — таксама абрадвая дзея, з магічна-вясновым сэнсам. І ўжо напрыканцы свята адчувалася вясна: калі не ў прыродзе, то на душы значна пацяплела. Зрэшты, мы даўно пераканаліся, шануючы народныя традыцыі: любы абрад мае вялікую сілу, асабліва ж калі ён праводзіцца асэнсавана і шчыра. Так што будзе хутка вясна і на зямлі Іркуцкай: Лада нас пачула.

Наталля Багамаз, г. Іркуцк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter