Альманскія балоты – гэта мяшок з грашыма

КАРЭННАЙ жыхарцы вёсцы Альманы Ганне Дзенісовіч 73 гады. Але яе жвавасці і энергічнасці маглі б пазайздросціць і маладыя людзі. Смела дзень пры дні ідзе яна на балота. Ідзе не адна — збіраецца і пяць, і шэсць такіх жа спрытных і працавітых пенсіянерак з вёскі. Разам — весялей! Устае жанчына на досвітку. Дагледзіць коз, парася, курэй — і пешшу на балота. Была маладзейшая — заставаліся начаваць на балотах, а зараз стараецца вярнуцца да цемнаты.

У столінскай вёсцы ўзнагародзілі чэмпіёнаў па збору і загатоўцы журавін

КАРЭННАЙ жыхарцы вёсцы Альманы Ганне Дзенісовіч 73 гады. Але яе жвавасці і энергічнасці маглі б пазайздросціць і маладыя людзі. Смела дзень пры дні ідзе яна на балота. Ідзе не адна — збіраецца і пяць, і шэсць такіх жа спрытных і працавітых пенсіянерак з вёскі. Разам — весялей! Устае жанчына на досвітку. Дагледзіць коз, парася, курэй — і пешшу на балота. Была маладзейшая — заставаліся начаваць на балотах, а зараз стараецца вярнуцца да цемнаты.

— Добра, што Бог і так дае сілы хадзіць у ягады. Ведаеце, у нас усе, хто можа падняцца на ногі, ідуць на балота. Бо журавіны — наш хлеб, — прызнаецца Ганна Гаўрылаўна.

Пенсія ў жанчыны сціплая — 1 мільён 300 тысяч рублёў, як для сябе адной — пражывеш, а трымаць гаспадарку нерэальна. І вось пашанцавала дык пашанцавала: 20 кастрычніка на раённым журавінным свяце жанчыну ўзнагародзілі ганаровай граматай як лепшую збіральніцу балотнай ягады ў старэйшай катэгорыі. За верасень-кастрычнік Ганна Дзенісовіч здала больш за 500 кілаграмаў журавін. Ягаду мясцовыя загатоўшчыкі прымалі па 15—16 тысяч рублёў за кілаграм, так што пенсіянерка зарабіла каля 8 мільёнаў.

Я на балоце, можна сказаць, вырасла. Толькі хадзіць навучылася, была бацьку па пояс, а ён ужо — мяшок у рукі і ў ягады. Маці кульгала — яе пакалечыла ў вайну. Вось мы, малыя, і памагалі змалку, — успамінае пенсіянерка. — Часам і спіна баліць, але стараешся не прыслухоўвацца. Да цяжкай працы мне не прывыкаць, дзякуй Богу, семярых дзяцей выгадавала.

Аднавяскоўцы прызнаюцца: у гэтым годзе палягчэнне. Здаць ягаду можна тут, каля балота. Загатоўшчыкі — а такіх тры ў Альманах — пад’язджаюць на конях ці аўтобусах і прымаюць журавіны на месцы. Гэта значыць, не трэба цягнуць на плячах праз усё сяло мяшок.

Рабацяг у Альманах многа. Некаторыя за дзень умудраліся зарабіць і па 600 тысяч. Гэта ж патрэбна назбіраць ягад больш за сорак кілаграмаў! — расказвае загатоўшчык нумар адзін у вёсцы Іван Аглашэвіч. — Вы прайдзіцеся па Альманах і самі ўбачыце: хто працуе, той і мае. У некаторых дварах і машына, а то і дзве стаіць, і трактар ёсць, і рамонт ідзе, і будуюцца многія.

Іван Аглашэвіч за сезон, які, дарэчы, будзе працягвацца да першага снегу, загатаваў больш за 25 тон журавін. За гэта ад свайго, Стружскага, сельвыканкама атрымаў грамату. Чыстая, цвёрдая і спелая — ад сялян загатоўшчык патрабаваў якасную ягаду, бо яна пасля ехала ў мінскую фірму на пераработку.

У Альманах жыве каля тысячы чалавек. Неафіцыйныя звесткі паведамляюць: за адзін сезон альманскія «людзі на балоце» зарабляюць каля 500 тысяч долараў.

— Альманскія балоты называюць мяшком з грашыма, — расказвае старшыня Стружскага сельвыканкама Ніна Ліпская. — Але толькі мы самі ведаем, колькі сіл і здароўя трэба, каб дастаць гэтыя грошы адтуль. Сотня жыхароў Альман працуе ў СПК, некаторыя ў школе, дзіцячым садку, амбулаторыі, крамах, пошце, астатнія зарабляюць на жыццё журавінамі. Скончацца журавіны — паедуць на сезонныя заработкі, пасля іх на вясну ставяць цяпліцы. Бачыце, капейка людзям дастаецца нялёгка.

За два няпоўныя месяцы сям’я Шаміч на журавінах зарабіла больш за 30 мільёнаў рублёў. Муж з жонкай прызнаюцца: у іх ёсць свае сакрэтныя, багатыя на ягады месцы. За дзень у разгар сезона Васіль з Таццянай, бывала, збіралі па мяшку ягад. Больш за ўсё сям’я здавала за дзень 84 кілаграмы. За два месяцы набегла дзве тоны, сельвыканкам адзначыў Таццяну Шаміч як лепшую збіральніцу ў катэгорыі сярэдняга ўзросту.

— Пакуль снег не выпадзе, будзем хадзіць на балота. Нам з мужам траіх дзяцей гадаваць. Канешне, грошы лішнімі не будуць. Цяжка, прыходзіцца несці мяшок з ягадамі па дзве гадзіны на плячах, — гаворыць Таццяна.

Спрабую журавінны морс — смаката. Яго спецыяльна да  вясковага свята зварыў пяцікласнік Алег Петравец.

— Таўчом журавіны, заліваем вадой, даводзім да кіпення, пліту выключаем і салодзім морс. Піць яго трэба халодным, так смачней, — дзеліцца рэцэптам хлопчык. — А мой сябар Сашка Шаміч сам згатаваў з журавін жэле, паспрабуйце.

Ой, страў з балотнай ягадай на свяце я смакавала нямала! І яблыкі, запечаныя з журавінамі, і рагалікі са слаёнага цеста з журавіннай начынкай, і журавінныя палоскі. Дарэчы, большасць прысмакаў гатавалі дзеці.

13-гадовы Павел Буян паказвае мне ярху — спецыяльную дошку, з дапамогай якой ачышчаюць журавіны ад смецця. Хлопец палівае ярху вадой, а затым кубачкам сыпле на яе ягады. Яны кацяцца ўніз і падаюць у тазік, смецце застаецца на дошцы. Ярха ёсць амаль што ў кожным альманскім двары, гаспадыні ведаюць: перабіраць журавіны без яе намнога даўжэй.

Наталля СЕРГУЦ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter