Акіян слоў і моў. Караблі 26 краін з кнігамі прышвартаваліся ў Мінску.

Міністр інфармацыі Алег ПРАЛЯСКОЎСКІ: “На XVII Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы выдаўцы маюць унікальную магчымасць знайсці свайго чытача”.

Міністр інфармацыі Алег ПРАЛЯСКОЎСКІ: “На XVII Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы выдаўцы маюць унікальную магчымасць знайсці свайго чытача”.

У павільёне “Белэкспа”
на вуліцы Янкі Купалы, 27 адкрылася XVII Мінская міжнародная выстава-кірмаш. Чырвоную стужку перарэзалі міністр інфармацыі Беларусі
Алег Праляскоўскі і пасол Францыі Мішэль Рэнэры.
Францыя гэтым разам — ганаровы госць выставы. Яе стэнд размясціўся насупраць расійскага. Гэта было даволі сімвалічна, бо дзве краіны з’яўляюцца крайнімі полюсамі Еўропы, заходнім і ўсходнім, паміж якімі размешчана Беларусь, што і выступіла літаратурнай аб’яднальніцай. Менавіта таму кірмаш кніг у нашай сталіцы сёлета асаблівы: гэта не толькі культурнае мерапрыемства, але акцыя агульнаеўрапейскага маштабу.
У Мінск з’ехаліся прадстаўнікі 619 выдавецтваў з 26 краін. Як адзначыў Алег Праляскоўскі, гэтымі днямі “кнігавыдаўцы і вытворцы кніг маюць унікальную магчымасць правесці перагаворы, заключыць дамовы, скласці супольныя планы на будучыню, але перш за ўсё — знайсці свайго чытача”. Міністр інфармацыі параўнаў выставу-кірмаш з кніжным караблём, які ад-
правіўся ў кругасветнае плаванне. Сапраўды, на гэты карабель сабраліся фаліянты з усіх куткоў планеты, нават з далёкай Венесуэлы.
А людзі збіраліся ля будынка выставачнага комплексу з самага ранку. Гэта, упэўнены старшыня Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец, сведчыць пра тое, што кніга ніколі не памрэ. Лідэр айчынных літаратараў заклікаў калег з іншых краін, якія прысутнічаюць на выставе, дамовіцца пра міжнацыянальныя кніжныя праекты. Між тым прыкладаў такога супрацоўніцтва ўжо цяпер нямала. Саюз пісьменнікаў Беларусі выдае творы майстроў пяра з Расіі, Украіны, Балгарыі.
Прычым кожная краіна сама ініцыюе супрацоўніцтва з суседняй і нават далёкай — і ў кніжнай справе, і ўвогуле ў сферы інфармацыі. Пасол Францыі выказаў асаблівую радасць з нагоды таго, што ў студзені ў Парыжы было падпісана беларуска-французскае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і СМІ. А ўчора на выставе была падпісана чарговая дамова — зацвер-
джаны план сумесных мерапрыемстваў Міністэрства інфармацыі Беларусі і Дзяржаўнага камітэта тэлебачання і радыёвяшчання Украіны па рэалізацыі Пагаднення па-
між урадамі дзвюх краін аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыі.
На выставе прывабіў стэнд Літвы. Дырэктар вільнюскага Інстытута навуковых і энцыклапедычных выданняў Рымантас Карацкас асабіста прад-
стаўляў і прадаваў найноўшы альбом з відамі Беларусі. Ён выйшаў у серыі “Вялікая Літва” і ілюструе помнікі архітэктуры Вялікага княства Літоўскага. Такі ж фаліянт дэманструе шэдэўры ўкраінскага дойлідства, а трэці том будзе прысвечаны ўласна Літве. Аказваецца, у нашай спадчыне многа агульнага. Аднак трэба сказаць, што аналагі такіх выданняў у нашай краіне створаны пакуль толькі ў віртуальнай прасторы — у Інтэрнэце.
А вось выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, як расказала загадчыца аддзела рэалізацыі і маркетынгу Алена Церабеж, праз месяц парадуе чытачоў трэцім томам энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае”. Даведнік планаваўся ў дзвюх кнігах, якія, дарэчы, вытрымалі два перавыданні, але матэрыялу назбіралася столькі, што нікуды не дзенешся — жыццё вымусіла выпускаць дадатковы том. Дарэчы, аналагаў такой энцыклапедыі няма, у сваю чаргу, у Літве.
Дзмітрый Макараў, генеральны дырэктар выдавецтва “Макбел”, здзівіў навінкай — даведнікам “Русские в Беларуси”. Алег Праляскоўскі, пагартаўшы кнігу, ацаніў яе грунтоўнасць і прапанаваў падрыхтаваць і надрукаваць аналагічнае даследаванне пра беларусаў у Расіі.
Дарэчы, расіяне прыехалі ў Мінск са свежымі навінкамі. Знаёмы твар на вокладцы кнігі, змешчанай на стэндзе маскоўскага выдавецтва “Время”: Рыгор Барадулін! Творы беларускага класіка выдадзены ў арыгінале і ў перакладзе на рускую мову літаральна днямі. На кнізе фігуруе 2010 год выдання.
Тым часам цяпер у Мінску знаходзіцца сучасны рускі пісьменнік Міхаіл Велер. Ён прызнаўся, што скончыў школу ў Магілёве і нават трохі ведае беларускую мову. Сустрэцца з жывым класікам рэальна гэтымі днямі на выставе-кірмашы, якая працуе да 14 лютага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter