Как идет работа над созданием базы чересчур дорогих лекарств

Аптэчны чэк-кантроль

Больш за месяц таму новы міністр аховы здароўя Уладзiмiр Каранiк выказаўся пра магчымасць стварэння анлайн-платформы для размяшчэння інфармацыі пра лекі, якія за мяжой каштуюць у некалькі разоў танней. Штуршкі да новай ініцыятывы не прымусілі сябе доўга чакаць: ужо на працягу двух тыдняў на афіцыйнай старонцы Мiнаховы здароўя ў Facebook людзі дзеляцца інфармацыяй пра набытыя за мяжой прэпараты, кошт якіх там нашмат меншы. Пад запісам — ужо некалькі сотняў каментарыяў. Мы паглядзелі, што пішуць людзі, і выслухалі іх меркаванні.

Зараз замацаваны на старонцы ведамства запіс сабраў каля 400 каментарыяў з водгукамі, меркаваннямі і прапановамі спажыўцоў фармпрадукцыі. Акрамя гэтага, паведамленне Мінаховы здароўя ў сацсетцы рэпостнулі каля сотні чалавек. Людзі дасылаюць квіткі і фотаздымкі ўпаковак прэпаратаў, дзеляцца іх коштам у нас і за мяжой.

Людзі дасылаюць квіткі і фотаздымкі ўпаковак прэпаратаў, параўноўваюць  іх кошт у нас і за мяжой.

Напрыклад, юзер Дар’я піша, што прэпарат фенібут для паляпшэння мазгавой актыўнасці купляе ў Санкт-Пецярбургу. Там ён каштуе каля 50 расійскіх рублёў, на нашы грошы гэта каля 1,6 рубля. Сярэдняя цана таблетак на тэрыторыі нашай краiны — 10 рублёў. Атрымліваецца, кошт адрозніваецца ажно ў шэсць разоў!

А вось Алена скардзіцца на мемантынавую групу лекаў, што прымяняецца для лячэння людзей з хваробай Альцгеймера. Упакоўка палмаціну з шасцідзесяці таблетак у Польшчы каштуе 12—15 долараў (гэта каля 24—30 рублёў), у нас — у 2—3 разы даражэй.

Энтэрасарбіруючы прэпарат энтэрасгель, па паведамленні Ірыны, у нас каштуе ў сярэднім каля 40 рублёў. Цана расійскага прэпарата ў Маскве — ад 370 да 450 расійскіх рублёў, што ў пераліку на нашы грошы амаль у чатыры разы танней. Па гэткі ж прэпарат у Маскву ездзіць Ігар — у яго дзеці пакутуюць ад алергіі.

Генадзь, у сваю чаргу, спасылаецца на нямецкі прэпарат фемастон, які выкарыстоўваецца для гарманальнай замяшчальнай тэрапіі. У суседняй Польшчы яго кошт складае 22,51 злотага (каля 12 беларускіх рублёў). У нас лякарства ў той жа дазіроўцы каштуе каля 30 рублёў. Атрымліваецца, розніца дасягае 2,5 раза.

Нягледзячы на час, што прай­шоў пасля прапановы Міна­ховы здароўя пакідаць свае каментарыі пад тэматыч­ным запісам у сацсетцы, колькасць водгукаў не зніжаецца. Аднак паступова назвы лекаў пачы­наюць паўтарацца. Плануецца, што збор меркаванняў спажыўцоў наконт цэн на лекі ў нас і за мяжой працягнецца да канца жніўня. За гэты перыяд у ведамстве з’явіцца поўны спіс прэпаратаў, цэннікі на якія падпадуць пад урэгуляванне. Далей Мінаховы здароўя мае намер працягваць работу па гэтым пытанні з усімі зацікаўленымі ведамствамі.

Насамрэч зараз у каментарыях пад актуальным запісам міністэрства ўзнімаецца шмат спрэчных тэм. Адных больш цікавіць адсутнасць некаторых прэпаратаў на беларускім рынку, а не іх кошт, другія пакідаюць пад запісам скептычныя каментарыі наконт гэтай ініцыятывы, трэція задаюцца рытарычнымі пытаннямі, а чацвёртыя на роўным месцы шукаюць падвох…

У сваю чаргу, у меркаванні ведамства прасочваецца яскравая пазіцыя: «Мы хочам атрымаць зваротную сувязь — тыя крытычныя пазіцыі, якія важныя для людзей. Не з пазіцыі дзяржапарату, а з пазіцыі спажыўца». Застаецца толькі сачыць за развіццём падзей.

КАМПЕТЭНТНА

Уладзімір КАРАНІК, міністр аховы здароўя:


— Не сакрэт, што ў нас некаторыя імпартныя лекі каштуюць даражэй, чым у суседзяў. У нашых планах распрацаваць анлайн-платформу, дзе кожны грамадзянін атрымае магчымасць размясціць інфармацыю пра тое, што ён набыў за мяжой нейкі прэпарат у разы танней. Калі розніцу ў 30–40 працэнтаў яшчэ можна патлумачыць асаблівасцямі лагістыкі і дастаўкі, то настолькі вялікія адрозненні — наўрад ці. Калі не зной­дзецца ніякіх магчымасцей зменшыць цэны для грамадзян з-за пазіцыі вытворцы, то тады гэта стане заданнем для нашай фармпрамысловасці — асвоіць свае вытворчасці.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter