Швейцарскі пісьменнік напісаў раман пра беларускага генія Парыжскай школы Хаіма Суціна

Апошняе падарожжа Суціна

Швейцарскі пісьменнік напісаў раман пра беларускага генія Парыжскай школы Хаіма Суціна.

Дзясятае дзіця ў беднай яўрэйскай сям’і з невялікай беларускай вёскі Смілавічы, Хаім з дзяцінства неадольна жадаў маляваць, хоць гэта і было забаронена іудзеям. Нягледзячы на перашкоды, паступова дамогся свайго: спачатку займаўся ў прыватнай школе Якава Кругера, затым тры гады вучыўся ў Вільні. І нарэшце — Парыж!

Гады пакут, бадзяння, голаду, хвароб — гэта каштавала таго, каб пра Суціна загаварыў увесь свет, каб яго экспрэсіўныя, вар’яцкія, падобныя на ўраган карціны вымяраліся на аўкцыёнах мільёнамі долараў, а сярод шчаслівых уладальнікаў яго твораў былі Ізабэла Раселіні, сем’і Чапліна, выдаўца Галімара, нашчадкі Шагала, Фрэнсіса Форда Копалы...

Пра нашага земляка напісана шмат артыкулаў, навуковых работ, але мастацкай кнігі да “Апошняга падарожжа Суціна” не было створана ніводнай. Раман швейцарскага пісьменніка, філолага і эсэіста Ральфа Дутлі, вядомага па перакладах на нямецкую мову паэзіі Марыі Цвятаевай і Іосіфа Бродскага, а таксама напісанні біяграфіі Осіпа Мандэльштама, павінен выйсці гэтай восенню. Кніга пра Суціна стала для Дутлі першым раманам у яго кар’еры. На рускую мову яго пераклалі ў расійскім “Выдавецтве Івана Лімбаха”.

Як напісана ў анатацыі, у выданні распавядаецца пра жыццё, смерць, страх, каханне і творчасць беларускага мастака. Урыўкі з кнігі ўжо сёння можна знайсці на прасторах інтэрнэту. І, мяркуючы па іх, кніга ў Дутлі атрымалася неверагодна эмацыянальная. “Ён ніколі не бывае сыты, — піша аўтар пра Суціна ў Парыжы. — Ніколі тут не бачылі такога голаду. Ён будзе маляваць тут ежу, хлеб і селядцоў, молячы іх, каб яны яго насыцілі. Нарэшце насыцілі, хоць адзін раз, назаўсёды. Пачуццё голаду так і застанецца адбітым на заклінаным палатне. Худыя рыбіны, цыбуліна, зморшчаныя яблыкі, супніца і змяты арцішок, які ён падабраў пад прылаўкам на базары. Яшчэ ніколі тут не бачылі такога голаду...”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter