Беларускія навукоўцы навучыліся вырошчваць гародніну ва ўмовах лядовага кантынента

Антарктычны агарод

Беларускія навукоўцы навучыліся вырошчваць гародніну ва ўмовах лядовага кантынента


Беларускі палярны агарод — гэта дзве мініяцюрныя цяпліцы плошчай прыкладна па квадратным метры кожная. А па сутнасці, высокатэхналагічны біякомплекс павышанай прадукцыйнасці для вырошчвання салаты, кропу, пятрушкі, базіліку і іншых вострадухмяных раслін. Тэхналогію вытворчасці зеляніны распрацавалі спецыялісты Цэнтра святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН. Яны забяспечылі антарктычных агароднікаў насеннем, спецыяльным заменнікам глебы і расказалі, як карыстацца цуда-цяпліцамі.


— Антарктычны агарод апраўдаў нашы надзеі, і вялікі дзякуй яго распрацоўшчыкам, — гаворыць начальнік 7-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў, які не раз ужо бываў на лядовым кантыненце. — Свежая зеляніна на стале палярнікаў — вялікая справа. Агарод эксперыментальны, магутнасць яго невялікая, але мы плануем павялічваць пасяўныя плошчы.

Распрацоўку ацанілі і расійскія калегі. Яны прадаставілі беларускім палярнікам у бязвыплатнае карыстанне базу “Гара Вячэрняя”, якая захавалася яшчэ з савецкіх часоў. “А мы, як дарагіх гасцей, усякі раз частавалі іх свежай зелянінай, прычым нязменна рознай”, — усміхаецца Гайдашоў.

На расійскіх станцыях, дарэчы, нічога падобнага пакуль няма. Пры гэтым вырошчванне зеляніны на арктычных станцыях такіх краін, як ЗША, Францыя, Італія, Кітай, Вялікабрытанія, — норма. Будаўніцтва аранжарэй на гідрапоніцы ў іх закладзена спецыяльна ў праекце станцыі.

— Сістэма асвятлення, якая дзякуючы асабліваму спектру выпраменьвання свяцільняў забяспечвае істотнае павелічэнне ўраджайнасці, і ёсць галоўны сакрэт нашага высокатэхналагічнага агарода, — тлума­чыць выконваючая абавязкі загадчыцы лабараторыі Інстытута эксперыментальнай батанікі Людміла Абухоўская. — Розныя рэакцыі ў раслінных клетках запускаюцца з дапамогай хваль рознай даўжыні. Так, біясінтэз хларафілу, транспарт электронаў, рэгуляцыя росту раслін ажыццяўляюцца з дапамогай выпраменьвання ў адных зонах спектра, кантроль утварэння насення — у другіх, развіццё каранёвай сістэмы — у трэціх.

Маніпулюючы хвалямі рознай даўжыні, можна змяняць хуткасць назапашвання вугляводаў, вітамінаў, інтэнсіўнасць вытворчасці бялку.

Раскрытыя таямніцы “кухні прыроды” далі магчымасць стварыць святлодыёдныя свяцільні, якія ў большай меры дастасаваны да асаблівасцяў развіцця канкрэтных відаў раслін у параўнанні з традыцыйнымі лямпамі. Бо калі мэта толькі ў тым, каб проста напрацаваць максімальную біямасу, напрыклад, салаты, як у выпадку з антарктычнай цяпліцай, то спектр патрэбны адзін. А калі трэба атрымаць ураджай, скажам, таматаў, то варта арыентавацца на іншыя суадносіны зон спектра. Паколькі цяперашняя беларуская экспедыцыя, як і папярэднія, кароткатэрміновая, то цяпліца, прызначаная толькі для вырошчвання зеляніны, палярнікаў задавальняе. Гародніна за гэты час проста не паспее выспець. Але калі размова зойдзе аб працяглай прысутнасці ў Антарктыцы, то навукоўцы гатовыя будуць прапанаваць і іншыя варыянты модуляў.

Антарктычная цяпліца — гэта толькі прыватны выпадак прымянення новых тэхналогій і магчымасць выпрабаваць іх у экстрэмальных умовах. А рэальную аддачу навукоўцы чакаюць ад масавага ўкаранення незвычайнага асвятлення ў прамысловых цяпліцах. Спецыяльныя свяцільні для таматаў імі ўжо створаныя, і на Мінскай агародніннай фабрыцы са студзеня праходзяць доследна-прамысловыя выпрабаванні амаль кіламетровай тэхналагічнай лініі. Калі эканамічная эфектыўнасць праекта будзе на вышыні, у чым партнёры не сумняваюцца, то ў хуткім часе новыя тэхналогіі атрымаюць прапіску ў цяплічных гаспадарках Беларусі.


Дарэчы


Дзякуючы Дагавору аб Антарктыцы, любая краіна ў навуковых мэтах мае права стварыць сваю станцыю на поўдзень ад 60° паўднёвай шыраты. Сёння 40 краін маюць свае палярныя станцыі ў самай паўднёвай палярнай частцы зямнога шара. Усяго ў Ан­тарктыдзе 45 круглагадовых навуковых станцый. Беларусь пачала весці антарктычныя даследаванні з 2006 года, але пакуль не мае на лядовым кантыненце ўласнай базы. Адкрыццё беларускай ан­тарктычнай навуковай станцыі плануецца ў бліжэйшай будучыні.

Дзмітрый Гоманаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter