Арэхi для нашай уцехi

А для мяне яны яшчэ адзiн напамiнак аб далёкiм басаногiм дзяцiнстве

А для мяне яны яшчэ адзiн напамiнак аб далёкiм басаногiм дзяцiнстве

Канешне, арэхi ў лесе – захапленне i радасць найперш для вясковай дзетвары. Мяркую, кожны, хто нарадзiўся i правёў сваё дзяцiнства ў вёсцы, са мною пагадзiцца.

Мой узрост зусiм не такi, каб iсцi за арэхамi далёка. Дзякуй Богу, арэшнiк, цi ляшчына, як яго называюць, густа разросся на ўскрайку лесу ля нашай вёскi. Вось я на месцы, каля шырокага, разгалiстага куста. Штосьцi мiльганула ў густой лiстоце. Так i ёсць: вавёрка. Спрытна пераскочыла на суседнюю сасну, прымасцiлася ўчэпiста на галiне, зухавата пазiрае ўнiз. Дакараю сам сябе: вывёрка займаецца нарыхтоўкай арэхаў на зiму, а я спалохаў яе. Не буду перашкаджаць, крочу далей: ляшчыны тут шмат, сапраўдная «сядзiба», створаная шчодрай прыродай. Вось некалькi кустоў, спыняюся тут. Арэшнiк буйны, выгнаў свае галiны амаль да самых вершалiн бяроз.

Позiрк працiнае густую лiстоту, i мяне ахоплiвае такое ж пачуццё, як i ў далёкiм дзяцiнстве.

I зараз я поўнасцю адчуваю такое зачараванне. Перанёсся ў сваё далёкае дзяцiнства, калi ў цяжкiя пасляваенныя гады нас, вясковых хлапчукоў, асеннi лес радаваў такiмi хвалюючымi мiнутамi, частуючы смачнымi гасцiнцамi. Нарэшце акуратна нагiнаю галiну, нетаропка перабiраю яе рукамi – i з такой радасцю адчуваю, як у шурпатай лiстоце ў мае рукi трапляюць цвёрдыя арэхi.

Апрацаваўшы такiм спосабам першую галiнку, «адпускаю» яе, сам жа павiнен паспрабаваць арэхi – цi паспелi? Вiдаць так, бо шкарлупа бураватая, быццам загарэла на сонцы. I вылушчваецца з яе арэх лёгка. Раскусваю, дастаю ядро, спрабую на смак. Ну што ж, мой шматгадовы вопыт пацвярджае: на гэтым кусце, па крайняй меры, на яго вершалiне, арэхi паспелi, можна рваць. А вось на нiжнiх галiнках яшчэ «не дайшлi». Няхай патрымаюцца.

Не трэба думаць, што лясны арэх – смачны ласунак i толькi. Харчовая карысць яго выключная, бо ён утрымлiвае вялiкую колькасць тлушчаў i бялкоў, якiя надзвычай спажыўныя i лёгка засвойваюцца. Па наяўнасцi маслiчных рэчываў арэхi «вышэй», чым сланечнiк, лён i каноплi, а па бялках значна багацей за мяса, яйкi i бабы. Гэта своеасаблiвы лясны далiкатэс. Арэхавыя ядры надта смачныя свежыя, падсмажаныя, перапрацаваныя. Калiсьцi нашы вяскоўцы, якiя жылi побач з лесам i запасалi iх на зiму, цэлымi мяхамi сушылi iх у пячах, тады атрымлiвалiся так званыя калёныя арэхi.

Шмат дзе ўжываюцца ядры арэхаў у кандытарскай прамысловасцi, медыцыне, касметыцы, дыетычным харчаваннi. З iх можна прыгатаваць нават малако i слiўкi. Жмых – выдатная аснова для вырабу найлепшых гатункаў халвы. Гнуткая i моцная драўнiна ляшчыны з даўнiх часоў выкарыстоўваецца ў мэблевай вытворчасцi, з яе вырабляюць прыгожыя кульбачкi, плятуць кашы, народныя ўмельцы выразаюць прыгожыя сувенiры.

Цi нарыхтоўваюць цяпер вяскоўцы лясныя арэхi? Не, адказалi мне ў Мiнiстэрстве лясной гаспадаркi. Таму нiхто, як засведчылi ў Белспажыўсаюзе, i не звяртаецца з просьбай прыняць iх. Зусiм не тое, што раней. Канешне, шмат гадоў назад людзi, здаючы лясныя арэхi, мелi нейкую капейку. Цяпер гэты «промысел» зусiм не выгадны. Збор арэхаў — цяжкая работа, i старым вяскоўцам яна не па сiле. Ды й, на вялiкi жаль, многа каштоўнай ляшчыны знiшчана. Асаблiва ў тых лясах, дзе побач шмат садаводчых таварыстваў i дачнiкi рубяць яе для сваiх патрэб без нiякага роздуму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter