Алгарытм поспеху

«Рамбыттэхніка» у другі раз на Рэспубліканскай дошцы Гонару

ААТ «Завод «Рамбыттэхніка» ў Маладзечне не абмяжоўваецца толькі аказаннем бытавых паслуг

Пэўны час таму, прыняўшы кіраўніцтва прадпрыемствам, яго дырэктар Валянцін Халявінскі распрацаваў свой алгарытм дзеянняў, які потым стаў алгарытмам поспеху. У выніку ўжо добры дзясятак гадоў завод трымае лідарства сярод аналагічных прадпрыемстваў у краіне. Сёлета за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці і вытворчай дзейнасці ААТ «Завод «Рамбыттэхніка» занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. Дарэчы, ужо ў другі раз.

Ювелірная справа

Згаданы алгарытм дазволіў вывесці прадпрыемства на прыбытковасць і зрабіць так, каб яно не толькі трывала стаяла на нагах, але і актыўна развівалася далей. Спачатку там аказваліся выключна бытавыя паслугі.

— Вядома, што найважнейшымі ўмовамі эканамічнай выгады аказання бытавых паслуг з’яўляюцца іх якасць і кароткі тэрмін выканання. З узмацнення гэтых пазіцый і пачыналі. Асноўны ўпор рабілі менавіта на рамонт бытавой тэхнікі, бо гэта наш галоўны накірунак. У выніку сталі нарошчваць аб’ёмы і ўмацоўвацца на гэтым рынку, — расказвае Валянцін Халявінскі.

Наступным крокам стаў пераход на рамонт і тэхабслугоўванне кухоннага, халадзільнага і іншага прамысловага абсталявання, а затым і паравых катлоў. У ліку заказчыкаў з’явіліся школы, дзіцячыя садкі, бальніцы, санаторыі, піянерскія лагеры і іншыя ўстановы не толькі з горада і раёна.

— У сферы рамонту бытавой тэхнікі канкурэнцыя зараз адчувальная. Давайце хоць зараз возьмем нашу раённую газету і там знойдзем ці не з два дзясяткі аб’яў, дзе прапануюцца такія паслугі ад прыватнікаў. У барацьбе за спажыўца нам вельмі дапамагае тое, што мы выконваем менавіта гарантыйны рамонт. Паслугі надзейныя і канкурэнтаздольныя, таму людзі робяць выбар на нашу карысць, — падкрэслівае дырэктар.

Цэх, дзе абслугоўваецца тэхніка, абсталяваны ўсім неабходным. Там досыць багаты фонд запасных частак, які пастаянна падтрымліваецца і папаўняецца. Як расказвае начальнік участка па рамонце складанай бытавой тэхнікі Анатоль Мазалеўскі, актыўна практыкуецца выязны рамонт, гэта вельмі зручна для ўсіх. Да заказчыкаў выязджаюць спецыяльныя машыны, дзе майстар — ён жа і вадзіцель. На аўтамабілі ўстаноўлена абсталяванне, якое дазваляе цалкам прасочваць маршрут і месца знаходжання. А з цэнтралізаванага пульта можна хутка кіраваць іх дзеяннямі, што немалаважна, асабліва калі патрабуецца тэрміновы рамонт.

Шмат сіл і сродкаў укладзена і ў развіццё ювелірнага ўчастка. Можна сказаць, што якасна новы этап пачаўся з набыццём ліццёвай машыны — а гэта ўжо зусім іншыя вырабы. Узрасло і майстэрства ювеліраў, што з задавальненнем адзначае кіраўнік прадпрыемства:

— Нашы спецыялісты працуюць з любымі каштоўнымі металамі. Адметна, што пераважна яны самавучкі, бо зараз такіх спецыялістаў амаль нідзе не рыхтуюць. Але на прадпрыемстве вельмі развіта настаўніцтва, і майстэрства перадаецца з пакалення ў пакаленне. Несумненна, усе нашы ювеліры добра валодаюць прафесійнымі навыкамі і маюць тонкі мастацкі густ.

Майстар ювелірнага ўчастка Сяргей Кісель можа шмат расказваць пра здольнасці і магчымасці сваіх падначаленых. Яны якасна выканаюць рамонт, пракансультуюць кліента па любым пытанні. Асобны накірунак — гэта выраб ювелірных упрыгажэнняў, якія выконваюцца не толькі па ўзорах, але і каталогах.

— Мы індывідуальна працуем з кожным заказчыкам. Калі трэба, можам прапанаваць тое ці іншае дызайнерскае рашэнне, расказаць пра актуальныя тэндэнцыі і накірункі, — адзначае Сяргей Кісель.

Дарэчы, ён кіраўнік не толькі ўчастка, але і дынастыі ювеліраў. Яго жонка Святлана па прыкладзе мужа пяць гадоў таму асвоіла ювелірную справу і зараз адзначае, што за любімай работай вельмі хутка ляціць час. Іх сын Аляксей працуе толькі год, але паспеў ужо многаму навучыцца і нават распрацаваць некалькі ўласных узораў ланцужкоў.

Нядаўна на заводзе пачалі працаваць з абменным фондам. Набыць гатовыя ювелірныя вырабы з гэтага фонду можна ў любы час, здаўшы ўзамен залаты лом і заплаціўшы за работу. Ацанілі майстэрства маладзечанскіх ювеліраў не толькі ў іх родным горадзе — філіялы працуюць у Слуцку і Салігорску.

Пад ляжачы камень...

— Зараз у нашай сферы цяжка ўтрымацца на вышыні без гібкай эканамічнай палітыкі, — адзначае Валянцін Іосіфавіч. — Трэба сказаць, што, дзякуючы намаганням усяго калектыву, мы змаглі істотна павялічыць аб’ёмы аказання бытавых паслуг, і па выніках мінулага года яны склалі больш за 5 мільярдаў рублёў. Але не сакрэт, што толькі на аказанні бытавых паслуг вялікага прыбытку не атрымаеш, бо яны маюць сацыяльную функцыю і цэны на іх рэгулюе дзяржава. У гэтым выпадку нельга абысціся без дадатковых вытворчасцей. І такія прадпрыемствы, як наша, проста абавязаны іх арганізоўваць, бо, як правіла, маюць і памяшканні, і нават пэўнае абсталяванне. Трэба толькі крыху парухацца, падумаць і палічыць.

Што і зроблена ў свой час на «Рамбыттэхніцы» — у пустуючых некалі памяшканнях была арганізавана вытворчасць нажных аўтамабільных помпаў і аўтамабільных вогнетушыцеляў. Гэта сумесны праект з расійскімі партнёрамі, якія паставілі частку абсталявання, забяспечваюць сыравінай і выкупляюць гатовую прадукцыю. Як падкрэслівае дырэктар завода, усё прайшло не без цяжкасцей:

— Трэба было вырашаць шматлікія арганізацыйныя і вытворчыя пытанні, але на тое мы і пастаўлены на чале, каб гэта рабіць. Нашы цэхі не былі прыстасаваны для прэсаў і іншага магутнага абсталявання, якое патрабуецца ў металаапрацоўцы. Для таго, каб яго зманціраваць, даводзілася разбіраць дахі і нават часткова сцены. Устанавілі новыя кампрэсары, бо калі раней заводзіўся наш стары цеплавозны, гэта чула ўся акруга, а мы з сумам глядзелі на электралічыльнік. Зараз можна з упэўненасцю канстатаваць, што кааперацыя з расійскімі кампаніямі сябе апраўдала.

Дзякуючы рабоце дадатковай вытворчасці з’явіліся абаротныя сродкі, магчымасць карыстацца дэпазітамі і гэтак далей. У выніку прадпрыемства не толькі пачало дыхаць больш вольна, відавочнай стала перспектыва далейшага развіцця. Частка сродкаў укладзена непасрэдна ў бытавыя паслугі, яны сталі больш канкурэнтаздольнымі, запатрабаванымі, што не замінула станоўча адбіцца на іміджы прадпрыемства. А частка пайшла на рамонт самога завода, стварэнне належных умоў для работы і адпачынку працаўнікоў. У цэхах стала па-сапраўднаму цёпла і светла, з’явіліся ўтульныя бытавыя пакоі, гардэробы, пакоі для прыёму ежы, душавыя і нават більярдная, якая не пустуе ў час перапынкаў і ў іншы нерабочы час.

Разам з тым набывалася новае абсталяванне, электрапрыборы былі заменены на энергазберагальныя. Дарэчы, у выніку мадэрнізацыі зусім хутка на заводзе з’явіцца яшчэ адна прынцыпова новая вытворчасць. Якая? Дырэктар пакуль не прызнаўся, але ў госці запрасіў праз пару месяцаў.

Комплексны падыход да арганізацыі дзейнасці прадпрыемства дазволіў атрымаць добры эканамічны рэзультат, а разам з ім і заслужаную ацэнку на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Вынікі мінулага года паказалі, што літаральна па ўсіх пазіцыях, адзначаных у бізнес-плане, завод спрацаваў са значным перавышэннем. Так, рэнтабельнасць продажаў склала 15,01 % супраць запланаваных 14,03 %, істотна знізілася матэрыялаёмістасць і спажыванне энергарэсурсаў, павялічыўся каэфіцыент забеспячэння абаротнымі сродкамі. Тэмп росту экспарту тавараў склаў 151,1 % супраць планаваных 124 %, ад экспарту атрымана 5,5 млн. долараў ЗША, а сальда знешняга гандлю павялічылася ўтрая.

У сваім расказе пра развіццё прадпрыемства яго кіраўнік увесь час адзначае ўклад у гэту справу працаўнікоў на ўсіх участках работы. Відавочна, што там склаўся калектыў прафесіяналаў і аднадумцаў.

На здымку: начальнiк участка па вытворчасцi вогнетушыцеляў Юрый НАРКЕВIЧ и слесар механазборачных работ Галiна КАНIШЧАВА.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter