Аляксандр АНТОНЕНКА, старшыня Гродзенскага гарвыканкама: “Свята яднання і сяброўства з кожным годам мацнее”

Чым парадуе на гэты раз Рэспуб-ліканскі фестываль нацыянальных культур, чым здзівіць, запомніцца? Пра гэта расказвае старшыня Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Антоненка.

Мы ганарымся тым, што ўжо сёмы раз у наш горад над Нёманам прыедуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. Наша краіна з даўніх часоў з’яўляецца добрым і ўтульным домам шматнацыянальнай сям’і. Аб захаванні і развіцці духоўных традыцый усіх людзей , якія жывуць у рэспубліцы, сведчыць наш фестываль, што збірае яркія і самабытныя таленты, раскрывае невычэрпнае багацце народнага мастацтва, садзейнічае ўмацаванню міру і грамадскай згоды на беларускай зямлі. Свята мастацтва, традыцый, абрадаў, а галоўнае — свята яднання і сяброўства людзей з кожным годам мацнее і квітнее, пашырае свае граніцы.
У фестываля ўжо склаліся добрыя традыцыі, яны будуць замацаваны і на гэты раз. Як заўсёды, пачнецца свята яскравым шэсцем удзельнікаў, для кожнага нацыянальнага аб’яднання падрыхтаваны ў гістарычнай частцы Гродна свой падворак. Госці, як заўсёды, змогуць паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні, пазнаёміцца з абрадамі, набыць вырабы народных умельцаў.
 Будзе на нашым свяце і шмат новага. Па-першае, на гэты раз у фестывалі прыме ўдзел больш моладзі. Гродна — гэта горад трох універсітэтаў, толькі ў медыцынскім вучацца прадстаўнікі з 25 краін свету, таму мы таксама запрасілі іх  на свята. Іншаземныя студэнты, якія вучацца ў нашых універсітэтах, арганізуюць свой падворак, які, напэўна, выкліча вялікую цікавасць.
Упершыню на ўсіх падворках будуць паказаны традыцыйныя вясельныя абрады. Асобную праграму прадставяць танцавальныя калектывы на свяце нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва, пройдзе конкурс  выканаўцаў эстраднай песні.
Вялікая і цікавая праграма арганізавана і для дзяцей. Яны прымуць удзел у свяце нацыянальнага эстраднага мастацтва “ Сем вясёлкавых нот”, нацыянальнай паэзіі “Зялёнае лета”. Таксама ўпершыню будзе праведзена выстава нацыянальных друкаваных выданняў, канцэрт прафесійных артыстаў розных нацыянальнасцей нашай рэспублікі.
Фестываль сапраўды вучыць нас берагчы свае карані і паважаць культуру суседа. На гэтым свяце вы пачуеце шматгалоссе нашай краіны і ўбачыце новае і адметнае ў жыцці нацыянальна-культурных аб’яднанняў, тое, што ўпрыгожвае скарбонку кожнай нацыянальнасці і ўсяго нашага агульнага дома, імя якому — Беларусь. Мы вельмі рады гасцям і шчыра  запрашаем усіх на свята!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter