«Адзінокі востраў»

«Адзінокі востраў» пазмагаецца на Маскоўскiм кінафестывалi

«Адзінокі востраў» прадставяць удзельнікам Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю

У конкурсную праграму 34-га Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю, які пройдзе з 21-га па 30 чэрвеня, уключаны сумесны беларуска-латвійска-эстонскі фільм «Адзінокі востраў», паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб.

Нагадаем, «Адзінокі востраў» — першая сёлетняя прэм’ера Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». На экран стужка выйшла на пачатку вясны. Зняў карціну з бюджэтам больш за 1,2 млн. еўра вядомы эстонскі рэжысёр Пеэтэр Сім. У адрозненне ад ранейшых міжнародных праектаў, дзе ўдзел «Беларусьфільма» вызначаўся, як правіла, прадастаўленнем сваёй вытворчай базы для замежных, у асноўным расійскіх кінагруп і з’яўленнем на экране «другім планам» беларускіх акцёраў, «Адзінокі востраў» мае важкі творчы і матэрыяльны беларускі складальнік. Палова карціны здымалася ў Беларусі, большая частка здымачнай групы — прадстаўнікі «Беларусь-фільма», сярод якіх мастак-пастаноўшчык Аляксандр Халадцоў, аператар-пастаноўшчык Вадзім Пацееў. Акцёрскі склад — інтэрнацыянальны, але таксама пераважна беларускі: Валерыя Арланава, Вераніка Пляшкевіч, Святлана Зелянкоўская, Барыс Палунін, Уладзіслаў Жураўлёў, Ігар Сігаў, Вольга Водчыц і інш. Дарэчы, і аўтар сцэнарыя фільма Міхкель Ульман — ураджэнец Беларусі, які пераехаў у Эстонію, на радзіму продкаў.

У фільме «Адзінокі востраў» многа сюжэтных ліній. Прафесар літаратуры не можа знайсці агульнай мовы з сынам, машыністам цеплавоза (дарэчы, у гэтых ролях зняліся эстонскія акцёры — вядомы яшчэ па савецкаму кіно Лембіт Ульфсак і яго сын Юхан). Цяжка складваюцца адносіны маладой настаўніцы і старшакласніка — сына эстонскага таксіста і сцюардэсы-беларускі. Двое сяброў, былых саслужыўцаў-маракоў, закаханыя ў адну і тую ж жанчыну, і ўсе ўтраіх не могуць шмат гадоў знайсці выйсце з гэтага любоўнага трохкутніка. Прыватнае жыццё людзей у вялікім горадзе утойвае мноства загадак...

На Маскоўскім міжнародным кінафестывалі «Адзі-нокі востраў» пакажуць у асноўнай конкурснай праграме 25 чэрвеня. Варта адзначыць, што на гэтым форуме ў апошні раз у падобным статусе карціна «Беларусьфільма» з’яўлялася больш за чвэрць стагоддзя таму — у 1985-м. Гэта была кінастужка Элема Клімава «Ідзі і глядзі», якая атрымала тады ўсе галоўныя прызы кінафоруму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter