Амаль што ювеліры

У Беларусі вызначылі самых лепшых маладых токараў краіны

Лепшыя маладыя токары краіны — на Міншчыне. Гэта было даказана ў час заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прайшоў ён у сталіцы айчыннага машынабудавання — горадзе Жодзіна.

На базе Жодзінскага прафесійнага ліцэя лепшыя навучэнцы, пераможцы абласных этапаў з усёй краіны, паказалі свае веды ў час тэарэтычнага тура. За гадзіну канкурсанты павінны былі адказаць на 60 складаных пытанняў спецыяльнага тэста і паказаць свой узровень падрыхтоўкі па вучэбных прадметах у рамках прафесіі токар. Практычны тур прайшоў у інструментальным цэху ў ААТ «БелАЗ». Канкурсанты выраблялі дэталь па чарцяжы, складанасць адпавядала патрабаванням, што прад’яўляюцца да токара чацвёртага разраду.

Міншчыну прадстаўлялі тры навучэнцы Жодзінскага прафесійнага ліцэя. Іх выступленне з гонарам можна назваць бліскучым. Перамогу заваяваў Аляксандр Дунец. Ён вучыцца па спецыяльнасці «механічная апрацоўка металу на станках і лініях», не толькі вельмі адказна спасцігае навуку, але і па-сапраўднаму захапляецца абранай прафесіяй і ставіцца да яе вельмі творча. Сярод сярэбраных прызёраў — Яўген Бронскі. Ён асвойвае такую ж спецыяльнасць, што і Аляксандр, а таксама захапляецца тэхнікай і аўтамадэліраваннем. Іх калега па спецыяльнасці Арцём Трацэўскі ў ліку бронзавых прызёраў. Юнак таксама добра асвойвае абраную прафесію і вельмі любіць тэхніку.

Трэба сказаць, што ацэньвала ўзровень майстэрства канкурсантаў вельмі кампетэнтнае журы, у складзе якога былі прадстаўнікі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, ВА «Гомсельмаш», ААТ «БелАЗ», «Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній» і «Завод «ВІЗАС».

Па словах канкурсантаў, спаборніцтва стала для іх яркім творчым пачаткам на паспяховым прафесійным шляху. Усе яны маюць намер дасягнуць у сваёй справе сапраўднага высокага майстэрства. Нездарма ж гавораць, што токар — амаль ювелірная работа.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter