Алесино богато на известных лиц и трудолюбивых людей

Алесіна: назвалі дзяўчынку Вікторыяй


Фальварак Алесіна, частка смалявіцкага маёнтка Шыпяны, назву атрымаў ад імя яго ўладальніцы. Прозвішча яе гісторыя ўтойвае. Пісьмова сядзіба ўпершыню згадваецца ў 1594 годзе ў дакументах Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 

Вядомасць і развіццё акруга атрымала, калі яе ўладальнікамі сталі памешчыкі Манюшкі. Іх старажытнаму роду належалі вялікія абшары на тэрыторыі сучасных Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў.

Згодна з другім падзелам Рэчы Паспалітай, у 1793 годзе маёнтак адышоў да Верхменскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі. 

З сярэдзіны ХІХ стагоддзя Алесіна — абасобленая сядзіба шляхетнага роду Ваньковічаў. Гаспадары пабудавалі вінакурны завод. На ім працавала больш за паўтары сотні рабочых. Захаваліся чырвонакаменныя муры завода, сажалка побач з імі.

У 1906 годзе ў суседняй вёсцы Верхмень настаўнічаў малады Якуб Колас. 


З першых гадоў савецкай улады на месцы колішняга фальварка Алесіна ўзнік засценак. Сяляне аб’ядналіся ў сельскагаспадарчую арцель «Новае жыццё», якая пазней стала калгасам. У вёсцы працавалі малочны і крухмальны заводы, кузня. Адкрылася хата-чытальня.

У нямецка-фашысцкую акупацыю ў навакольных лясах дзейнічалі партызаны. За сувязь жыхароў з народнымі мсціўцамі ворагі дашчэнту спалілі Алесіна. Пасля вайны вёска нанава адбудоўвалася. Аднавіў дзейнасць калгас, рэфармаваны ў РУП «Шыпяны-АСК» — вытворчае падраздзяленне РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Алесіна — у 2007 годзе атрымала статус аграгарадка Смалявіцкага раёна.


ЗА гадзіну даімчала сталічная машрутка да смалявіцкага аграгарадка Алесіна. Яго візітная картка — велічныя чырвонакаменныя муры, якія стагоддзямі вітаюць гасцей паселішча, куды прывяла мяне чарговая вандроўка. Трохпавярховы мур стаў адміністрацыйным будынкам РУП «Шыпяны-АСК». Суседні пераабсталяваны ў Дом культуры. А праз дарогу ў прасторным аднапавярховым памяшканні размешчана сталоўка сельгаспрадпрыемства. 

На ўзгорку маладыя дрэвы вянком апавілі прыгожы ансамбль Верхменскай сярэдняй школы імя Віктара Тумара. Паўвека таму ў гэты трохпавярховы будынак перасялілася Верхменская школа. У памяць, што ў 1906 годзе ў Верхменскім народным вучылішчы нас­таўнічаў малады Якуб Колас, захавалі ранейшую назву школы. Аб гэтым сведчыць мемарыяльная дошка на сцяне перад парадным уваходам. Жыццё, побыт насельніцтва Верхмені і навакольных пасяленняў пісьменнік увасобіў у трылогіі «На ростанях». Там вёска падаецца пад назвай Верхмень. У гэтых мясцінах жывуць нашчадкі прататыпаў літаратурных герояў Якуба Коласа.

З намеснікамі дырэктара Святланай Раманенка і Галінай Лапцёнак завіталі ў школьны краязнаўчы музей. Шмат намаганняў для яго стварэння прыклалі педагогі Святлана Сліжанкова, Валерый Граковіч і Святлана Лютарэвіч. 

Намеснік дырэктара Верхменскай сярэдняй школы імя В.А. Тумара Святлана РАМАНЕНКА.

У цэнтры прасторнага пакоя наведвальнікаў вітае ўвекавечаны скульптарам класік беларускай літаратуры. Экспазіцыя напоўнена эксклюзіўнымі экспанатамі сялянскага побыту мінулага. Захоўваюцца тут і ўспаміны вяскоўцаў пра гісторыю Алесіна.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя школе было прысвоена імя слыннага выпускніка Героя Савецкага Саюза Віктара Тумара. Мужнаму земляку прысвечаны спецыяльны стэнд. З вёскі Пелікі, дзе жыла сям’я Тумараў, Віктар хадзіў у Верхменскую школу. Пасля заканчэння яе да службы ў арміі працаваў на мясцовым торфазаводзе «Чырвоны сцяг». З першых дзён вайны змагаўся ў дзеючых войсках з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Прымаў удзел у вызваленні паўднёвай часткі Украіны, Румыніі. Вызначыўся ў баі пад горадам Ясы. У канцы вясны 1944 года з групай байцоў уступіў у няроўны бой з танкамі праціўніка, якія спрабавалі пра­рвацца ў тыл савецкіх войск. Калі варожыя танкі ўварваліся ў баявыя парадкі роты, радавы Тумар кінуўся пад танк і падарваў яго. Ён навечна занесены ў спіс 1-й роты 95-га мотастралковага Яскага палка.

Намеснік дырэктара Верхменскай сярэдняй школы імя В.А. Тумара Галіна ЛАПЦЁНАК са старшакласнікамі Уладзіславам ЗЕЛЯНКЕВІЧАМ і Дзянісам СКАРАДУЛЕМ.
 
Багаты на экспанаты і музей экалогіі. Загадвае ім настаўніца біялогіі Ала Ляўданская. Юныя натуралісты разам з педагогамі вясною ўпрыгожваюць падворак кветнікамі, высаджваюць дэкаратыўныя кусты і дрэвы.

У 2001 годзе школу наведваў Аляксандр Лукашэнка і пакінуў запіс у музейным альбоме. На алеі ля дубка ўсталявана таблічка з надпісам, што дрэўца пасаджана Прэзідэнтам Беларусі.

Сёння ў школе больш за сотню вучняў. Другі год узначальвае педкалектыў Марыя Крэсік. Пасля заканчэння сталічнага ўніверсітэта яна вярнулася ў роднае Алесіна.

Радзіма продкаў паклікала намесніка дырэктара Святлану Раманенка. Вырасла яна ў сталіцы. На канікулы прыязджала да бабулі Ганны Вікенцьеўны ў Алесіна. Пасля заканчэння гістфака Белдзяржуніверсітэта Святлана Міхайлаўна займалася бізнесам у Мінску. Пераканала мужа Сяргея Леанідавіча пераехаць у аграгарадок. Сем гадоў таму пабудавалі ў Алесіна ўласны дом і перасяліліся ў яго. 

Галоўныя спецыялісты РУП «Шыпяны-АСК» Андрэй ПАНАМАРЭНКА, Ніна КАРАСЬ і Яўген ПУЧКО.

СТАРШЫНЮ Курганскага сельвыканкама Інесу Хвашчэўскую радуе, што большае маладых сем’яў. Павялічваецца колькасць вучняў. Старшакласніцы Верхменскай сярэдняй школы ў Смалявіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі атрымліваюць прафесію гароднінавода, а юнакі — слесара па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Механізатарамі сталі выхаванцы школы Андрэй Лаўрэцкі, Генадзь Іваноў, вадзіцелем — Руслан Тумар. Малочна-таварную ферму «Курганы» ўзначаліла Таццяна Лаўрэцкая, фельчарам працуе ў Алесінскай амбулаторыі Галіна Мжачак. Большасць педагогаў школы таксама яе выпускнікі.

Пасля атрымання атэстатаў сталасці засталіся ў гаспадарцы браты Андрэй і Сяргей Мінічы. Летась на абласных «Дажынках» яны прадстаўлялі РУП «Шыпяны-АСК». У жніво браты працавалі на збожжаўборачным камбайне «Медзіён-340», і па намалотах прызнаны прызёрамі сярод маладзёжных экіпажаў Смалявіцкага раёна. Сын Сяргея Мініча Аляксандр таксама механізатар.

Звыш трох тысяч тон збожжа намалаціў летась камбайнер Генадзь Лаўрэцкі. 11 000 тон зерня дала летась хлебная ніва гаспадаркі. Ураджайнасць збожжавых перавысіла паўсотні цэнтнераў з гектара. 

Вынікамі хлебаробаў задаволены дырэктар Вадзім Касцяневіч. Пасля заканчэння заа­фака Белдзяржсельгасакадэміі вярнуўся ў свой раён. Кіраваў свінакомплексам у Зарэччы, а потым узначаліў заатэхнічную службу шыпянскай гаспадаркі. Трэці год кіруе сельгаспрадпрыемствам. Спецыялізуецца яно на вырошчванні элітнага насення зернебабовых і рапсу. Тут тыражуюцца распрацоўкі вучоных-селекцыянераў РУП «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве». Паўтара года таму галоўнага агранома РУП «Шыпяны-АСК» Генадзя Шэршаня, які стаў кіраўніком суседняй гаспадаркі, замяніў выпускнік Гродзенскага дзяржаграўніверсітэта Яўген Пучко. З Карэліцкага раёна перавёз у Алесіна сям’ю. Сын Косця летась упершыню пераступіў школьны парог. Падрастае дачушка Аленка. 

Дырэктар РУП «Шыпяны-АСК» Вадзім КАСЦЯНЕВІЧ.

Яўген Аляксандравіч шчыра прызнаўся, што на пачатку года, калі зямля спачывае да вясновага цяпла, ён ужо жыве клопатам пра будучы ўраджай. Сельгаспрадпрыемства стала выпрабавальным палігонам. На палях у вытворчых умовах новыя сарты і метады іх вырошчвання вытрымліваюць своеасаблівы экзамен на права распаўсюджвання ў гаспадарках рэспублікі. 

На ўскрайку аграгарадка дзейнічае адзіны ў Беларусі поўнафункцыянальны насенны завод. Паступаючае з палёў элітнае насенне збожжавых даводзіцца інавацыйным метадам да неабходных пасяўных кандыцый. Працуюць на гэтай вытворчасці вопытныя спецыялісты. На хлебнай ніве гаспадаркі культывуюцца толькі айчынныя сарты сельгаскультур. Вучоныя-селекцыянеры працуюць у цесным кантакце з хлебаробамі. 

МЕНАВІТА тут пачынаў кар’еру старшыні генеральны дырэктар НПЦ па земляробстве доктар сельскагаспадарчых навук Фёдар Прывалаў. У тыя гады пасля чарнобыльскай трагедыі вёска Алесіна прыняла сем’і з забруджаных радыяцыяй раёнаў Гомельшчыны. Дзяржава выдзеліла сродкі для ўладкавання перасяленцаў. Прыгожыя дамы пабудаваны на Цэнт­ральнай і Садовай вуліцах. У адным з іх жыве сям’я Ганчаровых, якая пераехала з Веткаўскага раёна. Гаспадар Іван Мікалаевіч — у ліку лепшых механізатараў. Сын Мікалай пасля заканчэння школы застаўся працаваць аператарам зернесушыльнага комплексу. На суседняй вуліцы размешчаны праваслаўны храм Раства Хрыстова. Правіць у ім святар Мікалай Пяшэвіч.

Механізатар Іван ГАНЧАРОЎ.

Галоўны эканаміст РУП «Шыпяны-АСК» Андрэй Панамарэнка падлічыў, што пасля атрымання ў 2007 годзе статуса аграгарадка пабудавана паўсотні катэджаў для працаўнікоў, педагогаў, медыкаў. На сродкі гаспадаркі адрамантаваны ўнікальны панскі будынак пад Дом культуры. Але трапіць туды не атрымалася: на дзвярах вісеў замок. Бібліятэкар Таццяна Ржэуцкая паведаміла, што ўнутры ўсё раскошна адрамантавана, але пануе цішыня. Толькі ў навагодняе свята моладзь тут скакала. Няма жадаючых на пасаду дырэктара. Працяглы час не было і бібліятэкара. Таццяна Раманаўна да выхаду на пенсію працавала бухгалтарам. За два гады засвоіла бібліятэкарскую справу. Абслугоўвае чвэрць тысячы абанентаў. Стэнды абнаўляе новымі паступленнямі кніжных выданняў. На стэлажах акуратна падшыты газеты. Але сярод іх не ўбачыў «Сельской газеты». Хочацца спадзявацца, што з’явіцца яна ў Алесінскай інтэграванай бібліятэцы.

Бібліятэкар Таццяна РЖЭУЦКАЯ і юны чытач Максім ЗДРУЦКІ. 

Усе гандлёвыя кропкі ў аграгарадку прыватныя. Я зазірнуў у адну з іх. Прадавец Ірына Сабчук ветліва павіталася. У цесным памяшканні прылаўкі шчыльна застаўлены прысмакамі. Паліцы забіты харчовымі таварамі. На другім баку вуліцы ішоў бойкі гандаль з перасовачнага вагончыка. Пакупніцы Ганна Лапцёнак і Зоя Арцімовіч у адзін голас адзначылі, што тут усё танней, чым у іншых магазінах аграгарадка.

Прадавец Ірына САБЧУК.

У адным з унікальных муроў размешчана сталовая. Загадчыца Аксана Судзілоўская адзначыла, што кухарыць у ёй пачнуць вясною, калі хлебаробы выйдуць у поле. Прасторную залу перад святам упрыгожылі лясной прыгажуняй. Працаўнікам ёсць дзе правесці каляднае застолле. Сёлета гаспадарцы спаўняецца сто гадоў.

Загадчыца сталовай Аксана СУДЗІЛОЎСКАЯ.

НА працоўным месцы право­дзяць святочныя дні жывёлаводы. Даглядчыца цялят Наталля Будай сустракала Новы год са сваімі падапечнымі. Даглядае яна 120 маленькіх цялятак. Кожнаму з іх неабходна пільная ўвага. На малочна-таварны комплекс у Алесіна з вёскі Студзёнка яе падвозіць аўтобус. Сем гадоў таму яна з сям’ёю перабралася са сталіцы. Купілі дом, абсталявалі яго, падвялі водаправод. Хутка і газ будзе. 

Да жывёлаводаў на малочна-таварны комплекс, дзе ўтрымліваецца 1000 галоў буйной рагатай жывёлы, завіталі з галоўным спецыялістам па ідэалогіі Нінай Карась. Што­дзень гаспадарка пастаўляе на перапрацоўку на маладзечанскі малочны камбінат звыш 30 тон малака і ўсё сортам экстра. Гадавы надой ад каровы перавысіў 8000 кілаграмаў. Паказчыкі выдатныя, але Ніну Аркадзьеўну турбуе, што няма маладой змены жывёлаводам. Хвалюе праблема кадраў і начальніка комплексу Марыю Смык. Засталі яе ў службовым кабінеце. За супрацьлеглым сталом падлікі вяла памочнік брыгадзіра Фаіна Вараненка. Пасля чарнобыльскай трагедыі яна прыехала ў Алесіна з брагінскай вёскі Дублін. Наталля Клішкіна, якая таксама была ў пакоі, дадала, што і яна з-за радыяцыі пакінула бацькоўскую хату на Магілёўшчыне. З мужам Сяргеем Анатольевічам працуюць у жывёлагадоўлі. Сына Андрэя ажанілі. За дзень да Новага года нявестка Сняжана нарадзіла дзяўчынку. 

Начальнік малочна-таварнага комплексу Марыя СМЫК і жывёлавод Наталля БУДАЙ.

Вырашылі Вікторыяй назваць. Такой прыемнай навіной завяршылася навагодняя вандроўка ў аграгарадок Алесіна.

Смалявіцкі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter