Анёл мой, пойдзем са мной.

Ці сапраўды існуюць анёлы-ахоўнікі? Ці ў кожнага чалавека ёсць свой анёл? Як тлумачыць гэта народная культура?

Паводле народных павер’яў, колькі людзей на свеце, столькі і анёлаў. У кожнай жывой душы ёсць свой анёл-ахоўнік, за якой той назірае праз акенца — зорку. “Як народзіцца чалавек — дасылае Бог новага анёла берагчы яго ад грахоў, ад ашуканства нячыстай сілы. Зробіць анёл новае акенца, сядзе каля яго і назірае — не адводзіць вачэй ад даверанага пад яго апеку сына зямлі. А сам кожную справу зямную ў кнігу нябесную запісвае. А людзям падаецца, што гэта ўсё зоры мігцяць! Памёр чалавек — зачыняецца акенца, падае яго зорка з нябёсаў на зямлю”.

  • Распаўсюджана меркаванне аб тым, што Бог укладае душу ў дзіця, калі тое яшчэ знаходзіцца ва ўлонні маці. А значыць, ужо на працягу ўсёй цяжарнасці дзіця ахоўвае яго анёл.
  • У народнай культуры не маглі не заўважыць і не адзначыць той момант, калі дзіця пачынала рухацца ў жываце матулі. З гэтага часу плод лічыўся адухоўленым, а значыць, канчаткова набываў анёла-ахоўніка.
  • Існавала і такое павер’е, што анёл да чалавека прылятае ў дзень яго нараджэння, з яго першым самастойным подыхам, вядзе па жыцці і ў момант смерці стаіць пры галаве, каб потым забраць яго душу да Бога на нябёсы.
  • Паўсюдна сярод усходніх славян існавала перакананне, што грудное дзіця — бязгрэшны чалавек, а таму — анёл Боскі.
  • Паводле народных уяўленняў, у кожнага чалавека ёсць свой анёл і свой злы дух. Яны пастаянна спрачаюцца паміж сабой, адзін дапамагае, другі — шкодзіць: анёл ахоўвае ад зла, а чорт схіляе да грахоў.
  • Добры дух, добры анёл знаходзіцца над правым плячом чалавека. Сатана-спакусіцель, злы ці падшы анёл — над левым плячом. Таму ў абрадах, якія выконвалі ачышчальную функцыю, дзеянні неабходна было выконваць на левы бок і праз левае плячо.
  • Нашы продкі лічылі, што ў час сну чалавека ахоўваюць анёлы: яны гуляюць па хаце і адганяюць нячыстую сілу. Таму вечарам у хаце неабходна было абавязкова падмесці падлогу, каб анёлам было чыста гуляць.
  • Калі выходзілі з хаты, абавязкова клікалі з сабой анёла-ахоўніка: “Анёл мой, пойдзем са мной, ты — наперадзе, а я  — за табой”.  І сёння існуе нямала замоў і малітваў, з якімі звяртаюцца да анёла.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter