Альманскія балоты – гэта мяшок з грашыма
22.10.2013 19:51:12
У столінскай вёсцы ўзнагародзілі чэмпіёнаў па збору і загатоўцы журавін
КАРЭННАЙ жыхарцы вёсцы Альманы Ганне Дзенісовіч 73 гады. Але яе жвавасці і энергічнасці маглі б пазайздросціць і маладыя людзі. Смела дзень пры дні ідзе яна на балота. Ідзе не адна — збіраецца і пяць, і шэсць такіх жа спрытных і працавітых пенсіянерак з вёскі. Разам — весялей! Устае жанчына на досвітку. Дагледзіць коз, парася, курэй — і пешшу на балота. Была маладзейшая — заставаліся начаваць на балотах, а зараз стараецца вярнуцца да цемнаты.
Пенсія ў жанчыны сціплая — 1 мільён 300 тысяч рублёў, як для сябе адной — пражывеш, а трымаць гаспадарку нерэальна. І вось пашанцавала дык пашанцавала: 20 кастрычніка на раённым журавінным свяце жанчыну ўзнагародзілі ганаровай граматай як лепшую збіральніцу балотнай ягады ў старэйшай катэгорыі. За верасень-кастрычнік Ганна Дзенісовіч здала больш за 500 кілаграмаў журавін. Ягаду мясцовыя загатоўшчыкі прымалі па 15—16 тысяч рублёў за кілаграм, так што пенсіянерка зарабіла каля 8 мільёнаў.
Я на балоце, можна сказаць, вырасла. Толькі хадзіць навучылася, была бацьку па пояс, а ён ужо — мяшок у рукі і ў ягады. Маці кульгала — яе пакалечыла ў вайну. Вось мы, малыя, і памагалі змалку, — успамінае пенсіянерка. — Часам і спіна баліць, але стараешся не прыслухоўвацца. Да цяжкай працы мне не прывыкаць, дзякуй Богу, семярых дзяцей выгадавала.
Аднавяскоўцы прызнаюцца: у гэтым годзе палягчэнне. Здаць ягаду можна тут, каля балота. Загатоўшчыкі — а такіх тры ў Альманах — пад’язджаюць на конях ці аўтобусах і прымаюць журавіны на месцы. Гэта значыць, не трэба цягнуць на плячах праз усё сяло мяшок.
Іван Аглашэвіч за сезон, які, дарэчы, будзе працягвацца да першага снегу, загатаваў больш за 25 тон журавін. За гэта ад свайго, Стружскага, сельвыканкама атрымаў грамату. Чыстая, цвёрдая і спелая — ад сялян загатоўшчык патрабаваў якасную ягаду, бо яна пасля ехала ў мінскую фірму на пераработку.
У Альманах жыве каля тысячы чалавек. Неафіцыйныя звесткі паведамляюць: за адзін сезон альманскія «людзі на балоце» зарабляюць каля 500 тысяч долараў.
За два няпоўныя месяцы сям’я Шаміч на журавінах зарабіла больш за 30 мільёнаў рублёў. Муж з жонкай прызнаюцца: у іх ёсць свае сакрэтныя, багатыя на ягады месцы. За дзень у разгар сезона Васіль з Таццянай, бывала, збіралі па мяшку ягад. Больш за ўсё сям’я здавала за дзень 84 кілаграмы. За два месяцы набегла дзве тоны, сельвыканкам адзначыў Таццяну Шаміч як лепшую збіральніцу ў катэгорыі сярэдняга ўзросту.
— Пакуль снег не выпадзе, будзем хадзіць на балота. Нам з мужам траіх дзяцей гадаваць. Канешне, грошы лішнімі не будуць. Цяжка, прыходзіцца несці мяшок з ягадамі па дзве гадзіны на плячах, — гаворыць Таццяна.
Спрабую журавінны морс — смаката. Яго спецыяльна да вясковага свята зварыў пяцікласнік Алег Петравец.
Ой, страў з балотнай ягадай на свяце я смакавала нямала! І яблыкі, запечаныя з журавінамі, і рагалікі са слаёнага цеста з журавіннай начынкай, і журавінныя палоскі. Дарэчы, большасць прысмакаў гатавалі дзеці.
13-гадовы Павел Буян паказвае мне ярху — спецыяльную дошку, з дапамогай якой ачышчаюць журавіны ад смецця. Хлопец палівае ярху вадой, а затым кубачкам сыпле на яе ягады. Яны кацяцца ўніз і падаюць у тазік, смецце застаецца на дошцы. Ярха ёсць амаль што ў кожным альманскім двары, гаспадыні ведаюць: перабіраць журавіны без яе намнога даўжэй.
Наталля СЕРГУЦ, «БН»
Фота аўтара