Аляксей Кузьміч — вядомы наш мастак

Акрылены Мадоннамі

Аляксей Кузьміч — вядомы наш мастак. Яго радзіма — еўрапейская, славянская, і ён — мастак еўрапейска-славянскага маштабу. На гэтую сусветную вышыню майго земляка ўзнеслі Мадонны. Яны акрылілі яго, натхнілі на творчы подзвіг, раскрылі яго прыродны талент, вывелі на высокую арбіту. З гэтага касмічнага Парнаса бачны яго загадкавыя Мадонны, ад якіх душа наша напаўняецца сонечнай энергіяй. 



І наша краіна ведае сваіх мастакоў, якія абагаўлялі зямных пасланніц нябёсаў. Сярод іх — яркая асоба Аляксея Кузьміча. Святланосная творчасць гэтага чараўніка фарбаў выклікае сотні пытанняў пра жыццё ў вечнасці і смерць пры жыцці, аб сапраўднай прыгажосці і скарбах дабрыні, аб міласэрнасці і як супрацьлегласць — аб інтрыгах д’ябла. Аднак галоўная яго тэма, абраная аднойчы і на ўсё жыццё, — гэта зямныя Мадонны. Мастак стварыў больш за семсот палотнаў, у якіх нястомна шукаў ідэал беларускай жанчыны. Яго пошукі то акунаюцца ў сівую даўніну («Еўфрасіння Полацкая», «Манашка», «Плач Рагнеды»), то ён звяртаецца да вобразаў вядомых беларусак (партрэты народных артыстак СССР Галіны Макаравай, Стэфаніі Станюты), то піша безымянных, маладых і сталых, ад якіх не адвесці вачэй («Мінская Мадонна», «Даная», «Дзяўчына і кветкі», «Старасць»). За гэта трэба пакланіцца Аляксею Васільевічу, ён услаўляў жанчыну, яе прыгажосць, яе ахвярнасць на Зямлі, яе высакародную боскую місію сярод людзей. Ён раскрываў свету чароўны вобраз жанчыны і праз яго расказваў і пра нашу краіну.

Жывапісец бачыў і зло, і распусту, і заганы, якімі д’ябал хоча падарваць Сусвет. Можа, таму на святых вобразах зямных Мадоннаў Кузьміча бачны трывога, неспакой і слёзы. Сам Аляксей Кузьміч тлумачыў трывогу сваіх Мадоннаў з вышыні таямніцы мастацтва:

— Пішу прыгажуню. Натхнёна і ўзнёсла датыкаецца мой пэндзаль да палатна. Прасвятляецца боскі твар маці. І раптам нечаканы штуршок у душы, як бы зверху, ад Таго, хто кіруе маім талентам. Мазок, другі... і на прывабным твары Мадонны — смутак глыбокага роздуму і вечнага болю за нашчадкаў сваіх, за сям’ю, за дзень заўтрашні, за будучыню планеты, на якой усе мы кас-мічныя пілігрымы...

Маэстра за мальбертам нястомна абуджаў сэрцы, памяць, душы гледачоў, прымушаў іх задумацца, спавядацца, маліцца. Кожны дзень у сваёй майстэрні ў Траецкім прадмесці ў Мінску Аляксей Кузьміч біўся над разгадкай таямніцы прыгажосці, мудрасці і святасці беларускай Мадонны. Падбіраў фарбы такія, каб перадалі духоўнае багацце жанчыны, няўлоўны свет самога Госпада. «Да гэтага імкнуся, — прызнаваўся Аляксей Васільевіч, — але да канца раскрыць сакрэт прыгажосці Мадонны немагчыма. Над гэтым пакутавалі геніі да мяне, будуць у вечным пошуку і на-шчадкі, таму што сапраўдная прыгажосць — гэта само жыццё, а ключ — у Бога. Я стараюся толькі асвятліць людзям дарогу да Яго Храма».

Я заўсёды шчыра радаваўся за брата па духу, што ён верны сваёй тэме, свайму мастацкаму почырку і густу, верны сваёй Мадонне і сваёй сям’і,  дастойна працягвае свой род, які каранямі сыходзіць у далёкую даўніну, і чэрпае жыватворную сілу ў знакамітых продкаў. Ён быў багаты душой і ўзвышаны шчодрай любоўю тысяч сваіх прыхільнікаў.

Аляксей Кузьміч шмат гадоў пісаў свае дзённікі, адкрыта і шчыра спавядаўся перад сваім сумленнем, сваёй Мадоннай, прызнаваўся ў любові да сваёй Радзімы. Яго мастацкія палотны і літаратурная споведзь даўно просяцца ў незвычайны музей Беларусі -- Галерэю Мадоннаў Аляксея Кузьміча. Гэта была запаветная мара мастака. Сёлета 1 чэрвеня яму споўнілася б 70 гадоў.

Тэма жанчыны ў мастацтве вечная. Ёй столькі гадоў, колькі самому чалавеку на Зямлі. У сусветную калекцыю шэдэўраў увайшлі наскальныя малюнкі, найстаражытныя скульптуры жанчын, статуэткі «краманьёнскіх Венер» з біўняў мамантаў, каменю, гліны. Свет ведае абліччы Мадоннаў, створаных геніямі — Рафаэлем, Леанарда да Вінчы, Батычэлі, Беліні, Рубенсам, Рэмбрантам, Манэ, Сезанам, Рэнуарам, Пікаса...

Уладзімір ЛІПСКІ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter