У Аляксандра Грына — беларускія родавыя карані

Аляксандр Грын з роду Грынеўскіх

У вядомага рускага пісьменніка былі беларускія шляхецкія родавыя карані
У вядомага рускага пісьменніка былі беларускія шляхецкія родавыя карані

11 жніўня (23 па новым стылі)— 135 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Грына. Нашы пастаянныя чытачы, пэўна, памятаюць цікавы тэкст “Лебедзь над Кімерыяй” (ГР, 04.06.2015). Ён пра тое, што ў Феадосіі ўшанавалі памяць пра Максіма Багдановіча, якога не стала на крымскай зямлі 25 мая 1917 года. Тэкст даслала наша супляменніца з Крыма Ала Ярмілава. Былая журналістка, ураджэнка Гомельшчыны цяпер — навуковы супрацоўнік Феадасійскага літаратурна-мемарыяльнага музея А. С. Грына, яна ж і куратар выставы. А цяпер Ала Аляксандраўна і прэс-сакратар Феадасійскага таварыства беларусаў. Дзякуючы за публікацыю, яна пісала: “Вельмі прыемна ад думкі, што землякі даведаюцца пра маю выставу, у якую я ўклала столькі сіл, колькі, напэўна, ні ў адно іншае мерапрыемства. Гэта маё “дзіця”, народжанае душой”.


Партрэт Максіма Багдановіча і бюст Аляксандра Грына

А далей... Музейшчыца звярнула ўвагу на тое, што не заўважылі іншыя чытачы. Аказваецца, бюст з дрэва на фота ў публікацыі — гэта не бюст Багдановіча! “Гэта — Аляксандр Грын: бюст яго ў нас стаіць пастаянна, — удакладняе спадарыня Ала. — Фатограф зрабіў фота, дзе ў кадры — і партрэт Багдановіча на сцяне, і гэты бюст. Каб паказаць, што нібыта Багдановіч прыйшоў у госці да Грына, я так і падпісала здымак”. У працэсе вёрсткі, аднак, мы ўзялі са здымка толькі бюст Грына, а падпісалі: “Бюст Максіма Багдановіча”.

Звярнуўшы ўвагу на знешнюю падобнасць пісьменнікаў, мы папрасілі ўдакладніць: а хто ж аўтар бюста? Улетку, аднак, у Музеі Грына шмат наведнікаў, адзначалі дзень памяці Грына (8 ліпеня) і 45-годдзе музея. Але вось Ала Ярмілава даслала звесткі з інвентарнай карткі: “Скульптура “Партрэт А. С. Грына”. Год стварэння — 1980 (адзначалі 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка), месца стварэння — г. Феадосія, матэрыял — дрэва, тэхніка — разьба. Аўтар — Лец Барыс Барысавіч (феадасійскі скульптар, заслужаны мастак Аўтаномнай Рэспублікі Крым, лаўрэат дзяржпрэміі АРК). Галава А. С. Грына выразана разам з падстаўкай. Паэт — ва ўзросце прыблізна 40 гадоў. Валасы выкладзеныя на касы прабор (злева направа), бровы ледзь ссунутыя … Збоку злева на падстаўцы выразаны надпіс: “Б.Лец. А.Грин. 80”.


Феадасійскі літаратурна-мемарыяльны музей А. С. Грына

Падаем такія падрабязнасці, бо ў Аляксандра Грына — беларускія родавыя карані. А тым больш і Ала Ярмілава прызнае: “Багдановіч і Грын, я прыгледзелася, сапраўды падобныя! Дзіўна падобныя! Вядома, тады ўсе насілі такія прычоскі і вусы, але, тым не менш, падабенства тым не абмяжоўваецца. Рысамі твараў падобныя: як у профіль, так і ў анфас! Толькі ў Грына трохі больш падоўжаны авал твару”. І ўсё ж папрасіла даць увесь ранейшы здымак з надпісам “Максім Багдановіч (партрэт) у гасцях у Аляксандра Грына (бюст)”.

Што да беларускіх каранёў Грына, то і ў Беларусі ёсць грыназнаўцы, а ў Феадосіі праходзяць раз на два гады “Грынаўскія чытанні”: Ала Ярмілава яшчэ напіша пра тое. А пакуль паведаміла, што бацька Аляксандра Грына — Стэфан Еўзебіуш Грынеўскі (па-руску: Сцяпан Яўсеевіч) (1843—1914), быў шляхціцам з родавага маёнтка Якубёнкі Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер — Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, Пліскі сельсавет). У 1863-м сасланы ў Томскую губерню за ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага. У 1868-м пераведзены на жыхарства ў Вяцкую губерню (цяпер Кіраўская вобласць). Там ажаніўся з рускай, і ў 1880-м у іх сям’і нарадзіўся сын Аляксандр — будучы пісьменнік Аляксандр Грын.

Ёсць надзея, што і ў Якубёнках ушануюць памяць пра супляменніка Аляксандра Грына з роду Грынеўскіх.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter