Аптымізм вялікага лірыка

Жменя радашкавіцкіх, мінскіх, вільнюскіх і варшаўскіх успамінаў пра сустрэчы і падарожжы з класікам беларускай паэзііЯкім быў Максім Танк, Яўген Іванавіч Скурко, у жыцці? У мяне ёсць сёе-тое ўспомніць. Наша знаёмства пачалося з перапіскі (сёння яна захоўваецца ў Архіве-музеі літаратуры і мастацтва), звязанай з Радашкавічамі: мясцовыя жыхары спадвеку робяць націск у гэтай назве на першым складзе. Калі я ехаў туды пасля ўніверсітэта працаваць у раённую газету, то ўжо ведаў, што будучы паэт у 1928-29 гадах вучыўся ў Радашкавіцкай беларускай гімназіі, дзе ўступіў у камсамол і далучыўся да нелегальнага руху, за што і быў адтуль выключаны. Адшукаў будынак, у якім знаходзілася вучэльня. Асмеліўся напісаць ліст Максіму Танку, каб ён прыслаў успаміны для газеты, а потым, падтрыманы мясцовым літаб’яднаннем, запрасіў яго прыехаць да нас. Калі нарэшце мы на яго машыне ехалі разам з Мінска ў Радашкавічы, ён па дарозе расказваў пра гады вучобы і што мясцовая гімназія пакінула ў яго добрыя ўражанні. Помніцца, зала ў раённым Доме культуры была паўнюткая, і пытанняў паэту задавалі шмат.
Паэт Максім Танк. Карціна мастака П. Сергіевіча. 1960 г.Жменя радашкавіцкіх, мінскіх, вільнюскіх і варшаўскіх успамінаў пра сустрэчы і падарожжы з класікам беларускай паэзіі
Якім быў Максім Танк, Яўген Іванавіч Скурко, у жыцці? У мяне ёсць сёе-тое ўспомніць. Наша знаёмства пачалося з перапіскі (сёння яна захоўваецца ў Архіве-музеі літаратуры і мастацтва), звязанай з Радашкавічамі: мясцовыя жыхары спадвеку робяць націск у гэтай назве на першым складзе. Калі я ехаў туды пасля ўніверсітэта працаваць у раённую газету, то ўжо ведаў, што будучы паэт у 1928-29 гадах вучыўся ў Радашкавіцкай беларускай гімназіі, дзе ўступіў у камсамол і далучыўся да нелегальнага руху, за што і быў адтуль выключаны. Адшукаў будынак, у якім знаходзілася вучэльня. Асмеліўся напісаць ліст Максіму Танку, каб ён прыслаў успаміны для газеты, а потым, падтрыманы мясцовым літаб’яднаннем, запрасіў яго прыехаць да нас. Калі нарэшце мы на яго машыне ехалі разам з Мінска ў Радашкавічы, ён па дарозе расказваў пра гады вучобы і што мясцовая гімназія пакінула ў яго добрыя ўражанні. Помніцца, зала ў раённым Доме культуры была паўнюткая, і пытанняў паэту задавалі шмат.
Максім Танк з унукам МаксімамПотым, ужо ў 1967-м, калі Максім Танк быў абраны старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а я ўзначаліў у ім мемарыяльную камісію, мы часта сустракаліся і ў яго кабінеце, і ў кнігарнях ды на вуліцы, абгаворвалі пытанні ўвекавечання памяці таго ці іншага пісьменніка, выдання яго твораў. А паколькі я займаўся вывучэннем беларуска-польскіх і беларуска-літоўскіх літаратурных сувязяў, то мы разам удзельнічалі і ў сустрэчах з пісьменнікамі суседніх краін.
Па запісах згадваецца, як 20 лістапада 1978 года мы адправіліся на вечар беларускай паэзіі ў Вільнюс. У адной машыне ехалі Максім Танк, Васіль Вітка і я, у другой — паэты Анатоль Вярцінскі, Аляксей Пысін і Алесь Разанаў. Калі праязджалі каля Радашкавіч, згадалі наш колішні прыезд туды. Танк расказаў, што ў час вучобы ў гімназіі жыў у двухпавярховым інтэрнаце, дзе гаспадарылі шведы-баптысты. Потым успомніў даваенныя віленскія сустрэчы з былым рэдактарам “Нашай нівы” Аляксандрам Уласавым, з сябрам Францішка Багушэвіча Зыгмунтам Нагродскім і польскім празаікам Ежым Путрамантам. Рукапісы апошняга, казаў, былі закапаны дзесьці на Лідчыне, і іх трэба было б адшукаць.
У Вільнюсе размясцілі нас у гасцініцы “Драугістэ” (“Дружба”) каля вакзала. Потым запрасілі на прыём у Саюз літоўскіх пісьменнікаў — ён размяшчаўся ля паштамта. Максім Танк узняў там тост за літоўскую паэтэсу Віялету Пальчынскайтэ. А ўрачысты вечар ладзіўся ў былым Губернатарскім (цяпер Прэзідэнцкім) палацы. Першым выступіў старшыня літоўскага пісьменніцкага саюза Альфонсас Малдоніс, за ім Максім Танк, які заклікаў часцей сустракацца і больш перакладаць адзін другога. Алесь Разанаў упэўнена чытаў свае вершы ў літоўскім перакладзе. Мне ж, вядома, было цяжка спаборнічаць з паэтамі. Таму паспрабаваў выступіць у жанры літаратуразнаўчага дэтэктыва, задаў прысутным чатыры загадкі: ці сустракаўся беларускі першадрукар Францыск Скарына з літоўскім першадрукаром Марцінасам Мажвідасам; што яшчэ, апрача “Дзядзькі Антона”, выдала ў канцы ХІХ стагоддзя літоўскае выдавецтва ў Тыльзіце (Прусія); няўжо Людас Гіра напісаў толькі адзін беларускі верш? І нарэшце: куды падзеўся архіў літоўскага сектара Беларускага дзяржвыдавецтва? Дай, Божа, самому калі-небудзь адказаць на тыя пытанні...
Назаўтра за снеданнем да нас далучыўся літоўскі публіцыст, абаронца прыроды Пяткявічус. Ён абураўся тым, што іх завод у Кедайняй катастрафічна забруджвае адходамі наваколле: ад іх, казаў, у жывёлы нават мякчэюць косці. “Цяпер ужо ніхто не асмеліцца паэтызаваць “фабрыкі дымныя і машыны”. Гэта было б негуманна”, — занатаваў я словы Максіма Танка ў адказ. Потым гаворку ён перавёў на Волгу і Енісей, дзе з’явілася “мёртвая вада”.
Перад ад’ездам па прапанове Танка ўсе з кветкамі наведалі ў бальніцы даўняга сябра беларусаў паэта Альбінаса Жукаўскаса. Ён тады трапіў ў аўтакатастрофу і ляжаў у стэрыльна чыстай палаце на Антакальнісе. Танк і Жукаўскас згадвалі даваенныя віленскія сустрэчы, сумесную нелегальную дзейнасць. “Хутчэй папраўляйцеся! — пажадаў на развітанне кіраўнік беларускай дэлегацыі. — Бо хто ж, акрамя вас, перакладзе іх новыя вершы?” — і паказаў на Пысіна, Разанава і Вярцінскага.
Максім Танк (у цэнтры) з калегамі-літаратараміА ранняй восенню 1982 года Максім Танк, хоць і аднекваўся, узначаліў дэлегацыю на Дні беларускай літаратуры ў Польшчы. Час тады быў неспакойны. У суседняй краіне было ўведзена ваеннае становішча. Адбываліся тэракты. Але ж культурныя сувязі нельга было перапыняць. У савецкім пасольстве ў Варшаве прыкінулі: будзе бяспечней правесці дні беларускай літаратуры, чым іншай рэспублікі. Але варожыя акцыі супраць нас усё ж былі: калі праходзіў вечар у Палацы культуры і навукі ў Варшаве і на сцэне гаварылася пра “агонь сапраўднай паэзіі”, над залай нейкі час гарэў сапраўдны агонь; а ў Лодзі, калі мы заходзілі ў будынак ваяводскага камітэта ПАРП, з даху паляцела нам наўздагон бутэлька з гаручай сумессю.
Нягледзячы на трывожныя абставіны, Максім Танк не губляў раўнавагі. Спакойна, нават з жартамі выступаў у Лодзі, Варшаве і асабліва на Беласточчыне, дзе яго сустракалі з авацыямі. Расказваў пра даўнія плённыя сувязі паміж суседнімі літаратурамі. З польскага боку яму памагалі празаік Ежы Путрамант, паэт Юзаф Мацей Канановіч, літаратуразнавец, аднакурснік Уладзіміра Караткевіча па Кіеўскім універсітэце Флорыян Няўважны. Польскі друк прызнаў, што Тыдзень беларускай літаратуры прайшоў паспяхова.
Аўтограф ад паэта на Днях узбекскай літаратуры і мастацтваУ тым жа 1982-м я часта, ідучы з дома ў Акадэмію навук на работу, сустракаў насупраць завода імя Арджанікідзе Максіма Танка: ён нёс малако для ўнука. Мы спыняліся, абменьваліся навінамі. Я ў той час падрыхтаваў да друку і выдаў “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча ў перакладзе на беларускую мову Браніслава Тарашкевіча. Рукапіс перакладу захаваўся ў Маскве ў яго другой жонкі. Яна спачатку даволі ахвотна аддала мне тоўстыя сшыткі, але потым, пасля выхаду кнігі, пачала патрабаваць ганарар. “Аўтарскае права, — абурыўся Яўген Іванавіч, — так доўга не дзейнічае”. Максім Танк расказваў пра невядомы мне факт: “Адразу ж пасля вайны мы з Алесем Кучарам паехалі ў Вільню па скрыні з матэрыяламі музея імя Івана Луцкевіча. Але ў касцёле святога Мікалая, дзе яны захоўваліся ў час акупацыі, іх ужо не аказалася. Нехта некага папярэдзіў. І матэрыялы засталіся ў Вільні. А трэба ж было перавезці ў Мінск! Або, у крайнім выпадку, адрадзіць музей у тых жа базыльянскіх мурах каля Вострай брамы”. Такія меркаванні Яўген Іванавіч паўтараў не аднойчы. Шкадую, што не ўсё тады занатоўваў, не збярог усе яго навагоднія віншаванні. Бо калі гаворка ідзе пра Чалавека і Паэта, як кажуць, з Божай ласкі, дробязяў не бывае.
Па маіх падліках, творы Максіма Танка цяпер перакладзены на 42 мовы. Працы і артыкулы пра яго жыццё і творчасць з’явіліся на 16 мовах, прысвечаныя яму вершы — на пяці. Сапраўды, у нашага знакамітага земляка, сёлетняга юбіляра — еўрапейская і, шырэй, сусветная вядомасць!
Даведка ГР. Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) — класік беларускай літаратуры. Нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна, непадалёк ад возера Нарач. Памёр 7 жніўня 1995 года, пахаваны ў роднай Пількаўшчыне. Знакаміты паэт­лірык, народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1974). У 1948¬67 гадах з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”, у 1967¬90¬х — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі імя Янкі Купалы, Літаратурнай прэміі імя Аляксандра Фадзеева. Вядомы ў свеце як аўтар філасофска¬лірычных твораў, якія выдавалася асобнымі зборнікамі і выходзілі ў шматтомных выданнях. Перакладаў на беларускую мову творы Уладзіміра Маякоўскага, Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Юліуша Славацкага і іншых паэтаў.

Адам Мальдзіс

У тэксце пададзены ілюстрацыі з архіваў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры
На здымках:
Паэт Максім Танк. Карціна мастака П. Сергіевіча. 1960 г.
Максім Танк з унукам Максімам
Максім Танк (у цэнтры) з калегамі-літаратарамі
Аўтограф ад паэта на Днях узбекскай літаратуры і мастацтва
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter