В Гродно из желудка четырехлетней девочки достали кольцо с бриллиантом

Апетыт давёў да бальніцы

Манеты, магніты, батарэйкі, бірулькі, цыгарэты – хірургі штодня дастаюць з дзіцячых страваводаў і страўнікаў мноства неядомых рэчаў. Нядаўна ў Гродне са страўніка 4-гадовай дзяўчынкі дасталі пярсцёнак з брыльянтам.

На рэнтгеналагічным здымку медыкі ўбачылі цень у выглядзе пярсцёнка на ўзроўні страўніка.

У бальніцу дзіця прывялі бацькі, расказаўшы медыкам пра няшчасны выпадак. Маўляў, дачка выпадкова праглынула дарагі пярсцёнак. На рэнтгеналагічным здымку брушной поласці і стрававода сапраўды ўбачылі выразны акруглы адзінкавы цень у выглядзе пярсцёнка на ўзроўні страўніка. Дактары прапанавалі пачакаць, пакуль каштоўнасць сама выйдзе з арганізма, аднак гэтага не адбылося.

Урач-эндаскапіст Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Дзмітрый Крывецкі расказаў пра далейшае развіццё падзей:

– Праз некалькі дзён выканалі эзафагаскапію, край іншароднага цела быў захоплены шчыпцамі, і пярсцёнак паспяхова пакінуў арганізм дзіцяці. Ён сапраўды быў залатым з невялікім каменьчыкам. У студзені гэта другі выпадак, калі са страўніка давялося даставаць упрыгажэнне. Былі і больш «цікавыя», на мой погляд, рэчы. Нядаўна давялося вымаць бірульку ў выглядзе савы. Чаго толькі не глытаюць дзеці: батарэйкі, градуснікі, лямпачкі! Не так даўно адбыўся выпадак, калі малыш еў фруктовае пюрэ са слоічка, потым разбіў ёмістасць і з’еў аскепкі. Мама была ў шоку ад убачанага. Мінулай ноччу выклікалі ў рэанімацыю да дзіцяці, якое з’ела цыгарэты. Яны растварыся ў страўніку, выклікаўшы вострае атручванне.

Па словах урача-эндаскапіста, нягледзячы на зніжэнне агульнай колькасці пацыентаў, якія звярнуліся ў эндаскапічны кабінет з-за пандэміі, колькасць выпадкаў з іншароднымі целамі ў страўнікава-кішачным тракце, якія давялося вымаць эндаскопам, працягвае расці. Калі ў 2019-м такіх выпадкаў было 50, то ў мінулым годзе – 58.

– Дзіця спазнае свет, і наколькі гэтая дапытлівасць будзе бяспечнай, залежыць выключна ад бацькоў, – упэўнены доктар. – Асабліва небяспечны ўзроставы прамежак у сэнсе праглынання неядомых іншародных целаў і агрэсіўных рэчываў – ад двух да пяці гадоў. Хоць бываюць выключэнні, калі паступаюць 17-гадовыя падлеткі, праглынуўшы іголкі або еўра-манеты. Як правіла, прычын свайго ўчынку яны растлумачыць не могуць. Прадмет невялікага памеру, скажам, манетка, якая праходзіць праз стрававод, цалкам можа пакінуць арганізм самастойна. Аднак часцей даводзіцца мець справу са складанымі выпадкамі, якія патрабуюць няпростых хірургічных маніпуляцый. Дарэчы, у бальніцы ўжо ёсць чатыры стэнды, на якіх выстаўлены самыя незвычайныя рэчы, праглынутыя дзецьмі. Паверце, ёсць чаму здзівіцца.

vrublevskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter