Паказанні алкатэстара з'яўляюцца доказам толькі калі вымярэнні былі зроблены па правілах

Алкатэстар «звольнiў» з працы

Паказанні алкатэстара з'яўляюцца доказам толькі калі вымярэнні былі зроблены па правілах
Я працую па кантрак­це слесарам на прыватным прадпрыем­стве. У ноч з 31 снеж­ня на 1 студзеня выпіў ка­ля 200 грамаў шам­панскага. Дру­гога сту­дзеня я вый­шаў на працу. Аднаму з су­працоўнікаў па­дарылі алка­тэстар кі­тай­скай вы­творчасці. Ён жартам пра­па­на­­ваў мне дзьмухнуць. Я дзьмухнуў, і алка­тэстар паказаў 0,4 праміле. Аб гэ­тым супрацоўнік да­лажыў кі­раўніцтву. Кі­раўнік арга­нізацыі патрэбаваў ад мяне на­пісаць тлумачальную, у якой я адзначыў, што так, учора выпіваў, аднак цяпер цвярозы. Паху алкаголю з рота і іншых прыкмет алкагольнага ап`янення не было. На агляд мяне не вазілі. Аднак кіраўнік адхіліў мяне ад працы і звольніў у той жа дзень па пагадненні бакоў. Заяву аб звальненні па пагад­ненні бакоў я не пісаў, загад аб зваль­ненні і іншыя да­кументы, акрамя тлумачальнай, не пад­пісваў. Працоўную кніж­ку аддалі ў той жа дзень, канчатковы раз­лік абяцалі зрабіць у дзень выплаты зара­ботнай платы, гэта значыць 30 сту­дзеня. Як даказаць сваю не­вінаватасць і абараніць свае правы?
Аляксандр Іванавіч, г. Мінск

На пытанне адказвае Генадзь ФІЛАНОВІЧ, кандыдат юрыдычных навук, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў

Вам прыйдзец­ца даказваць сваю невінава­­тасць ужо ў судзе. У адпа­ведна­сці з артыкулам 242 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ПК) для гэтага ў вас ёсць адзін месяц з дня выдачы працоўнай кніжкі з запісам аб абгрунтаванні спынення працоўнага дагавора. Мяркуючы па інфармацыі, якую вы паведамілі, задаючы пытанне, наймальнікам, магчыма, былі дапушчаны істотныя парушэнні пры вашым звальненні.

Згодна з пунктам 37 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29.03.2001 № 2 (рэд. ад 28.06.2012) «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы» наймальнік мае права скасаваць працоўны дагавор па пункце 7 артыкула 42 ПК з работнікам, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап`янення ў працоўны час або па месцы працы. Стан алкагольнага ап`янення можа быць пацверджаны медыцынскім заключэннем і іншымі відамі доказаў, у тым ліку актам. Усе гэтыя доказы ацэньваюцца судом. Ацэнка праводзіцца па агульных правілах грамадзянскага працэсу.

Зыходзячы з судовай прак­тыкі, паказанні якога-небудзь вымяральнага прыбора, у тым ліку алкатэстара, з`яўляюцца доказам у судзе толькі ў тым выпадку, калі пры ажыццяўлен­ні вымярэнняў быў захаваны парадак дзеянняў, вызначаны вытворцам. Прыбор павінен быць унесены ў Дзяржаўны рэестр сродкаў вымярэнняў, мець дзеючае пасведчанне аб паверцы, якое выдаецца ва ўстаноўленым заканадаў­ствам парадку органамі дзяржаўнай метралагічнай службы, кляймо (наклейку) устаноўленага ўзору і быць апламбаваным вытворцам у адпаведнасці са схемай пламбавання, якая выключае магчымасць несанк­цыяніраванага ўмя­шання ў працу прыбора. Акрамя таго, кожны прыбор мае хібнасць, якая паказваецца ў пашпарце прыбора. У канчатковым выніку даная хібнасць павінна быць улічана. Бытавыя алкатэстары кітайскай вытворчасці, як правіла, маюць вельмі нізкую дакладнасць вымярэнняў. Таму суд, хутчэй за ўсё, не прыме паказанні алкатэстара ў якасці доказу наяўнасці  стану алкагольнага ап`янення.

Пры адсутнасці дзеянняў і прыкмет, наяўнасць якіх з`яўляецца дастатковай падставай меркаваць, што фізічная асоба знаходзіцца ў стане ап`янення, наймальнік у судзе не зможа спасылацца на паказанні сведак. Такімі дзеяннямі і прыкметамі з`яўляюцца: пах алкаголю з рота, цяжкасці пры захаванні раўнавагі, парушэнні гаворкі, выразная змена афарбоўкі скурнага покрыва асобы, пачырваненне вачэй, звужэнне або пашырэнне зрэнак вачэй,  хістанне пры хадзьбе, спантанныя рухі вачэй у гарызантальным кірунку пры іх крайнім адвядзенні ўбок (ністагм).

Вашым наймальнікам таксама парушаны парадак звальнення. У выпадку, калі падставай для звальнення з`яўлялася ваша з`яўленне ў стане алкагольнага ап`янення, то ён абавязаны быў вас звольніць па пункце 7 арт. 42 Працоўнага кодэкса, а не па пагадненні бакоў працоўнага дагавора (артыкул 37 ПК). Адсутнасць вашай пісьмовай заявы, неазнаямленне з загадам аб звальненні будуць служыць доказамі адсутнасці дамоўленасці паміж работнікам і наймальнікам на спыненне працоўнага дагавора па пагадненні бакоў. Акрамя таго, з 1 студзеня 2015 года ўтойванне (падмена) падставы звальнення работніка пры наяўнасці падставы для яго звальнення за здзяйсненне вінаватых дзеянняў з`яўляецца грубым парушэннем працоўных абавязкаў, што выклікае безумоўнае прыцягненне кіраўніка арганізацыі да дысцыплінарнай адказнасці, аж да звальнення з займаемай пасады (падпункт 4.2 пункта 4 Дэкрэта Прэзідэнта ад 15.12.2014 № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый»). Таксама най­мальнікам дапушчана парушэнне артыкула 77 Працоўнага кодэкса, згодна з якім пры звальненні работніка ўсе выплаты, якія належаць яму ад наймальніка на дзень звальнення, здзяйсняюцца не пазней за дзень звальнення.

Падсумоўваючы, я рэка­мендаваў бы вам, Аляксандр Іванавіч, з усімі дакументамі (працоўны дагавор, працоўная кніжка, копія загада аб зваль­ненні і г.д.) звярнуцца на вочную кансультацыю да адваката для складання іскавай заявы аб прызнанні звальнення незаконным, аднаўленні на працы, спагнанні сярэдняга заробку за час вымушанага прагула, іншых выплат, а таксама аб кампенсацыі маральнай шкоды.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter