Антракт працягласцю два гады

Чаму Купалаўскаму тэатру патрэбна рэканструкцыяУ першым-другім квартале 2010-га ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пачнецца маштабная рэканструкцыя. Карэспандэнты “НГ”прайшліся па будынку Купалаўскага, каб даведацца, па якіх жа прычынах на самай славутай тэатральнай сцэне Мінска будзе аб’яўлены антракт на два гады. Праўда, браць паўзу непасрэдна сам калектыў не збіраецца: з 2010-га па 2012-ты трупа будзе рыхтаваць і паказваць спектаклі на іншых сталічных пляцоўках — у Палацы прафсаюзаў, клубе імя Ф.Дзяржынскага і іншых.

На вялікай сцэне не хапае месца
Знакаміты выраз “Тэатр пачынаецца з вешалкі” мае дачыненне хутчэй да гледачоў. Для саміх жа тэатралаў пункт адліку — сама сцэна, з якой звязаны ўсе этапы падрыхтоўкі спектакля — рэпетыцыі, прагоны, уладкаванне дэкарацый. І толькі пасля гэтага пачынаецца сама дзея, на якую і збіраецца публіка. На святая святых, куды звычайна ўваход усім, акрамя служкаў Таліі і Мельпамены, забаронены, карэспандэнта “НГ” праводзіць галоўны мастак Купалаўскага тэатра Барыс Герлаван.
У закуліссі сцэна выклікае зусім іншыя ўражанні, чым з глядзельнай залы. Без дэкарацый і агнёў рампы яна — быццам тая дзяўчына, якая яшчэ не паспела зрабіць сабе макіяж...
— Вунь, бачыце, якія ў нас тут невялікія праходы, — Барыс Герлаван паказвае вузенькія калідорчыкі ў кулісах, адкуль да публікі і з’яўляюцца героі розных п’ес.
У паўсядзённым адзенні мы не адчуваем ніякага дыскамфорту, але не ўяўляю, як тут хапае месца актрысам у шыкоўных пышных спадніцах. Узгадваю, як у “Чорнай панне Нясвіжа” каралева Бона дэфіліравала са сваімі фрэйлінамі ў пяці варыянтах сукенак... Пэўна, на тое, каб своечасова з’явіцца “ў кадры”, ім давялося шмат разоў адпрацоўваць у гэтых багатых строях свой выхад на сцэну! 
— Дзякуючы рэканструкцыі праходы расшыраць, так што нашым акцёрам будзе лягчэй, — паведамляе “экскурсавод”. — Пакуль жа сцэне не хапае і глыбіні.
— Аднак гэта ж вялікая пляцоўка! — здзіўляюся.
— Так, але будынак з’явіўся яшчэ да рэвалюцыі, таму ён не адпавядае сённяшнім патрабаванням, — тлумачыць галоўны мастак. — Пакуль што памер сцэны недастатковы для шматлікіх відовішчных дэкарацый, каб ажыццявіць усе творчыя задумкі. А вось пасля рэканструкцыі атрымаецца: пляцоўка “вырасце” на чатыры метры.
Рэканструкцыя вырашыць і яшчэ адну праблему — рэпетыцыйную. У дзень спектакля трупа не можа ўдасканальваць сваё майстэрства на сцэне, бо ў гэты час там свае “ролі” выконваюць манціроўшчыкі, асвятляльнікі, якія рыхтуюць пляцоўку да вячэрняга спектакля. У новым Купалаўскім пад вялікай сцэнай з’явіцца яе аналаг (толькі без глядзельнай залы). Гэта дазволіць ладзіць рэпетыцыі незалежна ад таго, уладкоўваюць у гэты момант на асноўнай пляцоўцы дэкарацыі ці не.
Рэканструкцыя палепшыць умовы працы не толькі акцёраў, але і іншых работнікаў. У прыватнасці, касцюмераў, у асноўным жанчын: напярэдадні спектакаля яны вымушаны дастаўляць вопратку ў грымёркі пешшу па лесвіцы. І так у некалькі заходаў! У рэканструяваным Купалаўскім з’явяцца ліфты. Іх будзе пяць, адзін з якіх — грузавы. Гэта дапаможа без усялякіх турбот завезці касцюмы на патрэбны паверх.
У абноўленым будынку ўтульней будзе таксама мастакам, бутафорам, краўцам, з’явіцца дастаткова месца для тэатральнага рэквізіту.
Дэкарацыі будуць хаваць пад зямлёй
Швейны цэх і пакой, дзе вісяць усе рабочыя тэатральныя касцюмы, нам давялося ўсё ж пабачыць. Ён, дарэчы, аказаўся не такім вялікім, як думалася. А вось памяшкання з дэкарацыямі ў Купалаўскім наогул няма. Мы даведаліся, што ўмовы цяперашняга будынка проста не дазваляюць іх захоўваць. Дэкарацыі знаходзяцца на спецыяльных складах, і гэта выклікае дадатковыя цяжкасці. Напрыклад, калі акцёр захварэў, а ў сённяшняй п’есе ў яго няма дублёра, даводзіцца замяняць пастаноўку, а значыць, патрэбна хутка прывезці іншае сцэнічнае афармленне. А на гэта трацяцца час і нервы, бо трэба, каб за паўгадзіны да спектакля дэкарацыі ўжо стаялі на сваіх месцах.
— Пасля рэканструкцыі ў нашага будынка з’явяцца тры паверхі пад зямлёй. Там і будуць знаходзіцца тэхнічныя службы і захоўвацца дэкарацыі. Гэта дазволіць аператыўна рыхтаваць сцэну — не за дзень, як зараз, а за тры гадзіны, — расказаў гендырэктар тэатра Павел Палякоў.
Тэатр вырасце не толькі пад зямлёй, але і крышачку ўверх — тут будуць мансарды. Такім чынам плошча Купалаўскага павялічыцца прыкладна ў два разы — замест  4,6 тысячы квадратных метраў тэатр зойме звыш 11 тысяч. А вось колькасць глядацкіх месцаў у зале, наадварот, зменшыцца (з 550 застанецца 400). Гэта звязана з сучаснымі патрабаваннямі тэхнікі бяспекі.
Знешні выгляд самога будынка практычна не зменіцца. Новы Купалаўскі гарманічна ўпішацца ў гарадскі пейзаж, але галоўнае, што калектыў зможа працаваць у камфортных умовах, а сцэна тэатра сапраўды стане адпавядаць узроўню майстэрства купалаўцаў і будзе лічыцца насамрэч адной з найлепшых у Еўропе.

 Гэта цікава На чарзе — і малая сцэна

Плануецца, што малую сцэну Купалаўскага тэатра перададуць з муніцыпальнай у рэспубліканскую ўласнасць. Гэта дазволіць неўзабаве адрамантаваць і гэта памяшканне. Роля малой сцэны застанецца такой жа — эксперыментаваць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter