Аматарка бліскучага

Сарока. У павер’ях усходніх славян сарока з-за сваёй звычкі цягнуць у сваё гняздо яркія, бліскучыя рэчы набыла такія адмоўныя якасці як крадзеж, зладзейства. У казках з той жа нагоды яе называлі модніцай. Акрамя таго, сароку клічуць пляткаркай і балбатушкай: можна часта назіраць, як дзве сарокі, якія сядзяць побач на дрэве ці плоце, вітаюць адна адну гучнай балбатнёй, быццам дзве жанчыны распавядаюць адна адной навіны, стоячы каля калодзежа.

* У той жа час бесклапотная балбатлівасць сарокі пад акном была прыкметай хуткага атрымання добрых вестак ці візіту доўгачаканых гасцей.
* Прыкмячалі, калі сарока хаваецца пад дах, будзе сцюжа ці працяглы дождж.
* Калі сарока залятала ў сенцы, раілі асцерагацца злодзея.
* Забітую сароку вешалі ў хляве, пуні, як надзейны абярэг ад нячыстай сілы.
* Добрым знакам удалага рыбнага лову былі сарокі, якія ляцяць парамі. Гэта прыкмета была неаднойчы праверана. Акрамя таго, існуе даволі простае тлумачэнне: калі надвор’е сырое і халоднае, сарокі пакідаюць гнёзды па адной, каб другая птушка грэла птушанят. Калі сарокі ляцяць парамі, значыць, надвор’е будзе цёплым і спрыяльным для клёва.

Па вашых просьбах чытайце ў ЛЮТЫМ інтэрв’ю з аўтарамі рубрыкі “Скарбонка сімвалаў і словаў”, даследчыкамі народнай культуры Аксанай Катовіч і Янкам Крукам. Размова пойдзе аб тым, наколькі сумяшчальныя народныя традыцыі і сучаснасць, што са звычаяў продкаў варта “здаць у музей”, а што — прыняць да ведама ў паўсядзённым жыцці. Чытайце таксама адказы на пытанні чытачоў, дасылайце пытанні, якія цікавяць вас. І заставайцеся з “Народнай газетай”!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter