Аповед ветру. Залаты восеньскі дзень, працяты промнямі цёплага сонца, клікаў з дому.

Я прыхапіла фотаапарат і выехала за межы мітуслівага пыльнага горада. Прагульваюся па хутары. У ім усяго сем дамоў, чатыры з іх — закінутыя. Сцяжынка збочвае, і я заходжу за кустоўе адзічэлага бэзу. За зараснікам раскінуўся лужок, які гарэзліва падняўся крыху ўверх. І тут я ўбачыла нешта цікавае...
На ўзгорку паўсталі дзве сасны. Іх ствалы імкнуцца адзін да аднаго, нібы мараць дакрануцца. Як апынуліся тут два гэтыя дрэвы? Падыходжу да хваін, сядаю паміж імі адпачыць. Да мяне даносіцца ціхуткі шэпт. Прыслухоўваюся... Гэта вецер шапаціць! А ў яго шолаху я чую словы! Адвечны вандроўнік расказаў мне гісторыю двух дрэў, што растуць тут, удалечыні ад роднага лесу.
— Калісьці даўно недалёка адсюль рос сасновы бор,  — шаптаў вецер. — І не было ў свеце лесу прыгажэйшага і багацейшага за той дзівосны бор. Але аднойчы здарылася непапраўнае. Падчас летняй спёкі ўспыхнула маленькая іскарка, якая ў адно імгненне разлілася па сасновым бары вогненнай ракой. Прагныя языкі полымя аблізвалі ствалы гонкіх сосен, лёгка ўзвіваліся па стройных дрэвах пад самае неба. Яшчэ хвіліна — і тое, што ўчора было велічным дрэвам, абрушвалася на абпаленую зямлю счарнелай галавешкаю... Уратаваць сасновы бор было немагчыма. Што мог зрабіць я, вецер? Толькі разагнаць агонь яшчэ больш, дапамагчы полымю хутчэй разляцецца па лесе?
Я замёр над борам, які дажываў свае апошнія страшныя гадзіны. І тут пачуў голас каралевы-сасны: “Вецер, дапамажы! Не дай нашаму бору знікнуць назаўсёды. Падхапі маё насенне, вынесі з гэтага пекла і кінь у зямлю...” Каралева-сасна з апошніх сіл працягнула мне некалькі лёгкіх зярнят. Толькі я паспеў падхапіць іх, як адным гарачым подыхам полымя абхапіла царыцу сасновага бору.
Калі агонь супакоіўся і сціх, замест дзівоснага бору засталося толькі чорнае папялішча. А я кінуў у зямлю насенне, і яно ажыло. На ўзгорку сярод лугу падняліся дзве сястры-хваінкі. Растуць яны тут, як дзве сіроткі, таму так адна да адной хіляцца. На месцы былога сасновага бору я новы лес пасадзіў. Дзякуючы гэтым сасонкам-сястрыцам адновіцца той дзівосны бор...
Вецер асцярожна прыгладзіў сасновыя ігліцы, ускалмаціў мае валасы і паляцеў па сваіх справах. А я пасядзела яшчэ крыху пад тымі сасонкамі, зрабіла здымак на памяць ды рушыла далей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter