Гала-канцэрт XII абласнога фэсту-конкурсу “Единство” прайшоў у Палацы культуры “Победа” гарадской акругі Самара

Адзінства, якое натхняе

Гала-канцэрт XII абласнога фэсту-конкурсу “Единство” прайшоў у Палацы культуры “Победа” гарадской акругі Самара


Фестываль, як вядома, заснаваны і праводзіцца Самарскай абласной грамадскай арганізацыяй беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Свята ўвасабляе даўнюю дружбу беларусаў і расіян, наша духоўнае сваяцтва. На гала-канцэрце лаўрэатаў фэсту ёсць і свае традыцыі, бачна і жаданне арганізатараў прыўнесці навізну ў сцэнічныя дзеі. Цікава назіраць за гэтым ростам! Фэст-конкурс дорыць новым удзельнікам радасць адкрыцця, потым — радасць пазнавання таго, што палюбілася раней. І — новыя адкрыцці штогод, бо бязмежныя энтузіязм і творчая фантазія стваральнікаў фэсту. А да свята далучаюцца ўсё новыя людзі, разнастайна таленавітыя. Часта на фэст-сцэне ўпершыню раскрываецца талент, каб потым свяціць ярчэй і ярчэй.


Фэст-конкурс “Единство” ладзіць самарская суполка “Руска-Беларускае Братэрства 2000”

Галоўная адметнасць фэсту сёлетняга — яго прысвячэнне 70-годдзю Вялікай Перамогі, агульнай для нашых народаў. Пра тое нагадала, адкрываючы гала-канцэрт, прэзідэнт “Руска-Беларускага Братэрства 2000” Ірына Глуская. Былі і іншыя згадкі пра суровыя выпрабаванні і подзвігі, што мацней паядналі нашы народы, у выступленнях паважаных асоб, у тым ліку з адміністрацыі губернатара Самарскай вобласці, мэрыі, абласнога Дома дружбы народаў, нацыянальна-культурных суполак. Удзельнікаў, гасцей і арганізатараў фэсту павіншавалі Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка і Дзяніс Цімохін, кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ў Уфе, якое курыруе Прыволжскую федэральную акругу, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Беларусі Міхаіл Рыбакоў. Ірына Глускага з радасцю адзначыла: фэст гуртуе ўдзельнікаў і гледачоў, робіць іх адзінай сям’ёй. І іншыя выступоўцы казалі, як важна традыцыі сяброўства перадаць юным. У тым залог мірнай будучыні народаў-братоў.

І вось на сцэне тыя, каму тую будучыню будаваць. Дзеці — светлыя, добрыя, таленавітыя. Побач з імі быццам глыбей успрымалася і мастацтва дарослых выканаўцаў. З самага пачатку настрой дабрыні, сардэчнасці злучае залу і выступоўцаў. На фэсце хораша гаварылі пра пачуццё радзімы, крэўную повязь са сваім родам, народам, яго гісторыяй, і што трэба памятаць, як жылі, чым праславілі сябе нашы продкі.

Адкрыла канцэрт Лізавета Глу­бінец (педагог Іна Сухачэўская): верш “Единство” прачытала яна з юнай шчырасцю, але глыбока і моцна. І гэта быў своеасаблівы мастацкі, эмацыйны камертон для іншых. Па-рознаму цікавыя былі выступленні Арыны Камісаравай, Анастасіі Гуркінай, Кацярыны Міхайлавай, Марыны Кірылавай, Данілы Аблыгіна (усе — таксама выхаванцы Іны Ігараўна з Цэнтра пазашкольнай адукацыі “Творчество”), а таксама Паліны Ягоравай (педагог Наталля Ганчарова). Гучалі фальклорныя песні, кампазіцыі, прысвечаныя памяці пра вайну. Насця Бындава (педагог Святлана Барсукова) здолела праспяваць “Хотят ли руские войны?” з кранальнай дзіцячай шчырасцю і чыстай, сур’ёзнай упэўненасцю. А Ксюша Плятнёва, выхаванка ЦПА “Творчество”, адна з самых юных удзельніц канцэрта, спявала “Катюшу” разам з вакалісткамі вядомага гурта “Каданс”. Атрымалася вельмі арганічна, эмацыйна ярка.


Удзельнікі фэсту

І быў яшчэ “Вянок” з песень і танцаў, прысвечаных Перамозе — найважнейшая і адказная частка канцэрту. Усе выканаўцы розных узростаў здолелі “пражыць” свае нумары з поўнай душэўнай аддачай, жывымі пачуццямі. Гучала фартэпіянная версія “На безымянной высоте” ў выкананні юнай Соф’і Беланогавай (ЦПА “Творчество”), незвычайна кранальныя творы “Брестский трубач” (хор “Соловушка” са 101-й школы), “Песня наших отцов” (вакальна-інструментальны ансамбль “Весёлые нотки” 20-й дзіцячай музычнай школы). І былі лёгкія, з вуаллю смутку і шчасця танцы “Вальс Победы” (ансамбль народнага танца “Вдохновение” 36-й школы, кіраўнік Маргарыта Варанецкая), “Ах, эти тучи в голубом” (харэаграфічны гурт “Виктория” ЦПА “Творчество”). Песню “Смуглянка” малады спявак Аляксандр Марухаў з Самарскага абласнога вучылішча культуры і мастацтваў праспяваў так, быццам яна толькі што нарадзілася ў яго душы і люструе складаны, багаты ўнутраны свет. Спявалі артысты і пра каштоўнасці мірнага жыцця: кампазіцыі “Доброта” ў выкананні хору “Мечта” 101-й школы, “Должны смеяться дети” (ансамбль “Очарование” ЦПА “Творчество”).

Як заўсёды, былі прадстаўлены на фэсце і фальклорныя традыцыі братніх славянскіх народаў. Тэмпераментам і яркасцю фарбаў парадаваў фальклорны гурт “Весёлки” 7-й дзіцячай музычнай школы. Узорны харэаграфічны гурт “Диво” ЦПА “Поиск” паказаў веданне аўтэнтычных традыцый, з добрым густам ды на сучаснай мастацкай мове прадставіў іх гледачам. Стылізацыю на тэму беларускіх харэаграфічных традыцый паказаў ансамбль “Сюрприз” са 101-й школы.

І вось — урачыстае ўшанаванне ўдзельнікаў фэсту. Адзначылі і таленавітых выкладчыкаў, якія рыхтавалі выхаванцаў да ўдзелу ў ім. Асабліва пастаралася Іна Ігараўна Сухачэўская, яна ж і вядучая гала-канцэрта: яе вучні прадставілі дзясяткі нумароў фестывальнай праграмы. Затым былі ўручаны ўзнагароды артыстам. Гран-пры фэсту сёлета — у Веранікі Кузняцовай, вучаніцы Іны Сухачэўскай: на гала-канцэрце дзяўчына спявала песню “Баллада о матери”.

 На заканчэнне — яшчэ прыемная навіна. Адну з песень праграмы гурт “Каданс” прысвяціў Ірыне Глускай — гэта было віншаванне яе з атрыманнем Губернскай прэміі ў галіне культуры і мастацтва за 2014 год. Ірына Міхайлаўна атрымала прэстыжную ўзнагароду за пашырэнне беларускай і рускай культуры ў Самарскай вобласці.

Наталля Харытонава, г. Самара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter