Акрыленая восень жыцця. Забыць пра хваробы і самоту адзінокім пажылым людзям дапамагаюць беларускія арнітолагі і самі птушкі.

“Нашы “птушкі” прыляцелі!” — так зараз сустракаюць сваіх апекуноў, настаўнікаў і сяброў з “Аховы птушак Бацькаўшчыны” ў мінскіх інтэрнатах для пажылых людзей, дзе нядаўна стартаваў праект АПБ “Усе ўзросты птушкам падуладныя”. Новая ініцыятыва абаронцаў беларускіх птушак сугучна дэвізу гэтай грамадскай арганізацыі: “Разам — для птушак і людзей!”

Пенсіянер — значыць, першы

Калі супрацоўнікі АПБ прааналізавалі тэлефонныя званкі, якія да іх паступаюць, высветлілася, што больш за ўсіх птушыная тэма хвалюе пенсіянераў — людзей, якія любяць прыроду, маюць досыць вольнага часу і гатовы дзейнічаць. Чаму б не пайсці ім насустрач?!
Першыя кантакты з пенсіянерамі пачалі наладжваць у дамах-інтэрнатах, дзе пражываюць адзінокія састарэлыя людзі з фізічнымі парушэннямі. Такім чынам, праект закранае і сацыяльную рэабілітацыю пажылых людзей, і арганізацыю іх вольнага часу з прыцягненнем да карыснай справы.
— Шмат пажылых людзей, якія страцілі працаздольнасць, у прамым сэнсе не ведаюць, што рабіць далей, яны цяжка адаптуюцца да новых умоў жыцця ў грамадстве, — канстатуе каардынатар праекта Наталля Парэчына. — Назіранні за птушкамі, вывучэнне іх звычак, дапамога ў зімовы час — усё гэта можа надаць новы сэнс нялёгкаму жыццю гэтых людзей.
Дарэчы, у краінах Заходняй Еўропы назіранні за птушкамі з’яўляюцца самым масавым захапленнем сярод пажылых людзей. Трэба бачыць гэтыя натоўпы дзядуляў і бабуль са звышмоцнай оптыкай у руках, калі яны адухатварона крочаць да вадаёмаў ці ўзлескаў, каб паназіраць за птушкамі, адзначыць новыя для сябе віды. Аказваецца, і ў нашай краіне пенсіянеры ўтвараюць найбольш актыўны “фронт” у барацьбе за вырашэнне птушыных праблем.
У АПБ спадзяюцца, што з цягам часу з дапамогай удзельнікаў праекта пашырыцца сетка захавальнікаў тэрыторый, важных для птушак (ТВП). І зноў замежны вопыт будзе карысным: у Каралеўскім таварыстве аховы птушак Вялікабрытаніі (RSPB), якое з’яўляецца адным з галоўных партнёраў “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, велізарная колькасць пенсіянераў працуе валанцёрамі ў інфармацыйных цэнтрах. Пажылыя людзі выступаюць у якасці кансультантаў, праводзяць экскурсіі па ТВП і г.д. Нашы пенсіянеры могуць займацца гэтым не горш.

Дыялог пакаленняў

— Мы працуем на базе пяці дамоў-інтэрнатаў і аднаго дзіцячага дома горада Мінска з шасцю групамі актывістаў, у кожнай — па 10 чалавек, — тлумачыць Наталля Парэчына. — Акрамя спецыялістаў АПБ да праекта далучыліся валанцёры-студэнты.
Раз у два тыдні Наталля і яе памочнікі сустракаюцца з кожнай групай. Пажылыя людзі знаёмяцца з відамі птушак, якія жывуць каля іх інтэрнатаў, вывучаюць паводзіны крылатых суседзяў, авалодваюць навыкамі будаўніцтва штучных гнёзд і падкормачных пляцовак. Працэс настолькі захапляльны, што пенсіянеры з радасцю дзеляцца сваімі ведамі з іншымі людзьмі, са свімі дзецьмі і ўнукамі, якія таксама паступова далучаюцца да цікавай справы.
Падчас сустрэчы з пажылымі “арнітолагамі” з дома-інтэрната для пенсіянераў-інвалідаў, што знаходзіцца ў сталічным мікрараёне Серабранка, мы пазнаёміліся з юным натуралістам Стасам Зуевым, які пачаў рэгулярна наведваць “птушыныя” заняткі разам са сваёй бабуляй Нэляй Іванаўнай Зуевай. Уважлівы і кемлівы хлопчык ловіць усё новае літаральна на ляту, а пасля ўжо сам тлумачыць пенсіянерам, чым адметная тая ці іншая птушка. Такі вось дыялог пакаленняў.

Жывая прырода — жывыя эмоцыі

Давялося нам папрысутнічаць і на практычных занятках, якія праводзіліся непасрэдна на прыродзе. Пажылыя людзі з вялікай цікавасцю слухалі супрацоўніка АПБ Руслана Шайкіна. Побач насіліся шматлікія дразды-піскуны, чайкі і іншыя птушкі.
 — На шчасце, не трэба далёка адыходзіць — практычна ўсюды побач ёсць куточкі прыроды, — адзначае Руслан. — Групы ў нас невялікія, а слухачы — вельмі ўдзячныя.
Гэтая шчымлівая сціплая ўдзячнасць свеціцца ў вачах жыхароў інтэрната нават калі яны маўчаць. А калі дзякуюць, эмоцыі не стрымліваюць.
— Нам цікава абсалютна ўсё, што прапануюць нашы новыя сябры, — дзеліцца ўражаннямі Генадзія Міхайлаўна Дворак. — Усё вельмі пазнавальна і нечакана для нас саміх. Мы такія шчаслівыя, што спецыяльна для нас прыдумалі гэты праект!
— Нам часта паказваюць фільмы пра беларускую прыроду, і гэта проста цудоўна! — дадае Валянціна Аляксееўна Працко. — Мы займаемся мастацкай творчасцю: малюем птушак, шыем сумкі з іх выявамі. А самае галоўнае — даведаліся шмат такога, чаго ніколі, разумееце, ніколі не ведалі.
Работы пачынаючых мастачак з мінскіх дамоў-інтэрнатаў ужо з’ездзілі на фестываль кулікоў-2010 у Тураў, дзе былі адзначаны як удалы дэбют.

Ці тое яшчэ будзе!

Што да планаў, то ў гэтым “птушыным” праекце яны сапраўды напалеонаўскія. Мяркуйце самі: спецыялісты АПБ маюць намер распрацаваць і ўсталяваць каля кожнага дома-інтэрната спецыяльныя інфармацыйныя стэнды з выявамі птушак, якія жывуць побач. З’явяцца там і інфармацыйныя цэнтры, якія павінны стаць месцам сустрэч і адпачынку назіральнікаў за птушкамі і жыхароў інтэрнатаў.
Сярод запланаваных мерапрыемстваў — творчыя майстэрні з выкарыстаннем методыкі арт-тэрапіі, рэгулярныя экскурсіі, чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі, збор і нарыхтоўка лекавых раслін і траў для птушак на кармушках, фальклорныя вечары і г.д.
Відавочна, што і супрацоўнікі АПБ, і самі птушкі здольны акрыліць шмат людзей, якія яшчэ ўчора безнадзейна ўглядаліся ў будучыню. Для шэрых адзінокіх дзён у іх жыцці месца проста не застаецца. І, спадзяёмся, ніколі ўжо не застанецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter