Амаль што хмарачос...

У Бабруйску на воданапорную вежу паставяць панарамны лiфт

Пасля рэканструкцыі харчовы комплекс «Чырвоная вежа» будзе ўдала спалучаць даўніну і сучаснасць

Адслужыўшы свой век, воданапорная вежа шэсць гадоў была быццам бы нікому не патрэбная. Сёй-той і ўвогуле прапаноўваў выкрасліць яе з існуючых аб’ектаў, аднак у Бабруйскім гарадскім водаканале вырашылі: «Дадзім вежы другое жыццё!» Пачалі са стварэння летняй пляцоўкі каля яе, потым абсталявалі кухню. На другім паверсе размясціўся рэстаран з адпаведным інтэр’ерам. Усё зроблена па самым высокiм класе. На аб’екце атрымалі працу тры дзясяткі чалавек, харчовае прадпрыемства стала прыбытковым.

— Вось тады, — расказвае дырэктар гарводаканала Алег Цітоў, — мы задумаліся, як далей развіваць нашу «Чырвоную вежу», тры паверхі якой заставаліся яшчэ не занятымі. Выспеў план іх «засялення» і надбудовы шклянога купала. Разгледзелі варыянт вонкавага панарамнага ліфта. Вышыня вежы каля 25 метраў. Значыць, з яе вяршыні можна будзе азіраць амаль увесь горад. Праектам прадугледжана аглядавая пляцоўка: сядзі, любуйся, атрымлівай задавальненне ад шырокіх даляглядаў…

Праектная дакументацыя па рэканструкцыі «Чырвонай вежы» падрыхтавана інстытутам «Белжылпраект», падпісваюцца дамовы з падрадчыкамі. Мяркуецца, што асноўны аб’ём работ будзе выкананы праз два-тры месяцы, а завяршэнне — да пачатку восені бягучага года.

На здымку: цяперашні выгляд «Чырвонай вежы».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter