Почему председатель Белорусского союза композиторов ездит на занятия в Молодечно

Алена Атрашкевіч: кампазітар ці будаўнік?

У Беларускім саюзе кампазітараў новы старшыня — Алена АТРАШКЕВІЧ. На пасадзе з пачатку сакавіка, спраў і даручэнняў з узначаленнем грамадскай арганізацыі паболела. Прэзентацыі, конкурсы, пасяджэнні, супрацоўніцтва з сябрамі саюза, інтэрв’ю СМІ. Ужо двойчы, напрыклад, паўдзельнічала ў рабоце Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў, куды ўваходзіць і кампазітарская суполка. Дарэчы, старшынёўства — пасада грамадская і ад асноўнай дзейнасці не вызваляе. Таму спадарыня Алена ўменні і душу прысвячае педагогіцы: выкладае ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў, кіруе дзіцячай студыяй «Спяваем разам» у Маладзечне. Кампазітар цвёрда ўпэўнена: будучыня за моладдзю, варта ёй дапамагаць і раскрываць таленты.


Літаральна нядаўна ад­гры­меў «Маладзічок-2019». Іні­цы­я­та­рам гэтага дзіцячага конкурсу, які праходзіць з 2005 года, стала Алена Атрашкевіч. З усёй краіны ў сталіцу свята — Маладзечна — збіраюцца юныя таленты:

— Многія дзеці мараць трапіць на «Маладзічок», бо гэта своеасаблівая адзнака паспяховасці. Канкурсанты праходзяць папярэдні адбор, а на сцэне выконваюць па дзве кампазіцыі. Галоўная ўмова — прысутнасць творчай індывідуальнасці. У журы заўсёды знакамітыя і аўтарытэтныя артысты. На гэты раз Алег Молчан, Ірына Відава, Жанет, Ядвіга Паплаўская, Алег Елісеенкаў, арганізатар конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў «БЕЛАЗаўскі акорд» Генадзь Смольскі, каардынатар конкурсу «Маладыя таленты Беларусі» Таццяна Якушава з Беларускага радыё, Святлана Сарока — дырэктар Маладзечанскага палаца культуры… Стараліся ацэньваць аб’ектыўна, але слушна заўважыў старшыня журы Алег Елісеенкаў: вынікамі спаборніцтва бывае задаволены толькі пераможца.

— І хто задаволены на гэты раз?

— Пераможцаў некалькі. А вось Гран-пры заваявала Анаста­сія Жабко з Мінска. Яна ж, да­рэ­чы, і лаўрэат дзіцячага конкурсу «Славянскі базар у Віцебску». Нашы прызёры звычайна ўдзель­нічаюць у гала-канцэрце пад брэн­дам «Маладзічок запальвае зоркі» на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Яшчэ разынка «Маладзічка» — майстар-класы ў фармаце «круглага стала». Прыемна раскрываць таленты. Журы адзінагалосна пастанавіла: дзеці вельмі галасістыя.

Яшчэ адзін жэст увагі да моладзі: менавіта Алена Атрашкевіч у 2006 годзе ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў ініцыявала новую спецыяльнасць «Мастацтва эстрады (спевы)», сфарміравала і ўзначаліла камісію выкладчыкаў. Вось што расказвае пра гэта яна сама:

— І адразу спецыяльнасць гэтая між абітурыентаў стала карыстацца папулярнасцю. У першы год конкурс 12 чалавек на адно бюджэтнае месца. І цяпер канкурэнцыя трымаецца: ад трох да пяці прэтэндэнтаў. Галоўныя крытэрыі — матываванасць у вучобе і ўменне спяваць. Нашы выпускнікі не проста атрымліваюць дыпломы, а заслугоўваюць поспех — выступаюць на «Славянскім базары ў Віцебску», «Еўрабачанні», супрацоўнічаюць з Прэзідэнцкім аркестрам нашай краіны, Нацыянальным канцэртным аркестрам, Маладзёжным тэатрам эстрады.

Не толькі студэнцкія таленты развівае Алена Віктараўна. Яна запальвае зіхоткія зоркі з самага іх маленства. Больш за 20 гадоў пры Маладзечанскім палацы культуры кіруе дзіцячай студыяй «Спяваем разам», якую сама задумала. І нават цяпер пры вялікай — і грамадскай, і асноўнай — нагрузцы спадарыня Алена ездзіць на заняткі ў Маладзечна:

— Пастараюся быць побач з вучнямі настолькі, наколькі мяне хопіць, — не зніжае высокую планку субяседніца. А каб многае паспець, яна строга, літаральна да пяці хвілін, распланоўвае кожны дзень.

Выхаванцы Алены Атрашкевіч пераймаюць не толькі музычны досвед, але і арганізаванасць, шчырасць, стараннасць. Уздоўж і ўпоперак па зорных ростанях прайшліся Аляксандр Салаўёў, Жанет, Стэла, Дарыя, Яўген Доліч, Аляксей Грос, Таццяна Валахановіч, Аляксандр Саванец… Спіс гэты можна працягваць яшчэ дзясяткамі зычных імёнаў. Але самае галоўнае, што выкладанне не абмяжоўваецца часам праграмы, для некаторых вучняў Алена Віктараўна застаецца настаўніцай на ўсё жыццё.

У арсенале кампазітара мноства аўтарскай музыкі: тэатральная, рамансы, сімфанічныя паэмы… Але часцей за ўсё гэта сачыненні, аб’яднаныя з голасам і тэкстам. Супрацоўнічае Алена Атрашкевіч з многімі паэтамі. Асабліва плённа — з Васілём Жуковічам, іх песня «Міншчына» стала гімнам Мінскай вобласці, запісаны сумесны зборнік «Дарогамі вайны і Перамогі». Таксама ў творчых кампаньёнах — Людміла Воінава, Барыс Макарэвіч, Таццяна Мушынская, Таццяна Танюкевіч, Алесь Бадак, Мікола Шабовіч. З-пад кампазітарскіх струн выйшла музыка да адной з частак фільма «Азбука опасностей» на кінастудыі «Беларусьфільм», 15 дзіцячых мюзіклаў, самы папулярны з якіх «Тетушка Простуда» пастаўлены ў беларускіх тэатрах.

— У вас многа дзіцячых зборнікаў: «Лодка детства», «Город сказочный», дзве часткі «Песен для детей на стихи Н. Танюкевич» і нават аднайменны са студыяй у Маладзечне «Спяваем разам». Магчыма, гэта нечым абумоўлена?

— Сапраўды, некаторыя мяне нават спрабуюць назваць дзіцячым кампазітарам. Гэта не зусім так, але дзяцей вельмі люблю. Па-першае, я педагог. Апроч таго, мяне цешыць, што гэта самыя ўдзячныя слухачы і карыстальнікі, іх не падманеш. Наогул, люблю шчырасць. Магчыма, таму ў мяне шмат духоўнай музыкі, нават малітоўнай.

І сама спадарыня Алена, перш чым скончыць кансерваторыю, стаць выкладчыкам і заслужыць прызнанне, праторвала сцежку да творчасці яшчэ дзіцём:

— Пачула з блакітнага экрана застаўку на «Інтэрбачанне» і паўтарыла яе сваім голасам. Мама адвяла ў музычную студыю пры Палацы будаўнікоў. Тады мы жылі ў Казахстане. І я, пяцігадовая, стала асвойваць акардэон, хоць гэты інструмент для старэйшых. У групе вучні ад 5 да 35 гадоў, а я дарослым падказвала нотную грамату… Хоць на заняткі па сальфеджыа са мной хадзіла мама, запісвала за настаўнікамі.

Хутка сям’я пераехала ў Чашнікі, што на Віцебшчыне. У тамтэйшай музычнай школе дзяўчынцы прапанавалі ігру на фартэпіяна. «Калі не акардэон, значыць, нічога не трэба!» — амбіцыйна заявіла маленькая лэдзі. А пасля адумалася, уключыла разважлівасць і пагадзілася. Хутка юнае дараванне заўважылі выкладчыкі ліцэя пры кансерваторыі, і Алена з васьмі гадоў пераехала вучыцца ў Мінск:

— У 11 гадоў напісала першае музычнае сачыненне. І ўжо тады цвёрда ведала, стану ў будучыні кампазітарам ці будаўніком, бо любіла складаць цаглінкі. Кожную справу стараюся даводзіць да канца. Мо ў тым і заключана мая цяперашняя будоўля.

А будоўля вялікая, заслуг шмат. Перамагла ў конкурсах «Хит-момент», «Песня года Беларуси», мае званні «Лепшы кампазітар года», «Чалавек года Міншчыны», узнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры Беларусі… Хіба ўсё пералічыш?

— Я ўзнагародам не прыдаю вялікага значэння, гэта ўсяго толькі прыемны бонус у патрэбны момант. І галоўнае, каб да кожнага ён прыходзіў своечасова, — расстаўляе кропкі над «і» субяседніца.

Найпершае, што цешыць яе, — занятасць. Расслабляцца спадарыня Алена сабе не дазваляе. Унутраную арганізаванасць выхавала ў тым ліку і падчас працы дэпутатам у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, прадстаўляла Слуцкі, Пухавіцкі і Уздзенскі раёны. Выязджала на сустрэчы з грамадствам, вырашала набалелыя пытанні, але, як і ўласціва кожнаму апантанаму спецыялісту, хварэла за сваю галіну, імкнулася павысіць прэстыж культурнага асяроддзя.

— Алена Віктараўна, дык у якім статусе прафесія кампазітара сёння?

— Як ні дзіўна, у спецыяльным рэестры такой прафесіі наогул не існуе. Ёсць музыкант. А да яго адносіны ў грамадстве, умоўна кажучы, нена­дзейныя. Між іншым у іншаземцаў Беларусь атаясамліваецца менавіта з музычнымі калектывамі, напрык­лад «Песнярамі», «Сябрамі», мно­гія ўз­гадваюць Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна. Так што будзем павышаць прэстыж і рэкламаваць гэтую прафесію, бо яна — не для многіх, а выбраных. Каб скласці партытуру, зрабіць аранжыроўкі, патрэбна як мінімум прафесійная падрыхтоўка. У Беларускім саюзе кампазітараў 111 сяброў, і ўсе яны са спецыяльнай адукацыяй. Дарэчы, лічба гэтая для Беларусі немалая.

Алена Атрашкевіч цвёрда пераканана, што нацыянальная песня вучыць патрыятызму:

— Калі мой вучань спявае, напрыклад, «Жураўлі на Палессе ляцяць», і я бачу, што словы ідуць з унутранай глыбіні, то будзе лішнім яму тлумачыць, што такое Радзіма. Песня выхоўвае патрыятызм, гэта адназначна.

Для Алены Атрашкевіч патрыятызм праяўляецца яшчэ і ў тым, каб многа карыснага зрабіць для Беларусі. Нездарма марыць напісаць як мага больш музыкі, і лепшая, расстаўляе акорды субяседніца, яшчэ наперадзе. Канечне, у перспектыве раскрыццё і развіццё новых талентаў, а своечасовы момант для бонусаў кампазітар-маэстра абавязкова знойдзе. Не без прычыны ж працуе ў складзе экспертнай камісіі Спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter