Аляксандр ЛУКАШАНЕЦ: “Мова павінна стаць фактарам кансалідацыі нашага грамадства”.

Сёння ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы.

Сёння ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень найбольшая ўвага надаецца мовам нацыянальных меншасцей і мовам, якія знаходзяцца на мяжы знікнення. Свята роднай мовы будуць адзначаць і звыш 140 нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі: рускія, украінцы, яўрэі, грэкі, латышы... І, канешне, беларусы. Несумненна, беларускай мове, якая мае статус дзяржаўнай, вывучаецца ў кожнай школе, мае абсалютна роўныя правы з другой дзяржаўнай — рускай мовай, ніякім чынам знікненне не пагражае. Прынамсі, афіцыйных падстаў для гэтага няма і быць не можа. А вось як пашырыць яе ўжыванне ў грамадстве, у паўсядзённым жыцці? Пра гэта варта пагаварыць менавіта сёння, у Дзень роднай мовы.

Мой сын адным з першых пасля слова “мама” вывучыў слова “дзякуй”. Не забываўся казаць яго, калі частавалі ці куплялі цацку. Калі пайшоў у дзіцячы садок і яго слоўнікавы запас павялічыўся ў дзясяткі разоў, адно з першых беларускіх слоў аказалася сярод самых апошніх, што ён прамаўляе. Калі пасля вячэры ўсе кажуць мне дзякуй за смачную ежу, трохгадовы сын пасля секунднага абдумвання кажа: “Мама, дзякуй ніхто не кажа, у садзіку мы гаворым “спасибо”. — “Чаму? А ты кажы дзякуй, — прашу яго я. — “Ніхто не ўмее казаць дзякуй”. Я — у разгубленасці. Растлумачыць сыну розніцу паміж мовамі пакуль што складана. Для мяне як мамы галоўнае, каб маё дзіця, “уліўшыся” ў соцыум, змагло знайсці з ім сродак зносін, адным з якіх і з’яўляецца мова. А калі вучу яго словам, якія яго аднагодкі не разумеюць, то навошта тады мне ўскладняць яму жыццё?
На першы погляд з мовай нашай роднай няма ніякай праблемы — у школах яе вывучаюць. Сёння ў краіне дзейнічае на 267 беларускамоўных агульнаадукацыйных устаноў больш, чым рускамоўных. Па словах вядучага спецыяліста інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства адукацыі Беларусі Ірыны Булаўкінай, большасць з іх знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Бацькі, якія жадаюць, каб іх дзеці навучаліся ў школе па-беларуску, павінны звярнуцца з пісьмом у раённае ўпраўленне адукацыі.
Беларуская мова сапраўды родная для большасцi грамадзян нашай краiны. Прынамсi, як паказаў апошнi перапiс, больш за пяць мільёнаў жыхароў краіны лічаць беларускую мову роднай, дзве трэці свабодна ёй валодаюць, але ў паўсядзённым жыцці размаўляе на ёй толькі чвэрць. Дарэчы, згодна з перапісам 1999 года, роднай беларускую мову лічылі 74 працэнты апытаных (цяпер толькі 53 працэнты). А мовай паўсядзённага ўжытку яна была для 30 з невялiкiм працэнтаў... Значыць, “кажуць, мова мая аджывае”?
Навукоўцы і даследчыкі з гэтым не пагаджаюцца. Аднак адзначаюць, што пэўныя праблемы ёсць. “Сёння высокаразвітая беларуская мова можа паспяхова абслугоўваць усе патрэбы жыцця сучаснага грамадства і функцыянаваць ва ўсіх сферах — ад попытавай да камп’ютарных тэхналогій, — гаворыць дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лукашанец. — Адзін цікавы момант: нягледзячы на праблемы з яе выкарыстаннем у большасці афіцыйных сфер ужытку, беларуская мова рэальна пранікае ў тыя сферы, дзе яе раней не было. Маю на ўвазе сферу інтэрнэт-камунікацый і канфесійную сферу. І гэта сведчыць пра тое, што беларуская мова рэальна запатрабавана і мае тэндэнцыю да пашырэння”.
Што ж трэба рабіць для таго, каб беларуская мова, што карыстаецца прэстыжам сярод усіх славянскіх народаў, у беларускім грамадстве заняла тое месца, якое яна павінна заняць?
Аляксандр Лукашанец прапаноўвае наступны алгарытм дзеянняў: па-першае, патрэбна строгае выкананне заканадаўства ў моўнай сферы — Канстытуцыі, якая замацоўвае статус беларускай дзяржаўнай мовы, Закона аб мовах Рэспублікі Беларусь. Па-другое, неабходна павышаць беларускамоўную кампетэнцыю нашага грамадства. Па-трэцяе, патрэбна распрацаваць план па стварэнні яе станоўчага іміджу. Беларускую мову павінны папулярызаваць людзі паспяховыя, паважаныя і прыгожыя. Калі мы будзем рэгулярна чуць беларускую мову ад такіх прадстаўнікоў нашага грамадства, тады і ўсе астатнія пачнуць больш ахвотна карыстацца беларускай мовай. Яна павінна стаць абавязковай у сферы навучання, афіцыйнай сферы.
Прычыны таго, што карэнны этнас Беларусі мала карыстаецца сваёй роднай мовай, тлумачыць гісторыя. Колькі разоў беларускую мову забаранялі, абражалі “простай, сялянскай”? (Праўда, чамусьці нашмат радзей мы згадваем, што яшчэ гэта  мова і першай еўрапейскай канстытуцыі, і першай друкаванай кнігі ва ўсходнеславянскім свеце. Справа ў славутым менталітэце?)
“Як бы ні высільваліся размаўляць па-руску, усё роўна ў вымаўленні праскочыць фрыкатыўнае “г”, дзеканне, цеканне, — гаворыць намеснік упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзімір Ламека. — Таму, як бы ты ні стараўся размаўляць па-руску, усё роўна пазнаюць, што ты — беларус. Мы можам песні беларускія спяваць і танцы танчыць, але калі не будзем размаўляць па-беларуску, то гэта будзе не культура, а бутафорыя. Вельмі важную функцыю ў гэтым кірунку робіць царква. На беларускую мову перакладзена Святое Евангелле паводле Матфея, а таксама літургіі Усяночнага трывання, чыну хрышчэння, вянчання, паніхіды, асобныя каноны і малітвы, якія ўвайшлі ў “Малітваслоў”. Цяпер Біблейская камісія Беларускай праваслаўнай царквы перакладае Пасланні Апосталаў на беларускую мову. У храмах Рымска-каталіцкага касцёла набажэнствы вядуцца па-беларуску, а таксама пераважна па-беларуску выдаюцца яго сродкі масавай інфармацыі”.
Адзінае, што супакойвае: чым больш слоў будзе ў слоўнікавым запасе майго сына, тым больш развітай будзе яго фанетычная памяць і ў будучым — больш шанцаў на паспяховыя адзнакі па дыктантах і пераказах у школе. Аднак зусім не толькі гэту мэту стаўлю перад сабой. Усведамленне сябе беларусам, патрыётам сваёй Радзімы, які ведае яе гісторыю і ганарыцца яе культурнай спадчынай, — вось да чаго імкнуся ў выхаванні. Аднак, як бачым, аднае любові да мовы мала. Важна, каб гэта любоў магла разлічваць на ўзаемнасць грамадства.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter