Алена і Александрыя адна адну знайшлі

ДЗЯЦІНСТВА пакідае ў нашай памяці найбольш яркія моманты перажытага. Паштальён аддзялення сувязі Александрыя Алена ГАЎРЫЧЭНКА вырасла ў Магілёве. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучылася на швачку ў дзяржаўным прафтэхліцэі. Працаваць па спецыяльнасці не давялося. Дзяўчыну вабіла прырода, вясковы побыт. З малых гадоў прызвычаілася яна да вёскі, куды часта выязджала з бацькамі да сваякоў. Разам з сяброўкамі ўладкавалася на працу ў прыгарадную садаводчую гаспадарку. Зімою абразалі пладовыя дрэвы, рыхтавалі сад да вясны. Кожную восень яблыні і грушы шчодра адорвалі сваімі пладамі.



За восем гадоў працы ў прыватным садзе Алена Васільеўна засвоіла асноўныя навыкі садавода. Навучылася прышчэпваць перспектыўныя сарты, іншых вучыла, як правільна даглядаць сад. Менавіта ў садзе пазнаёмілася з прафесійным садаводам Канстанцінам Барадаенкам, які пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі працаваў садаводам у шклоўскім ААТ «Александрыйскае». Маладыя зарэгістравалі шлюб. Алена Васільеўна пераехала з Магілёва ў аграгарадок Александрыя. На прысядзібным участку пасадзілі яблыні, грушы, слівы, алычу, кусты парэчкі, маліну.

Два гады таму Алену Васільеўну запрасілі працаваць у аддзяленне паштовай сувязі Александрыя. Участак для абслугоўвання даволі вялікі. Акрамя аграгарадка, паштальён дастаўляе карэспандэнцыю, розныя выплаты, некаторыя прамысловыя і харчовыя тавары жыхарам суседняй вёскі Малы Межнік і чыгуначнай станцыі Копысь. Штомесячна перавыконвае план паштовых паслуг. Неаднаразова яна выходзіла пераможцай спаборніцтва сярод вясковых паштальёнаў Шклоўскага раёна.

Знаходзіць Алена Васільеўна час і для свайго сада, што акружае дом, у якім жыве яе сям'я. Разам з мужам Канстанцінам Барадаенкам і сынам Мікітам даглядаюць дрэвы і кусты. Штогод сад шчодра родзіць. Упрыгожыла прысядзібны ўчастак плантацыя дурніц. Саджанцы гэтага ягадніку набывалі ў селекцыянераў. Сёлета атрымалі багаты ўраджай каштоўных ягад. Убіраць яго дапамагае на канікулах адзінаццацігадовы сын Мікіта. А калі неабходна, хлопчык падсабляе маці і на паштовым участку.

Актыўна праводзіць паштальён Алена Гаўрычэнка падпісную кампанію на перыядычны друк. Усе спецыялісты ААТ «Александрыйскае» пастаянна выпісваюць «Сельскую газету». Хочацца спадзявацца, што і надалей будзе павялічвацца колькасць нашых сяброў у паштовым аддзяленні Александрыя.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter