Сасудзістыя хірургі з Брэста і Масквы правялі тры сумесныя хірургічныя умяшанні

Аперацыя «Кааперацыя»

У Брэсце беларускія і расійскія хірургі правялі тры сумесныя аперацыі па лячэнні атэрасклерозу ніжніх канечнасцей новым метадам. У яго аснове нядаўняя распрацоўка французскіх навукоўцаў — інструмент MultiTASC. Майстар-клас па рабоце з навінкай для сасудзістых хірургаў Брэсцкай абласной бальніцы правёў кандыдат медыцынскіх навук, супрацоўнік Федэральнага клінічнага цэнтра высокіх медыцынскіх тэхналогій Расіі Алег Гразноў.

Першым пацыентам сумеснай брыгады хірургаў стаў 53-гадовы жыхар Брэсцкай вобласці. Ён пяць гадоў пакутуе на атэрасклероз.
Фота аўтара

Першым пацыентам стаў 53-гадовы жыхар Брэсцкай вобласці. Ён пяць гадоў пакутуе на атэрасклероз. Сітуацыя запушчаная. З-за закупорвання сцегнавой артэрыі кожны крок даецца з цяжкасцю. Развілася кульгавасць. Загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі Брэсцкай абласной бальніцы Уладзімір Засімовіч растлумачыў: без хірургічнага ўмяшання хвораму пагражалі поўнае закупорванне сасудаў і амярцвенне нагі.

У аперацыйнай працавалі дзве брыгады хірургаў — эндаваскулярныя і сасудзістыя. Пацыенту зрабілі спінальную анестэзію. На працягу ўсёй аперацыі, якая доўжылася дзве гадзіны, ён быў у прытомнасці. Хірургі расказалі, што пераваг у новага метада як мінімум дзве:


— Па-першае, раней даводзілася рабіць некалькі разрэзаў, па-другое, аперацыі праводзіліся практычна ўсляпую. Тое, што мы робім сёння, — гэта ўмяшанне так званага гібрыднага характару. Аперацыі праводзяцца з дапамогай новай методыкі — спецыяльных петляў-нажніц і рэнтгенаўскага абсталявання. Гэта значыць, умяшанні больш кіруемыя і менш травматычныя.

Напрыклад, першаму пацыенту замест чатырох разрэзаў зрабілі адзін. Пад кантролем рэнтгена выдалілі пашкоджаную вобласць даўжынёй 20 см, імплантавалі стэнт. На наступны дзень пацыент самастойна адправіўся на перавязку.


Хірург расійскага клінічнага цэнтра Алег Гразноў высока ацаніў узровень падрыхтоўкі брэсцкіх урачоў і аснашчанасць абласной бальніцы. Штогод тут аперыруюць каля 50 хворых на атэрасклероз. З часам плануюць паставіць гібрыдныя аперацыі на паток.

Сасудзістыя хірургі з Масквы і Брэста пазнаёміліся падчас навуковай канферэнцыі ў беларускай сталіцы. Серыя аперацый у Брэсце стала першым сумесным праектам. Хірургі запэўнілі: супрацоўніцтва маскоўскага цэнтра і брэсцкай бальніцы будзе развівацца і мацнець.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter