Адзiная нацыя, адзiны народ

Святы бываюць розныя. Гэтае — Дзень Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь (Дзень Рэспублiкi) — стаiць асобна.

Святы бываюць розныя. Гэтае — Дзень Незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь (Дзень Рэспублiкi) — стаiць асобна.

Сёння ўвесь свет прыйшоў да разумення таго, што наша краiна не нейкiя выселкi Савецкага Саюза, не зборачны цэх на заходняй ваколiцы Масквы, а суверэнная, моцная дзяржава з усiмi атрыбутамi дзяржаўнасцi i нацыянальнай годнасцi.
I толькi таму, што ў нас у Беларусi ўсё да ладу.
Не трэба многа слоў. Дастаткова было пабываць на вулiцах сталiцы, iншых гарадоў нашай сiнявокай прыгажунi-краiны, паслухаць людзей, i нават iншаземцу стала б зразумела: — мы маем гонар i годнасць.
На гэты раз прыярытэт быў аддадзены культурным i спартыўным мерапрыемствам. Нiколi яшчэ не было такога, каб на Кастрычнiцкую плошчу выходзiла адразу аж каля сотнi тысяч мiнчукоў i гасцей горада. Танчылi i спявалi да дзвюх гадзiн ночы. З народам увесь час быў i Прэзiдэнт.
— Мне прыемна, што ў мерапрыемствах па святкаванню Дня Рэспублiкi ўдзельнiчае столькi людзей, — не хавае свайго захаплення ветэран вайны Аляксей Сямёнавiч Князеў. — Гэта сведчыць аб тым, што мы, беларусы, i ўсе грамадзяне краiны — адзiная нацыя, адзiны народ. Iнтарэсы ў нас таксама адзiныя. Сёння ў краiне не знойдзеш чалавека, якi б сказаў, што ён не мае апоры пад нагамi. Кожны сацыяльна абаронены, i ёсць падстава сцвярджаць, што мы адзiная нацыя. Што ў нас краiна для людзей, а не людзi для краiны.
Еднасць душ прадэманстравана ўжо тым, што на святочныя мерапрыемствы ў Беларусi выйшла больш за 2 мiльёны чалавек. Толькi ў Мiнску 3 лiпеня на гарадскiм шпацыры было каля 700 тысяч нашых суайчыннiкаў. А на вячэрнiм канцэрце прысутнiчала амаль 350 тысяч гледачоў.
Паглядзець было на што. Прозвiшчы толькi Гнацюка цi Баскава чаго вартыя. А яшчэ ж было i сузор’е беларускiх выканаўцаў, пералiк iмён якiх заняў бы старонку газетнай плошчы.
— Мне даводзiцца часцяком бываць за мяжой, — дзелiцца ўражаннямi магiляўчанiн Вiктар Рогаўцаў. — I чым болей удзельнiчаю ў такiх мерапрыемствах, як сёння, тым больш задумваюся над просценькай аксiёмай — якiя ж мы, беларусы, з’яднаныя. У паразуменнi, у павазе адзiн да аднаго i ў шчырасцi адносiн. Хто б што нi рабiў, а ўсё для росквiту нацыi. Галоўнае, кiраўнiцтва краiны дбае пра гэта. Народ такiя праграмы падтрымлiвае. I як, скажыце, не ганарыцца такой дзяржавай, такiм народам, часцiнкай якой з’яўляешся i сам.
— Мяне ўражвае тое, што Беларусь i яе сiмвалы ўсё больш падабаюцца маiм аднагодкам, — гаворыць 17-гадовая Марыя Майбiна з Магiлёўшчыны. — Усё для нас, маладых, робiцца правiльна. Хочаш — працуй, хочаш — вучыся, хочаш — iдзi ў бiзнесмены. Абы таленту стала. А ён, як ёсць, праявiцца. Для таго маюцца ўсе прадпасылкi. I сёння я ганаруся, што Беларусь — краiна незалежная. Са сваiм iмiджам. Яшчэ больш прыемна тое, што моладзь наша правiльна ўспрымае дзяржаўную палiтыку. Ёй не да рэвалюцый. Мы хочам i будзем тварыць.
— Минск — город моей мечты, — з захапленнем гаворыць жыхар расiйскага горада Нiжняя Тура Iван Сядункоў. — От пребывания здесь — просто в восторге. Доброжелательные люди. Всюду чистота и порядок. Эх, так бы и в России...
Увогуле, усе мерапрыемствы былi арганiзаваны шыкоўна. Каб не быць галаслоўным, спашлюся на госця нашай сталiцы гiравiка-экстрэмала з Украiны Давiда Клёнава.
— Я ўлюбёны ў Беларусь, — сказаў атлет. — Другi раз удзельнiчаю ў свяце, а здаецца, што з Мiнскам знаёмы вечна. Чым ваша сталiца западае ў душу? Перш за ўсё шчырасцю i спакоем людзей. Iдзеш, напрыклад, па Кiеву — а мне ж неабыякава, як выглядаюць i пра што думаюць суайчыннiкi, — i бачыш нейкую незадаволенасць, а то i злосць у вачах. У беларусаў — светлыя вочы. Няма раздражнення. Можа, у каго нешта i не ладзiцца, але на ўсiх той нялад не распаўсюджваецца. Я еду дадому з пачуццём уласнай годнасцi, бо спасцiг у свае амаль шэсцьдзесят вялiкую жыццёвую мудрасць: трэба жыць для сябе i свайго народа. А гэтаму вучыцца нiколi не позна. Асаблiва ў братоў-славян. Крышку цярпення, i ваш вопыт, у тым лiку i арганiзацыйны, вельмi прыйдзецца да месца i ў нас.
Але то думка iншаземца. Свае гавораць яшчэ лепш. Таму што яны дома, у свай краiне, дзе “працуецца i дыхаецца лягчэй”.
— Каб жа Бог даў як мага больш гадкоў, — шчыруе ветэран Вялiкай Айчыннай вайны, адзiн з удзельнiкаў першага выпрабавання ядзернай зброi Васiль Антонавiч Гоцман. — Раней адчуваў сябе нейкiм вiнцiкам у сiстэме. А зараз слёзы на вачах — мы, ветэраны, хiба што не рухавiк дзяржавы. Нiхто нi да чаго не прымушае, але кожнае слова бывае пачутым. Нават у дробязных маiх паўсядзённых клопатах.
Такiх гераiчных людзей, як Васiль Антонавiч, у святочных калонах сотнi. Iншым разам прайсцi па праспекце Незалежнасцi ад Кастрычнiцкай плошчы да плошчы Перамогi не хапiла б моцы. А сёння яны, узнёсла-радасныя, “праляцелi некалькi соцень метраў за шчасце”. Так ахарактарызаваў стан сваёй душы Павел Iванавiч Святчанка, якi працуе на грамадскiх пачатках у савеце ветэранаў Партызанскага раёна сталiцы. Ён жа прасiў на старонках нашай газеты падзякаваць уладам за тую падтрымку, якую атрымлiваюць ветэраны сёння.
Цiкавая рэч. Здавалася б, ветэранам патрэбны пiльны догляд. Аднак многiя з iх руплiвыя, няўрымслiвыя, не сядзяць склаўшы рукi. Нiне Iгнатаўне Ус шмат гадоў. А яшчэ i рухавая, i iмклiвая. I ў роднае Магiльнае Уздзенскага раёна “махане”, i сяброў сваiх ваенных не прамiне наведаць. Сацыяльным работнiкам працуе. I з задавальненнем. А ў святочнай калоне — побач з Прэзiдэнтам. Як кажа, пачуццяў не перадаць.
Свята гэтым годам мела галоўную накiраванасць — спартыўную. Гэтую акрэсленасць задаў сам Прэзiдэнт. Ён не проста выйшаў у народ, а разам з народам спаборнiчаў.
— Якiм жа трэба быць фiзiчна моцным, каб на лыжаролерах тры кiламетры на хуткасць прабегчы, — адводзячы дыханне, гаворыць алiмпiйскi чэмпiён па бiятлону Аляксандр Папоў. — Здаецца, i не слабак, а добра прытамiўся.
На старт той мiжнароднай эстафеты выйшла больш за дзесяць каманд. Народ перажываў за дружыну Прэзiдэнта. I не падвялi ж яны. Нават КДБ i “Дынама” недзе “згубiлiся” на дыстанцыi. Хаця выступiлi вельмi прыстойна. Ды хiба ж за першым месцам бегалi? За здароўем! За прыкладам для тысяч гледачоў, палова з якiх як мiнiмум заўтра стане на канькi, лыжы альбо выйдзе на лёгкаатлетычную трасу. Для сябе.
Прызнаюся, i сам адважыўся на прабежку. Махнуў аж 10 кiламетраў. Затое колькi ўражанняў! За гэты час паспеў перамовiцца i з 83-гадовым Паўлам Трафiмавiчам Сiрэнка, з малалетнiмi вязнямi фашызму Iванам Дзям’янавiчам Кудраўцавым i Эдуардам Адамавiчам Макарэвiчам. Яны, дарэчы, здорава бегаюць. На зайздрасць маладым.
У самiм жа марафоне ўдзел прынялi каля 800 удзельнiкаў з шасцi краiн. Склад быў даволi сур’ёзны. Але добра, што лепшым стаў беларус капiтан мiлiцыi з Магiлёва Юрый Петух.
— Марафон — гэта хобi, — гаворыць Аляксандр. — I не вельмi часта я ў iм удзельнiчаю. Але што тычыцца ўсебеларускага свята, то тут адгаворак быць не можа. У такiм сузор’i стаераў стаць першым — вялiкi гонар.
Яно так. 42 кiламетры 195 метраў — не жартачкi. Недзе ад Мiнска да Дзяржынска. I ўсяго за 2 гадзiны 23 хвiлiны. Мiж iншым, мiжнародны вынiк. Пры асаблiвых уласцiвасцях мiнскай трасы.
— Без марафону любая сталiца не сталiца, — сказаў адзiн з арганiзатараў спаборнiцтваў Аляксандр Кiзiл, на рахунку якога ўжо амаль сотня марафонаў. — Лондан, Парыж i ўсялякiя Лiхтэнштэйны маюць свой марафон. Мы вось ужо сёмы раз яго праводзiм. Папулярнасць расце. Ды i прызы нядрэнныя. I мiльён рублёў пераможцу, i каляровы “Вiцязь” (тэлевiзар) у прыдачу.
Захапляў старт калясачнiкаў. На звычайных, а не спартыўных калясках яны прадэманстравалi сiлу духу.
— Цяжкiя гэтыя 10 кiламетраў, — прызнаўся Юрый Васiльевiч Iўчанка. — Але ў такi дзень далiся яны неўпрыкмет. Мне ўжо 48 гадоў. Тым не менш, думаю, такiх мiнi-марафонаў пераадолею яшчэ многа. Вунь колькi сяброў i паплечнiкаў сёння з’ехалася ў Мiнск! I вельмi добра, што на дзяржаўным узроўнi нас падтрымлiваюць. Проста жыць пасля гэтага хочацца.
Тым часам на вулiцах, спартыўных пляцоўках, у парках i скверах разгорнуты iмправiзаваныя мiнi-стадыёны. Высвятляюць адносiны стрытбалiсты — каманд мноства, мiнi-футбалiсты — яшчэ больш. Побач, на акваторыi Свiслачы спаборнiчаюць грабцы.
Цэнтральны дзiцячы парк iмя Максiма Горкага — ледзь не цэнтр спартыўна-забаўляльных мерапрыемстваў. Асаблiвую цiкавасць выклiкала шоу-праграма “Гiравiкi”. На працягу чатырох гадзiн спартсмены з шасцi краiн — Грэцыi, Расii, Украiны, Латвii, Албанii i Беларусi — высвятлялi адносiны ў розных вiдах гiравога спорту.
А вянчала свята выступленне артыстаў эстрады. Кастрычнiцкая плошча была перапоўнена.
Людзi ў захапленнi.
Такое свята не забываецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter