У прыгожым месцы Мінска паўстануць сем фігур-вобразаў дзеячаў беларускай навукі і асветы

Акадэмічны бульвар

У прыгожым месцы Мінска паўстануць сем фігур-вобразаў дзеячаў беларускай навукі і асветы


Нацыянальная акадэмія навук плануе стварыць у Мінску Бульвар беларускай навукі. Ён будзе невялікім, пройдзе ад галоўнай магістралі сталіцы — праспекта Францыска Скарыны — да Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН імя Якуба Коласа. Пра тое мне распавёў акадэмік, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка.


Акадэмік Аляксандр Лакотка
Як вядома, у Мінску, моцна разбураным у гады Вялікай Айчыннай вайны, захавалася ці было адноўлена няшмат знакавых гістарычных ансамбляў. Адзін з іх — галоўны корпус НАН Беларусі, пабудаваны ў 1939-м па праекце вялікага дойліда Еўропы XX стагоддзя Іосіфа Лангбарда. “Гэта адзін з лепшых твораў беларускай грамадзянскай архітэктуры, — лічыць Аляксандр Лакотка. — Можна сказаць: архітэктурная класіка, якая адлюстроўвае нацыянальную ідэю. Ды ў сілу розных прычын прастора ад праспекта да будынка бібліятэкі не атрымала архітэктурнага афармлення. Таму летась і прынята рашэнне: рэканструяваць і стварыць — у архітэктурных нетрах акадэмічнай забудовы — Бульвар беларускай навукі”.

Згодна з праектам, ад манументальнай агароджы, якая — таксама гістарычна-культурная каштоўнасць, да бібліятэкі будзе ісці алея. “Я прапанаваў зрабіць невялікую рэкрэацыю, арыентаваную на праспект, і збудаваць там алею, па баках размясціць невялікія рэкрэацыі з лаўкамі, добраўпарадкаваць і дапоўніць іх архітэктурнымі малымі формамі. У цэнтры плануем манументальную кампазіцыю, яе ўмоўная назва пакуль — Кальцо беларускай навукі, — накідвае на паперы план Аляксандр Лакотка. — Традыцыя ўзвядзення помнікаў у дварах універсітэтаў, дарэчы, мае даўнюю  гісторыю, а сёння, як кажуць у народзе, гэта яшчэ і даніна модзе. Напрыклад, у Ягелонскім універсітэце (Кракаў) стаіць помнік Мікалаю Каперніку, у Пражскім — Яну Гусу. А Беларускі дзяржуніверсітэт пайшоў далей і ўсталяваў шэраг помнікаў: Францыску Скарыну, Еўфрасінні Полацкай, Міколу Гусоўскаму, Кірылу Тураўскаму, а таксама Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму.

Мяркуецца, бронзавую групу на будучым бульвары ўтвораць сем фігур-вобразаў выдатных дзеячаў беларускай навукі і асветы. Гэта будуць Кірыла Тураўскі, чые працы ўваходзяць у залаты фонд старажытнай літаратуры і на працягу стагоддзяў карыстаюцца велізарнай папулярнасцю на землях усходніх славян, Францыск Скарына — першадрукар, асветнік і навукоўца эпохі Рэнесансу, Казімір Семяновіч — інжынер і тэарэтык артылерыі, пры тым гуманіст, які лічыў вайну найвелізарным няшчасцем для чалавецтва, Спірыдон Собаль — беларускі друкар, аўтар першай чытанкі-буквара, выдадзенай у 1636 годзе ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая неаднаразова перавыдавалася, Казімір Лышчынскі — вялікі філосаф, чыё імя стаіць у адным шэрагу з імёнамі волатаў думкі — “вялікіх ерэтыкоў” Джардана Бруна, Джуліо Ваніні, Мігеля Сервета, а таксама Яўстах Тышкевіч — адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі ды Усевалад Ігнатоўскі — першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук.

Менавіта сем фігур выбрана не выпадкова: цяпер у структуры НАН Беларусі — сем навуковых аддзяленняў, і кожнае з іх мае “сваю” гістарычную асобу. Акрамя таго, рэканструкцыя на тэрыторыі галоўнага корпуса НАН прадугледжвае будаўніцтва шматфункцыянальнай канферэнц-залы — на месцы былога падземнага бункера. Як лічыць Аляксандр Лакотка, новы будынак дапоўніць прастору ад праспекта да бібліятэкі і надасць архітэктурную завершанасць акадэмічнаму панадворку. Праектныя працы ўжо ідуць, комплекс з’явіцца ў хуткім часе. Як рэзюмаваў аўтар праекта, галоўная задача праекта ў тым, каб даць гораду яшчэ адну грамадскую абсталяваную рэкрэацыі, дзе можна будзе прагуляцца, адпачыць і падумаць. У тым ліку і пра слаўных сыноў Бацькаўшчыны, пра Вечнасць і пра навуку.

Фотаздымак: Іван Ждановіч
Іна Ганчаровіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter