«Алё! Я пішу вершы»

Навучыліся рыфмаваць? Выдатна! Але лезці ў Пушкіны зарана

Свята на носе. Прачнуліся «дацкія» лірыкі

«Прывітанне! Аддзел культуры? Я пішу вершы...» Гэтыя словы чую ў тэлефоннай трубцы ці не праз дзень і працягу размовы чакаю насцярожана. Бо меліся, і не раз, выпадкі, што адразу пасля іх з таго канца проваду без папярэджванняў пачыналася чытка тых самых вершаў, спыніць якую, прызнаюся, іншы раз даволі складана. Па-першае, чытаць свае творы натхнёны аўтар можа бясконца. Прычым неабавязкова вершы, ёсць і тыя, хто песні піша і гатовы з задавальненнем іх выканаць, толькі паслухайце, — і тады ўжо зусім весела! Па-другое, паспрабуй спыні, калі на гэтым баку — ты на службе і на пасадзе, а на другім — грамадзянін са сваім няхай і своеасаблівым, але зваротам у газету, ставіцца да якога трэба ўважліва, выслухаць зацікаўлена і адказаць ветліва. І барані Божа пакрыўдзіць такога творцу! Сама яшчэ і пашкадуеш. Таксама бывала.

Вось і зараз: адчуваецца, вясна не за гарамі. Першымі такой парой звычайна прачынаюцца «дацкія» лірыкі (ну тыя, чые музы шпарчэй падсцёбваюць крылатага Пегаса да таго ці іншага свята). А тут 8 Сакавіка на носе — самы раз у газету звярнуцца і, калі пашанцуе, свой вершык уціснуць. Нядаўна зноў званок: «Аддзел культуры? Я вершы пішу, хачу ў вас надрукаваць. Ёсць выдатныя, якраз да жаночага дня». Тлумачу: не друкуем вершы, не наш, як кажуць, профіль. Прапаную звярнуцца ў перыядычныя літаратурна-мастацкія выданні, дзе працуюць прафесіяналы-літаратары, якія і параду кваліфікаваную дадуць, і геніяльныя радкі, калі такія надарыліся, дакладна не абмінуць увагай. Пачынаю пералічваць назвы і разумею, што чуе мой суразмоўца іх ці не ўпершыню. Выходзіць, і не чытае, і не надта цікавіцца станам спраў на той самай паэтычнай ніве, дзе, хутчэй за ўсё, сам сабе і лепшы аўтар, і лепшы крытык.

Іншы раз я спрабавала тлумачыць такім творцам, што паэзія — гэта не проста ўдала зарыфмаваныя радкі. І што ладны вершык, складзены да юбілею любай жонкі, не азначае, што ты паэт. І што над кожным словам трэба працаваць, іншы раз падоўгу, шукаючы яго і песцячы ў душы, перш чым выкласці на паперу і несці на людзі. Што, сама меней, трэба хаця б проста больш чытаць, каб вучыцца на лепшых узорах, узбагачацца лепшым вопытам і назапашваць свой. Але далёка не кожны з вершатворцаў гатовы з гэтым пагадзіцца. Асабліва ў дачыненні да сябе.

Вось і вышэйзгаданая мая прапанова ўздзеяння на суразмоўцу не мела. Дый патрэбы ў ёй, відаць, не было. Настрою яна яму ніколькі не сапсавала, і з трубкі аптымістычна прагучала: «А зараз я вам свае вершы пачытаю. Слухайце...» Слухала хвілін пяць — графаман звычайны. Вымушана была развітацца, маўляў, няма часу на літаратурныя чытанні, прабачце.

Самае дзіўнае, што, як правіла, ніхто з такіх аўтараў нават ценю сумнення не дапускае: а ці такія ўжо вартыя яго вершы, каб стаць набыткам шырокай грамадскасці і быць надрукаванымі.

І гэта, на мой погляд, даволі паказальны сімптом. Канечне, здаровыя амбіцыі — няблага для творцы. Але чамусьці ўпэўнена: таленавітыя людзі хутчэй схільныя свае здольнасці заніжаць, чым перабольшваць і ў якасці сваіх вершаў часцей сумняваюцца, чым перакананы, што створанае імі цалкам бездакорна ўсяго таму, што так лічыць сам аўтар або сябры, якім чытаў, хвалілі, або цешчы надта спадабалася. Ці не таму і гавораць, што дапамагаць трэба таленту, а бяздарнасці праб’юцца самі.

Неяк адзін вядомы, прызнаны і сапраўды таленавіты паэт, які многа працуе з аўтарамi-пачаткоўцамi, сярод якіх нямала асоб і сталага ўзросту, расказваў, як ён спрабуе далікатна растлумачыць занадта ўпэўненым у сваёй геніяльнасці, у чым розніца паміж высокай паэзіяй і звычайнай вершатворчасцю. Задае пытанне: «А ці не спрабавалі вы заняцца, напрыклад, выяўленчым мастацтвам?» Суразмоўца спачатку здзіўляецца, але адказ звычайна аднолькавы: «Дык для гэтага патрэбны талент, і гэтаму трэба спецыяльна вучыцца». Бясспрэчна. А каб займацца літаратурай, ствараць вершы, выходзіць, дастаткова ўсяго толькі быць пісьменным. Шкада, што многія лічаць менавіта так.

А з іншага боку, можа, яно і няблага, калі чалавек адчувае ў сабе патрэбу выказвацца вершаваным радком, старанна робіць гэтыя больш ці менш удалыя спробы, настойліва прагне шырокага прызнання, марачы ашчаслівіць сваёй творчасцю не толькі родных і знаёмых. Як гаворыцца, лепш няхай гэтым займаецца, чым «водку пьянствует и безобразия нарушает». Дый вершаванае слова ён усё ж любіць у адрозненне ад тых, каму яго існаванне наогул абыякавае.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter