Алена з вуліцы Студэнцкай

У  шаснаццаты  дзень  вясны  ў  актыўнай  удзельніцы  конкурсаў  журналісцкай  ветэранскай  арганізацыі  Алены Мімрык —  юбілей

У  шаснаццаты  дзень  вясны  ў  актыўнай  удзельніцы  конкурсаў  журналісцкай  ветэранскай  арганізацыі  Алены Мімрык —  юбілей

...У пераможным 1945-м васемнаццацігадовая прыгажуня Алена пачала свой працоўны шлях у газеце “Чырвоная змена”... радысткай. Спецыяльнасць гэту асвоіла на 3-месячных курсах у час вайны, куды накіраваў яе кіраўнік падпольнай групы Пётр Бачыла. 

Вельмі дарагую цану за Вялікую Перамогу заплаціла сям’я Алены. 

У самым пачатку вайны амаль усе яе родныя – бабуля, матуля, дзядзька і 12-гадовая сястрычка (у іх сям’і расло чатыры дачкі) — згарэлі зажыва ў склепе ўласнай хаты, куды трапіла бомба. Да гэтага часу перад вачыма Алены 34 чорныя птушкі з крыжамі, якія бамбілі раён чыгуначнага вакзала Мінска, дзе знаходзілася вуліца Студэнцкая. Там стаяў дом, у якім жыла вялікая дружная сям’я. Старэйшая сястра, на шчасце, затрымалася ў сяброўкі. А Алене ўдалося выратаваць чатырохгадовую Танечку – самую малодшую сястрычку. 

Пякучая прага помсты прывяла дзяўчынку Алену ў рады падпольшчыкаў. 

Пасля “Чырвонай змены”, дзе  яна асвоіла прафесію карэктара  і літсупрацоўніка, Алена Міхайлаўна 32 гады працавала ў часопісе “Бярозка” (сама была падобна на стройную бярозку) стылістам, адказным сакратаром. Затым быў “Набат” – выданне сацыяльна-экалагічнага саюза “Чарнобыль”, дзе даводзілася выконваць усе рэдакцыйныя абавязкі. 

У добразычлівай і спагадлівай Алены Міхайлаўны шмат сяброў. Пакаленне, загартаванае ў полымі вайны, добра ведае, што галоўная і сапраўдная каштоўнасць жыцця – духоўнасць. 

Бог даў Алене Мімрык літаратурны дар. Яна выдала каля 10 кніжак, друкавалася ў “Вожыку”, часопісах “Беларусь”, “Маладосць”, “Полымя”, перыядычным друку, у тым ліку і ў “Рэспубліцы”. Займалася перакладамі з рускай, чэшскай, украінскай моў. І зараз Алена Міхайлаўна актыўна ўдзельнічае ў творчых конкурсах журналісцкай ветэранскай арганізацыі. 

У шаснаццаты дзень вясны ў Алены Мімрык дзень нараджэння, юбілей! 

Пабольш Вам светлых дзён, здароўя, натхнення, мужнасці, радасці... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter