Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Маскве абмеркавалі перспектывы развіцця Саюзнай дзяржавы

Алгарытм узаемнага інтарэсу

 Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, якое прайшло ў Маскве. Таксама адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і развіцця інтэграцыйных працэсаў. 

207058-02500.jpg

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюза Беларусі і Расіі, якое прайшло ў Маскве, планавалася да правядзення яшчэ ў канцы мінулага года. Аднак у выніку шэрага прычын было адкладзена. На фоне пачатку функцыявання Еўразійскага эканамічнага саюза з’явілася нямала разваг аб пераглядзе інтэграцыйных прыярытэтаў. Маўляў, еўразійскі вектар сёння найбольш актуальны і фармат “двойкі” будзе паступальна дрэйфаваць у гісторыю. Як гэта здарылася з ЕўрАзЭС. Аднак логіка такой высновы ўсё ж прыкметна накульгвае. ЕўрАзЭС саступіў месца ЕАЭС, калі новае ўтварэнне стала больш развітым, чым ранейшае. У выпадку ж з Саюзнай дзяржавай падобны пераход у агляднай будучыні відавочна немагчымы. У дваістым саюзе, акрамя эканамічнага складніка, ёсць элементы цеснай абароннай інтэграцыі, палітычнага ўзгаднення дзеянняў, у тым ліку на знешніх напрамках, узаемадзеянне ў сацыяльным забеспячэнні грамадзян. ЕАЭС да такога ўзроўню збліжэння краін яшчэ вельмі далёка, а таму і альтэрнатывы Саюзнай дзяржаве як флагману постсавецкай інтэграцыі сёння няма. Пра гэта можна меркаваць і па змесце перагавораў на вышэйшым узроўні, якія прайшлі ў Крамлі. Ужо на пачатку першай сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў фармаце “адзін на адзін” Уладзімір Пуцін адзначыў, што розныя інтэграцыйныя канфігурацыі зусім не выключаюць адна адну. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што настаў час фармалізаваць у саюзным фармаце ўсе тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты на працягу папярэдняга года.

На пачатку сустрэчы ў Маскве Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць правядзення ВДС Саюзнай дзяржавы: 

— У снежні мінулага года мы закраналі разам з Казахстанам нашы адносіны, больш у эканамічным ключы. Мы расшырылі наш ЕАЭС, да нас фактычна далучыліся Кыргызстан і Арменія. Мы з вамі абмяркоўвалі гэтыя праблемы, сустракаючыся ў Сочы… Шмат было ў нас размоў і ў тую лютаўскую ноч у Мінску. А сёння, як вы правільна сказалі, мы маем магчымасць фармалізаваць усе нашы размовы, перагаворы, прыняўшы канкрэтныя рашэнні. Час няпросты, ва ўсім свеце ён няпросты, патрабуе рашэнняў. Я думаю, мы прымем гэтыя рашэнні. 

Уладзімір Пуцін з калегам пагадзіўся: 

— Вельмі многае зроблена за папярэднія гады, але адно не падмяняе другое. Маю на ўвазе стварэнне агульнага рынку Казахстана, Беларусі і Расіі, стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы. Але ў рамках Саюзнай дзяржавы ёсць свае пытанні, свае задачы, якія мы вырашаем. І ў гэтым сэнсе гэтае аб’яднанне з’яўляецца нават у чымсьці больш прасунутым, асабліва калі паглядзець на пытанні сацыяльнага характару і тое, як мы вырашаем іх у інтарэсах нашых грамадзян. 

Перад пачаткам пасяджэння ВДС Аляксандра Лукашэнку чакаў прыемны сюрпрыз. Расійскі Прэзідэнт узнагародзіў яго ордэнам Аляксандра Неўскага. Гэта высокая ўзнагарода, якой звычайна адзначаюць вядомых расійскіх і замежных палітычных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў дзелавой супольнасці замежных дзяржаў за заслугі ў супрацоўніцтве з Расіяй і аказанні садзеяння ў яе сацыяльна-эканамічным развіцці. 

“Асноўны лейтматыў нашага мерапрыемства заключаецца ў тым, што ў самыя складаныя часы і ў сённяшні няпросты час мы заўсёды былі разам і будзем з цяперашняй няпростай сітуацыі выбірацца разам. Так лягчэй. Так паступаюць сапраўды блізкія народы. Браты...”

Аляксандр Лукашэнка

Парадак дня пасяджэння ВДС уключаў больш за 10 пунктаў. На савеце разгледзелі вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі за апошнія гады. У цэнтры ўвагі было таксама пытанне аб выкананні праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі. Традыцыйна ў парадак дня пасяджэння трапіла пытанне, якое датычыцца выканання і фарміравання бюджэту Саюзнай дзяржавы. Новы зацверджаны спіс будучых расходаў дасягае амаль 5 мільярдаў расійскіх рублёў.

Прыкладна 85 працэнтаў будзе накіравана на фінансаванне 36 сумесных праграм і мерапрыемстваў. Таксама варта адзначыць і яшчэ адзін важны пункт праграмы — унясенне ў парадак дня пасяджэння ВДС дадатковага пытання, якое датычыцца плана мерапрыемстваў урадаў Беларусі і Расіі па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Апошнім часам тэма магчымай страты інтэграцыйнага значэння Саюзнай дзяржавы на фоне створанага ў пачатку года ЕАЭС уздымаецца нярэдка. Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка вырашыў расставіць усе кропкі над “і”: 

— Шмат у чым дзякуючы Саюзу Беларусі і Расіі мы не апынуліся на задворках сусветных і рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў. Ён стаў прыкладам пры стварэнні Мытнага саюза, АЭП, а затым і ЕАЭС, што дае магчымасць цяпер ставіць пытанне аб магчымасці “інтэграцыі інтэграцый”, а магчыма, і пашырэнні ЕАЭС, маючы на ўвазе яго функцыі і паўнамоцтвы. 

Гаворачы аб падпісанні 15 гадоў назад Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта “быў лёсавызначальны крок, які не толькі ўмацаваў стратэгічнае партнёрства брацкіх дзяржаў”. 

Як і ў любых адносінах, у эканамічным супрацоўніцтве час ад часу ўзнікаюць разыходжанні. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў пытаннях інтэграцыі дзве краіны рушылі настолькі далёка, што было б недаравальна “страціць тэмпы руху наперад, тым больш ствараць штучна нейкія разборкі”. Пасяджэнне ВДС стала этапным, паколькі адным з цэнтральных пытанняў парадку дня было зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву. Гаворка ідзе аб плане работы аб’яднання на 2014-2017 гады.

— Нашы ўрады доўга працавалі над гэтым дакументам, каб вызначыць тыя пункты апоры, адштурхоўваючыся ад якіх саюзны праект атрымае новую дынаміку і дакладныя арыенціры далейшага руху, — растлумачыў Прэзідэнт Беларусі. Ён таксама акцэнтаваў увагу на пункце парадку дня, які датычыцца вынікаў двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. — На жаль, у нас ужо два гады крыху падае тавараабарот. Безумоўна, важкая прычына гэтага — неспрыяльная знешнеэканамічная кан’юнктура. Але шмат у чым і мы недапрацоўваем: ствараем напружанасць у гандлёвых адносінах, дысбаланс у эканамічнай палітыцы паміж нашымі краінамі, з-за чаго ўзнікаюць штучныя бар’еры для свабоднага перамяшчэння тавараў. Усе гэтыя бар’еры трэба здымаць, і мы гэта зробім, фарміраваць адзіную прамысловую палітыку і адзіны рынак. Гэта ў нашых агульных інтарэсах і вельмі важна для іншых інтэграцыйных праектаў. 

Беларусь і Расія падрыхтавалі пералік сумесных мер па ўхіленні бар’ераў, якія яшчэ засталіся, ва ўзаемным гандлі таварамі і ў прадастаўленні паслуг. Як заявіў Уладзімір Пуцін, такія меры “прадугледжваюць пашырэнне ўдзелу кампаній і прадпрыемстваў дзвюх краін у праводзімых дзяржаўных закупках”. Паводле слоў расійскага Прэзідэнта, Беларусь захоўвае лідарства сярод краін СНД па аб’ёме расійскіх капіталаўкладанняў: іх аб’ём у 2014 годзе дасягнуў 6,3 мільярда. Нямала інвестыцый — 2,3 мільярда долараў — уклаў у расійскую эканоміку і беларускі бок. 

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter