Актрыса-вулкан. Доўгая тэатральная дарога Раісы Грыбовіч.

Адкуль у вядучага майстра сцэны Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Раісы Грыбовіч такі сакавіты гумар і вясёлы нораў? Невыпадкова нехта назваў яе віцебскай Фаінай Ранеўскай... Пра бенефіс актрысы, што з аншлагам прайшоў на сцэне нацыянальнага тэатра, які, дарэчы, у гэтым годзе адзначыць сваё 85-годдзе, будуць успамінаць яшчэ вельмі доўга. Бо, сапраўды, столькі густоўнага імправізаванага гумару можна пачуць толькі ад чалавека, які ўвабраў у сябе культурны пласт народнага жыцця і якому лёсам было наканавана рэалізаваць сябе на сцэне.

Адкуль у вядучага майстра сцэны Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Раісы Грыбовіч такі сакавіты гумар і вясёлы нораў? Невыпадкова нехта назваў яе віцебскай Фаінай Ранеўскай... Пра бенефіс актрысы, што з аншлагам прайшоў на сцэне нацыянальнага тэатра, які, дарэчы, у гэтым годзе адзначыць сваё 85-годдзе, будуць успамінаць яшчэ вельмі доўга. Бо, сапраўды, столькі густоўнага імправізаванага гумару можна пачуць толькі ад чалавека, які ўвабраў у сябе культурны пласт народнага жыцця і якому лёсам было наканавана рэалізаваць сябе на сцэне.

Палескія карані

— Свядомых парываў стаць артысткай з дзяцінства я ў сабе не прыпамінаю, — гаворыць Раіса Грыбовіч. — Але парадзіраваць, імітаваць, спяваць, танчыць — гэта так. Нарадзілася ў Казахстане, калі бацькі паехалі цаліну падымаць. Як толькі да нас прыходзілі госці, мне трэба было ўсіх весяліць, ствараць настрой. З мяне само “пёрла”. Рыфмаваныя радкі проста зляталі з языка. Карацей, я была дзяўчынкай-бразготкай з нейкай нястрымнай фантазіяй. Неўзабаве бацькі пераехалі на Палессе, на бацькаву радзіму — у вёску Сінін Мерчыцкага сельсавета Пінскага раёна. Карацей, пінская шляхта. А вось мама мая “пскапская”. Скончыла педагагічнае вучылішча ў Апочцы.
Палескі менталітэт аказаў найбольшы ўплыў на прафесійнае станаўленне актрысы. І зараз яна прыгадвае сваю заснежаную вёсачку з калодзежамі-жураўлямі, як хадзіла за сем кіламетраў у школу і як па дарозе нара-джаліся самыя дзіўныя фантазіі. Вось чаму не спыняе здзіўляцца Раіса Сцяпанаўна, дык гэта таму, што тыя яе дзіцячыя фантазіі потым усё роўна рэалізаваліся ў жыцці. Вельмі цёпла актрыса прыгадвае свайго настаўніка беларускай мовы і літаратуры, класнага кіраўніка Аркадзя Міронавіча Грэчку. Яму абавязана любоўю да роднай мовы, да Радзімы.

Экстрым — яе стыхія

Яна вырасла ў шматдзетнай сям’і. У бацькоў было пяць дачушак і адзін сынок. Гэта дазваляе актрысе з упэўненасцю казаць пра сябе: я з нізоў, расла экстрэмальна, а значыць, многае пра жыццё ведаю.
Пасля школы дзяўчына апынулася ўслед за сястрой у будаўнічай вучэльні, і першы запіс у працоўнай кніжцы — муляр. І ўсё ж лёс распарадзіўся па-свойму: Раіса паступіла на тэатральнае аддзяленне Гродзенскага вучылішча мастацтваў і скончыла з чырвоным дыпломам.
— У мяне да тэатра была доўгая дарога ў дзюнах... — усміхаецца Грыбовіч. — Калі я ў Гродне выконвала ролю Бабы Ягі і выкацілася на сцэну на самакаце з балалайкай, адразу стала зоркай у вучылішчы.
У Віцебск выпускніца вучылішча паехала разам са сваёй сяброўкай Святланай Жукоўскай. Дзяўчаты пачулі, што ў тэатры імя Якуба Коласа шукаюць актрысу на ролю Настачкі ў неўміручым спектаклі “Несцерка”. І Коласаўскі тэатр стаў для абедзвюх родным.
Але апантаная творчасцю Грыбовіч не спынілася ў пошуку сваёй прафесійнай індывідуальнасці. Раіса паступіла ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва на завочны курс народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай.
— Некалі глядзела “Ціхі Дон” і марыла пра сустрэчу з самой Быстрыцкай, — гаворыць Раіса. — І вось атрымалася браць урокі прафесійнага майстэрства ў яе. Гэта былі незабыўныя сустрэчы. Памятаю, іграла звар’яцелую старую ў інстытуцкай пастаноўцы “Братоў Карамазавых”. Эліна Аўрамаўна гаварыла: “Раечка, ты сябе не адпускай далёка, пакідай зазор паміж сабой і роллю. Інакш апынешся, як і я ў свой час, у бальніцы”... Наогул мне шанцавала на людзей. З Галяй Жывіцай мы жылі разам у інтэрнаце яшчэ ў Пінску, спявалі ў ансамблі “Палескія зоры”. І зараз яна разам з сёстрамі з Ваўкавыска прыехала да мяне на бенефіс, каб упрыгожыць вечарыну сваімі прыгожымі спевамі.

Патрапіць у дзясятачку

Найбольш раскрыўся талент актрысы ў яе камедыйных ролях. А між іншым яна ўсё марыла сыграць Ранеўскую ў чэхаўскім “Вішнёвым садзе”. За амаль 30 гадоў службы на коласаўскай сцэне выканала больш за 50 роляў. Сярод іх — Лайма ў пастаноўцы Валерыя Маслюка “Клеменс”, Гэнэндэль — у спектаклі Юрыя Лізенгевіча “Тойбеле і яе дэман”, Проня і Аўдоцця Піліпаўна ў камедыі “За двума зайцамі” рэжысёра Міхася Краснабаева. І сёння бліскучая актрыса зрывае апладысменты, калі выходзіць на сцэну ў спектаклях “Псіхааналітык для псіхааналітыка”, “Ветрагоны”, “Мудрацы”, “Позняе каханне”. Нядаўна разам са сваёй малодшай дачкой Дашай зняліся ў расійскім тэлесерыяле “Сапраўднае жыццё”. Дарэчы, абедзве дачкі Раісы Сцяпанаўны таксама творчыя натуры. Алеся займаецца аўтарскай песняй у Цэнтры культуры “Віцебск”, Даша вучыцца ў акадэміі мастацтваў на дызайнера.
У “Горадзе майстроў” на “Славянскім базары ў Віцебску” Раіса Грыбовіч адкрыла для сябе свет “мяккага жалеза” — яна па традыцыі выступае вядучай каларытных кавальскіх свят. Яе ведаюць самыя вядомыя кавалі з усіх трох славянскіх дзяржаў: Беларусі, Украіны, Расіі.
Невыпадкова за актыўнае грамадскае жыццё ў 2009 годзе Грыбовіч была названа чалавекам года Віцебшчыны.
Бенефіс актрысы быў падрыхтаваны з нагоды яе юбілейнай даты нараджэння. Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Рыд Таліпаў у перапоўненай прыхільнікамі таленту актрысы зале шчыра заўважыў: Раіса Грыбовіч — самая яркая і змястоўная старонка сучаснага жыцця Коласаўскага тэатра, гэта жанчына-вулкан, актрыса-землятрус.
Асмелюся заўважыць, што, калі ў наступным сезоне ў тэатры пачнуць ставіць знакамітую камедыю “Ханума”, рэжысёр, даручыўшы галоўную ролю імпэтнай Грыбовіч, патрапіць у дзясятачку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter