Анатоль ЯРМОЛЕНКА, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры”:

— “Народную газету” чытаю, каб па паліцах “расставіць” падзеі, што адбыліся ў краіне, разам з экспертамі і журналістамі падумаць аб іх наступствах, ацаніць тое, што адбываецца навокал, пазнаёміцца з думкамі і праблемамі звычайных беларусаў. Друкаваным сродкам інфармацыі складана канкурыраваць з інтэрнэтам па аператыўнасці, аднак у газеты ёсць значная перавага — яе можна патрымаць у руках, праз папяровыя старонкі адчуць энергію тых людзей, якія працавалі над яе выпускам, і прачытаць у любы прыдатны для гэтага час.
“Народная газета” выклікае ў мяне цёплыя пачуцці. Відаць, што журналісты, якія ствараюць яе, трымаюць руку на пульсе жыцця краіны і старанна падыходзяць да распрацоўкі тэм. У большасці з іх — сацыяльны характар. Гэта і ёсць адказ на тое, чаму яна карыстаецца попытам у аўдыторыі. Вось чаму асабліва суботні нумар “НГ” з дадаткам “Сям’я” часта немагчыма набыць у кіёску. Каб не застацца без цікавых нумароў, варта не забыць аформіць падпіску.
Калі казаць пра публікацыі “НГ” на мінулым тыдні, неверагодна для мяне было даведацца пра выпадкі нападу ваўкоў на жыхароў вёскі ў Гомельскай вобласці. Недапушчальна, каб сёння, калі чалавецтва дасягнула значнага тэхнічнага прагрэсу, ніяк не маглі паўплываць на тое, што дзесьці людзі аказваюцца бездапаможнымі перад шэрым воўкам. Добра, што газета ўзняла гэту праблему.
Шчырай атрымалася размова чытачоў “НГ” з міністрам культуры Беларусі ў час прамой лініі. Мяне, як прадстаўніка культурнай сферы, таксама не можа не хваляваць пытанне рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры, якія захаваліся да нашагу часу. Іх разбурэння нельга дапусціць. Мяркую, калі адразу немагчыма ў кожным абласным цэнтры пабудаваць тэатры, то варта было б выкарыстоўваць для культурных сустрэч ужо існуючыя лядовыя палацы, забаўляльныя цэнтры.
На мінулым тыдні наша краіна адзначала 120-гадовы юбілей класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Дзякуючы матэрыялу “Падарожжа ў краіну Максіма” даведаўся шмат новага пра жыццё знакамітага паэта. Для мяне слынны пясняр нашай зямлі не толькі вялікі паэт. Песня на яго верш “Зорка Венера”, якую ансамбль “Сябры” выконвае на канцэртах і цяпер, знакавая ў маёй творчай біяграфіі. З ёй стаў дыпламантам Першага ўсебеларускага конкурсу артыстаў эстрады ў 1974 годзе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter