Андрэй КУРЭЙЧЫК: “Для Амерыкі я ніхто”

Як мінскаму драматургу ўдалося трапіць у Галівуд і чаму ён усё роўна вярнуўся на бацькаўшчыну

Як мінскаму драматургу ўдалося трапіць у Галівуд і чаму ён усё роўна вярнуўся на бацькаўшчыну

З верасня студэнты універсітэта культуры пазнаёмяцца з гатовымі прыёмамі прабівання жалезных дзвярэй міністэрстваў і каменных ілбоў прадзюсераў. Майстар-клас абяцае праводзіць Андрэй Курэйчык — самы малады і ўдачлівы драматург у найноўшай гісторыі краіны. Пасля трыумфу фільма “Любовь-морковь” аўтара сцэнарыя ведаюць на адной шостай частцы сушы — ва ўсім былым СССР, а нядаўна прыкмецілі і ў Амерыцы. Цяпер ён мае унікальную для творчага чалавека магчымасць выбіраць — на каго працаваць і што рабіць. Зрэшты, Курэйчык ужо дасягнуў таго ўзроўню, калі на яго працуе яго ж імя. У чым сакрэт поспеху? Ён дзеліцца рэцэптамі...

Жахлівую “Юленьку” ўпадабалі і перакупілі

— Мой скачок уперад зрабілі магчымым тры фільмы, якія выйшлі ў Расіі, — “Любовь-морковь”, “Любовь-морковь-2” і “Юленька”. Карціна “Любовь-морковь-2” стала лідэрам навагодняга пракату Расіі, што аказалася рэкордам для камедыйнага кіно. Тым часам “Юленька” спадабалася амерыканскаму прадзюсеру з кінакампаніі 20th Century Fox. Чаму фільм зацікавіў? Амерыканцы шукаюць па свеце універсальныя сюжэты, якія можна адшліфаваць і зарабіць на гэтым процьму грошай. Мой фільм — трылер, саспенс (фільм жаху. — В.К.). Калі французы вядомыя як майстры камедыі, індыйцы — спецыялісты па меладрамах, то лепш за амерыканцаў яшчэ ніхто нічога не стварыў у жанры саспенс. Дарэчы, выпадак з “Юленькай” — гэта першы выпадак, калі амерыканцы набылі правы на рэмейк расійскага фільма.

Да Гамбурга па слядах Шварцанегера

— У Амерыку мяне запрасіў Дэвід Гамбург, вядомы рэжысёр, які ў 70-я гады эмігрыраваў з Рыгі, працаваў са Шварцанегерам. З Гамбургам я заключыў кантракт на напісанне сцэнарыя паўнаметражнага фільма — маладзёжнай камедыі пра тое, як стаць зоркай. Паводле кантракта, у лістапа-дзе я мушу прадставіць першы варыянт сцэнарыя. Але пакуль тут яшчэ конь не валяўся! Давядзецца неўзабаве закрыцца ад усіх, адключыць тэлефон, каб усё паспець. Аднак гэта яшчэ не нагода для эйфарыі: пакуль што для Амерыкі я ніхто — я сцэнарыст-пачатковец. Там нікога не цікавіць, што я здымаў у Расіі, ім трэба даказваць свой прафесіяналізм на месцы і на справе. Дый у Галівудзе такіх, як я, — процьма. Толькі ў адной гільдыі сцэнарыстаў аб’яднана тры тысячы чалавек. Каб трапіць у гэты клуб, трэба яшчэ набраць пэўную колькасць балаў за фільмы, што дасягнулі поспеху, заплаціць узнос тры тысячы долараў.

Горкі вопыт вяртання на сцэну

— Можна сказаць, у Беларусі я быў афіцыйна беспрацоўным. Тры з паловай гады не меў работы на радзіме. Чаму так адбылося? Гэта складанае пытанне. Цяпер я напісаў п’есу для тэатра імя Горкага — зноў вяртаюся са сваімі творамі ў тэатр. Прыемна, што тэатр, які атрымаў тытул нацыянальнага, звяртаецца да твораў айчынных аўтараў, бо многія гады гэтая сцэна абыходзілася без паслуг беларускіх драматургаў. Зрэшты, што да маёй творчасці, то супрацоўнічаць мяне “ўламаў” новы галоўны рэжысёр горкаўскай сцэны Сяргей Кавальчык. Я напісаў п’есу, у якой галоўную ролю будзе іграць Расціслаў Янкоўскі.

Ранкам сцэнарый, вечарам — грошы

— У Беларусі яшчэ не створана сістэма аптымальных стасункаў паміж заказчыкам (скажам, Міністэрствам культуры) і стваральнікамі інтэлектуальных прадуктаў. Няма рынку працы для творчых людзей, многія пішуць у стол. У Амерыцы іншы падыход да вынікаў працы. У нас трэба выканаць план, там мяркуюць пра плённасць справы па тым, ці прынесла яна прыбытак. Калі ваш фільм не ўзялі ў пракат, на тэлебачанне — гэта адназначна правал. У нас могуць ствараць дзесяткі фільмаў, на якія не ходзіць народ, але гэтыя стужкі кладуцца на прыгожыя палічкі, і лічыцца, што так мае быць. У нас няправільна разумеюць прафесію прадзюсера. У Амерыцы гэта не той, што лічыць пачкі долараў, а той, на кім ляжыць велізарная адказнасць за вынік кінавытворчасці. Гэты чалавек збірае плады поспеху, але таксама нясе адказнасць за правал.

Зорка ў тумане

— Ці адчуваю я сябе “зоркай”? Не. “Зорка” — складанае паняцце. У сцэнарыстыцы, маёй прафесіі, гэта не той, каго ведаюць мільёны людзей. Мы ведаем акцёраў (Бруса Уіліса), часам рэжысёраў (калі гэта такі майстар, як Спілберг), але хто напісаў сцэнарый фільма — глядач нават не задумваецца. Аднак у прафесійным асяроддзі выдатныя сцэнарысты — як багі. У колах творчых людзей “зорка” — гэта той чалавек, якога цэняць прафесіяналы за яго справы. Тым часам на вялікай сцэне сапраўдная зорка — гэта Майкл Джэксан. У апошнія гады яго ўтоптвалі ў гразь, здзекваліся з яго з экранаў, газетных палос, але ён як быў, так і застаўся кумірам для мільёнаў.

Незалежнасць + амбіцыйнасць = удача

— Сакрэт поспеху амерыканцаў — у бясконцай амбіцыйнасці. Там кожны імкнецца вылезці з гразі ў князі. У людзей ёсць унутраная цяга да самарэалізацыі, якая ўбіраецца ў кроў з малаком маці. Між тым я не лічу, што да Амерыкі трэба ставіцца як да ідала, пакланяцца ёй. Сам я працую з тым, хто зацікаўлены ўва мне, маёй творчасці. Аднак я баюся залежнасці ад кагосьці аднаго. Гэта адна з прычын, чаму я не пераехаў у Амерыку назусім, хаця пра гэта ішла гаворка. У Мінску мне зручней працаваць, падтрымліваючы сувязь з маскоўскімі, галівудскімі заказчыкамі па Інтэрнэце, тэлефоне. У выпадку пільнай патрэбы магу прыехаць, прыляцець. Калі ж мая работа пагражае ператварыцца ў залежнасць — я сыходжу. Так я адмовіўся ад “Любови-моркови-3”, калі творчасць змянілася на выкананне ўстановак. Для мяне пытанне ўнутранай самарэалізацыі важнейшае.

Восем гадзін у экране

— Мне кожны раз страшна за вынік сваёй працы — мабыць, як і кожнай творчай асобе. Я працую па восем-дзевяць гадзін. Пры гэтым паралельна гляджу кіно, тэлевізар. Не магу трываць, калі стаіць цішыня. Як робіцца ціха — хочацца спаць. Але ж найцяжэйшае — перапісваць самога сябе. Жыццё герояў пражываеш адзін раз, вяртацца назад складана. Хаця калі часам перачытваеш, што напісаў у час натхнення, то хапаешся за галаву: якая ж гэта лухта! Зрэшты, ратуе самакрытычнасць і заўвагі людзей, якіх лічу аўтарытэтамі.

Пропуск у вышэйшую лігу

— Я працую на расійскі і амерыканскі рынак кіно, бо там я запатрабаваны. У чым кардынальнае адрозненне галівудскіх рэалій ад нашых? Самае складанае — не моўны бар’ер, а ментальны. Я закончыў англійскую спецшколу, мову ведаю, аднак сцэнарый для Амерыкі пішу па-руску. Для перакладу тэкста можна ўзяць адаптэра, які прычэша жарты, прыстасуе іх да аўдыторыі. Спрабаваць быць лепшым за носьбіта мовы няма сэнсу. Лічаныя адзінкі, як Набокаў, здолелі пісаць па-англійску гэтак жа ўдала, як па-руску. Але гэта выключныя выпадкі. Дый ніводзін сцэнарыст з Беларусі або Расіі ў вышэйшую лігу так і не трапіў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter