Калі беларусы Швяйцарыі адзначалі Дзяды, то і госці з Культурнага цэнтра Беларусі ў Францыі да іх далучыліся

Апошні прытулак княгіні

Калі беларусы Швяйцарыі адзначалі Дзяды, то і госці з Культурнага цэнтра Беларусі ў Францыі да іх далучыліся


Беларусы Францыі ды Швяйцарыі каля магілы княгіні

Памінальны абрад з народнага календара беларусаў Дзяды прыпадае на першую суботу лістапада. Сёлета і супляменнікі ў Швяйцарыі разам з гасцямі з Францыі ўсклалі кветкі на магілу княгіні Марыі Mагдалены Радзівіл, суайчынніцы, мецэнаткі, дзяячкі культурна-асветніцкага руху Беларусі, кавалера ордэна “Вялiкi крыж Гедымiна”. Шмат дабра зрабіла для Бацькаўшчыны княгіня. Як вядома, і зборнік “Вянок” Максіма Багдановіча пабачыў свет дзякуючы яе фінансавай падтрымцы. Пахаваная Марыя Mагдалена каля жаночага манастыра ў сяле Бюрглен, што ў правінцыі Фрыбург у Швяйцарыі. А ў касцёле “Notre dame du Carmel” прайшоў памінальны малебен. Людзі з кляштара расказалі пра беларуску і пра кляштар, дзе княгіня правяла апошнія трынаццаць гадоў жыцця.

У рубрыцы “Падзеі” на сайце Асацыяцыі беларусаў у Швяйцарыі (http://www.belswiss.org/be/) у артыкуле Сяргея Сіроткіна “Праменнямі памяці” чытаем: “І няважна, у першы ці ў чарговы раз чуеш пад лёгкі шорах рознакаляровай асенняй лістоты пра беларускамоўную спадчыну Марыі Магдалены, пра школы, інтэрнаты і касцёлы, пабудаваныя на яе грошы, пра кнігі, што ўбачылі свет дзякуючы яе падтрымцы, пра нашых землякоў, якія з яе дапамогай змаглі атрымаць адукацыю і прысвяціць сябе справе служэння роднай зямлі… Ніколі не стамляешся здзіўляцца глыбіні душы і непахіснаму духу яскравай жанчыны, чый жыццёвы шлях завяршыўся ў швяйцарскім дамініканскім кляштары, але ж сэрца назаўсёды засталося ў родным краі, у Беларусі”.

Як паведаміў кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швяйцарыі Аляксандр Сапега, супляменнікі не ўпершыню прыязджаюць на магілу княгіні: ушаноўваюць памяць пра яе. Наведваюць Бюрглен і турысты з Беларусі.  

Княгіня Радзівіл, ад нараджэння Марыя Ева Магдалена-Іосіф Эльжбета Апалонія Катажына Завіша, пасля рэвалюцыі жыла ў Польшчы, Літве і Германіі. А ў 1932-м пераехала ў Швяйцарыю. Потым беларуску прытуліў кляштар сясцёр-дамініканак, памерла яна там у 1945-м. Адзіная дачка яе Марыя-Луіза Чартарыскі жыла ў Канах, а сын яе князь Аўгуст Чартарыскі ажаніўся з дачкою караля Іспаніі. Адзін з прапраўнукаў княгіні — Францішак Філіп Марыя прынц Бурбон Абедзвюх Сіцылій, які нарадзіўся ў 1960 годзе ў нямецкім Равенсбургу, цяпер жыве ў Цюрыху.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter