У Гомельскім дзяржаўным тэатры адбылася прэм’ера гістарычнай драмы “Уваскрэсенне Лазара»

Амністыя сумлення

Амаль рэальная, але не смешная гісторыя з дэтэктыўным ухілам

На сцэне Гомельскага абласнога дзяржаўнага тэатра мастацкі кіраўнік Мінскага абласнога драматычнага тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка прадставіў прэм’еру гістарычнай драмы з дэтэктыўным ухілам “Уваскрэсенне Лазара” па п’есе Глеба Ганчарова. Для драматурга гэта дэбют на вялікай сцэне — п’есу рэжысёру прапанаваў сам тэатр.

Фота прадаставіў Уладзімір Ступінскі
Гэта вельмі цікавая гісторыя аб сяброўстве і страчаных ідэалах, аб здрадзе і адданасці сваёй справе, лічыць Валерый Анісенка:

— Ці можна служыць высокім ідэалам, калі ўнутры ў цябе гніллё? Што рабіць, калі твая асабістая жыццёвая мэта супрацьлеглая агульнай мэце твайго асяроддзя?

Па сюжэце пасля таго, як імператар Аляксандр III амнісціраваў удзельнікаў Студзеньскага (Польскага) паўстання 1863—1864 гадоў, на радзіму з’язджаюцца былыя паўстанцы, якія ваявалі ў адным атрадзе. Усё пачынаецца як сустрэча сяброў, але хутка свята пераўтвараецца ў драму і псіхалагічны паядынак усіх з усімі. Былыя паўстанцы вырашаюць выкрыць у сваім стане здрадніка. Вынікі пошукаў шакіруюць.

Відовішча дынамічнае і напружанае. Драматычных фарбаў дадаў таленавіты мастак Андрэй Жыгур. Пафасныя люстэркі занавешаны бруднымі анучамі. Ні адзін сонечны прамень не пранікае ў гэтае тужлівае памяшканне. Адзенне герояў таксама амаль жалобнае. Думаю, гэта жалоба па іх юнацтве, страчаных ідэалах.

— Спачатку я хацеў напісаць п’есу пра Кастуся Каліноўскага, але зразумеў: калі пачну прыдумваць сітуацыі вакол рэальнага чалавека, мяне шмат хто не зразумее, — тлумачыць Глеб Ганчароў. — Тым больш, што я даўно марыў аб п’есе ў стылістыцы “Небяспечнага павароту” 

Дж.Б. Прыстлі. Таму я знайшоў у інтэрнэце спіс рэальных людзей — удзельнікаў паўстання — і пачаў накручваць сюжэт. Падзеі сабраў з розных крыніц.

Адзін амаль на сто працэнтаў рэальны персанаж у п’есе — Юзаф Раманавіч Буланцэвіч. Сапраўды быў такі: Аляксандр Іванавіч Буланцоў, які пад імем Буланцэвіча засылаўся да паўстанцаў у турмы, уваходзіў у давер, а потым усё перадаваў паліцыі. Яго мемуары таксама ёсць у інтэрнэце. Ну і, безумоўна, Ірыней Платонавіч Маркевіч. У Аляксандра III быў такі ўрач, толькі звалі яго Ірыней Рамаальдавіч.

“Уваскрэсенне Лазара” — цікавы ансамблевы спектакль, дзе кожны акцёр працуе ва ўсю моц, з вялікім густам і смакам. Цікавыя вобразы атрымаліся ў Святланы Яфімавай (Гартэнзія Пусік), мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Лагуценкі, які прымерыў на сябе “вопратку” амбіцыёзнага Збігнева Павіда. Заслужаны артыст Беларусі Юрый Фейгін таленавіта ўвасобіў ролю флегматычнага арыстакрата-ўрача Ірынея Маркевіча. Гледзячы на яго, мне ўспаміналіся чэхаўскія ўрачы-філосафы Дорн і Астраў.

Спектакль пабудаваны такім чынам, што ў кожнага артыста ёсць свой “каронны выхад”, свой маналог, што надае ўсяму відовішчу характар паслядоўнага вывучэння псіхалагічных хібаў чалавечай натуры. Да якой брыдоты можна дайсці, калі ратуеш сваю скуру! Тым не менш Валерый Анісенка не нагнятае негатыў, а дае магчымасць гледачу самому адказаць на пытанне, хто праў, хто вінаваты. І задумацца: а як бы я паступіў у такой сітуацыі — выдаў бы сваіх сяброў ці самаддана пайшоў на смерць?

Гомельскі тэатр і акцёраў, якія так плённа папрацавалі з рэжысёрам Валерыем Анісенка, можна павіншаваць з вялікай мастацкай з’явай і творчай перамогай. Не кожны дзень у беларускіх тэатрах (асабліва абласных), якія сёння вымушаны зарабляць грошы і ставіць жартаўлівыя бязглудзіцы, з’яўляецца спектакль такога бездакорнага густу, віртуознага напружання і грамадзянскага тэмпераменту. Прыемна, што дзесьці тэатр яшчэ застаецца кафедрай і храмам, у якім, як на споведзі святару, хлусіць не будзеш.

Калі сучасны глядач не адмахнецца ад “Уваскрэсення Лазара” і захоча пачуць тое, што кажуць яму аўтары, спадзяюся, яго чакае рэдкі па сённяшнім часе, паўнавартасны і, безумоўна, горкі катарсіс. Другім ён быць і не павінен.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter