Как «Дударики» популяризируют белорусский фольклор в мире

Ансамбль «Дударыкi»: толькi жывы гук i непадробныя эмоцыi

Заслужаны дзеяч культуры Беларусi i выдатнiк адукацыi Дзмiтрый Ровенскi кiруе фальклорным ансамблем «Дударыкi» мiнскай гiмназii № 14 амаль паўстагоддзя. Народныя песнi, танцы, гульнi ў час iх выступленняў зачароўваюць феерычнасцю i пазiтыўнай энергетыкай.


Майстэрства музыкаў уражвае нават самых пера­борлiвых гледачоў не толькi ў нашай краiне. «Дударыкi» аб’ездзiлi з канцэртамi паўсвету. У 2014 годзе прадстаўлялi Беларусь у штаб‑кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы. Сёлета атрымалi запрашэнне выступiць на фестывалях у Польшчы i Кiтаi. Гледачы ўсюды дзякуюць iм шчырымi апладысментамi. I ансамбль вяртаецца дамоў не з пустымi рукамi. Дзмiтрый Ровенскi — уладальнiк дыплома ААН за захаванне i развiццё нацыянальных традыцый, медаля за прапаганду фальклору ў Еўропе, расiйскага звання народнага музыканта зямлi рускай i медаля фонду маршала Жукава «За мужнасць i любоў да Бацькаўшчыны». 

Днямi калектыў фальклорнага ансамбля «Дударыкi» гiмназii № 14 Мiнска быў удастоены спецыяльнай прэмii Прэзiдэнта дзеячам культуры i мастацтва за выдатныя дасягненнi ў галiне аматарскага мастацтва i паспяховае прадстаўленне Беларусi ў праграмах Мiжнароднага фестывалю «Гармонiк збiрае сяброў», Мiнскай мiж­народнай кнiжнай выставы.

…З увахода чую рытмы кадрылi, найгрышы на гармонiках. Заглядваю ў класы, дзе iдуць заняткi па харэаграфii i музыцы.

— Мала хто ведае, як правiльна граць на бубне, — адразу засяроджвае ўвагу Дзмiтрый Дзмiтрыевiч. — Абавязкова патрэбна выка­рыстоўваць «калатушку»! У нас нават нумар ёсць, дзе каманда з дваццацi дзяўчат з бубнамi выходзiць пасупернiчаць у вiртуознасцi з гуртам хлопцаў‑гарманiстаў!

У час выступлення артысты ансамбля граюць яшчэ i на гармонiках, дудках, скрыпках, цымбалах, барабанах, жалейках, акарынах. У ансамблi ўмеюць музiцыраваць i на пiлах, косах, прыладах для трапання льну, пральных дошках, якiя выкарыстоўвалi нашы продкi.

Юлия Шелег, Илья Клевко, Диана Мартинкевич.

Як у руках «Дударыкаў» старадаўнiя прадметы быту выдаюць меладычныя гукi? Дзмiтрый Дзмiтрыевiч расказвае, што галоўнае — гэта пачуццё рытму, астатняе — справа тэхнiкi. Сам Ровенскi граў на пiлках з пяцi гадоў, калi музыкi запрашалi яго з сабой на вясковыя вяселлi:

— Бралi засланку з печы i барабанiлi па ёй. Цяпер новыя экзэмпляры шумавых iнструментаў вырабляю сваiмi рукамi. 

У канцэртным саставе ансамбля сёння амаль трыццаць чалавек. Усяго ў калектыве больш за восемдзесят навучэнцаў. Трынаццаць — прадстаўнiкi сям’i Ровенскiх. У ансамблi спасцiгалi iгру на народных iнструментах яго дачка i двое сыноў, а цяпер i ўнукi Соня i Цiмафей.

Усяго ў музычнай дынастыi Ровенскiх пяць пакаленняў. Яе роданачальнiкi — абодва дзяды Дзмiтрыя Дзмiтрыевiча. Адзiн з iх быў знакамiтым у акрузе барабаншчыкам, другi, дваранiн па паходжаннi, выкладаў у музычнай школе iгру на скрыпцы. Бацька Дзмiтрыя Дзмiтрыевiча граў на трубе ў духавым аркестры. Будучы кiраўнiк «Дударыкаў» упершыню ўзяў у рукi iнструмент у пяць гадоў. А ў дванаццаць ужо граў больш чым на дзесяцi iнструментах. 

Яшчэ школьнiкам Ровенскi выступаў разам са сваiм бацькам у ансамблi «Капыльскiя дудары». Але тое, што займацца музыкай яму наканавана лёсам, усвядомiў не адразу. Працаваў i радыёмайстрам, i зваршчыкам, i качагарам, i сталяром.

Пасля армii яго накiравалi працаваць у школу. Тут ён i вырашыў стварыць самабытны дзiцячы фальклорны калектыў. Вывучаў лiтаратуру, пераймаў вопыт. Паспяховымi былi першыя выступленнi гурта на гарадскiх святах. Аднойчы на рэпетыцыю ансамбля завiтаў кампазiтар Iгар Мiхайлавiч Лучанок, якi быў прыемна ўражаны творчасцю «Дударыкаў» i выказаў упэўненасць, што iх чакае поспех у будучым.


На сценах калiдора, што вядзе ў музычныя класы, заўважаю партрэты беларускiх музыкаў Уладзiмiра Грома, Вячаслава Бацечкi, Уладзiмiра Пузынi i iншых. Побач — музеi музычных iнструментаў i беларускага сялянскага быту. Вакол дзейнасцi ансамбля створана цэлая сiстэма выхаваўчай работы па фармiраваннi нацыянальнай самасвядомасцi, захаваннi беларускай музычнай песеннай спадчыны. Дырэктар гiмназii Марыя Гарохава расказвае, што з дапамогай удзельнiкаў ансамбля «Дударыкi» вучнi знаёмяцца не толькi з народнымi песнямi, танцамi, гульнямi, але i з усiм беларускiм каляндарна‑абрадавым цыклам народных святаў. Аматарскi калектыў — актыўны ўдзельнiк тэатралiзаваных пастановак паводле сямейных абрадаў «Заручыны», «Вяселле», «Хрэсь­бiны».

Штогод колькасць жадаючых трапiць у гурт народных музыкаў не змяншаецца. Для дзетак ад шасцi гадоў стварылi «Дударочкi». Дзмiтрый Дзмiтрыевiч нiякiх кастынгаў не праводзiць. Дзецi, пазнаёмiўшыся з цiкавымi народнымi танцамi i спевамi на лiнейцы ў пачатку навучальнага года, прыходзяць запiсацца на заняткi самi. Ужо праз колькi гадоў навiчкi спраўна граюць на некалькiх музычных iнструментах. Працуюць класы iгры на скрыпцы, цымбалах, гармонiку, духавых iнструментах. У своеасаблiвай школе «Дударыкаў» вучаць яшчэ i спяваць, i танцаваць. Мастацкi кiраўнiк калектыву ўпершыню ў краiне пачаў ствараць камбiнаваныя творчыя нумары. У гэтым не толькi адметнасць ансамбля, але i наватарства.

— У 1991 годзе сярэдняя школа, дзе быў прапiсаны наш ансамбль, атрымала статус гiмназii № 14, i ў наш гурт адразу прыйшлi вучыцца трыццаць дзяўчынак, — расказвае Дзмiтрый Ровенскi. — Паўстала пытанне: як на сцэне задзейнiчаць столькi дзяўчат? Пачалi iх вучыць iграць на гармонiку, якi дагэтуль, дарэчы, па традыцыi лiчыўся мужчынскiм iнструментам.

«Дударыкi» адметныя i тым, што працуюць толькi з жывым гукам. Летась гэтай фiшкай зацiкавiўся вядомы рэпер Макс Корж. Народныя музыкi настолькi яму спадабалiся, што ён запрасiў ансамбль на свой юбiлейны канцэрт, а потым кадры з фiльма з iх выступленнем былi прадэманстраваны ў час сольнiка спевака на мiнскiм стадыёне «Дынама».

Развiтвалася з «Дударыкамi», адчувала гонар за артыстаў i ўдзячнасць за iх плённую творчую працу, дзякуючы якой увесь свет даведваецца пра беларускую музычную спадчыну.

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter